Штодня ў Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя суды і затрыманні. «Белсат» працягвае за імі сачыць.
11 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай. Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Латвіі Юрыйса Ганінса, лесніка Вітольда Шалкевіча, а таксама былых сілавікоў з Жодзіна Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошку, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага, якія ў жніўні 2020-га запісалі моцны зварот да сілавікоў».
Стала вядома, што сілавікі наведаліся да родных журналіста Руселіка і актывісткі Касінеравай.
Як паведаміў у Фэйсбуку Валер Руселік, увечары 9 красавіка да ягонай маці прыйшлі два чалавекі ў цывільным. Адбылося гэта ў той жа дзень, калі афіцыйна паведамілі пра вяртанне журналіста на працу на тэлеканале «Белсат».
«Зноў пыталіся пра мяне: дзе я жыву, ці збіраюся вяртацца, ці кантактуе са мной маці і г.д. З новага – ці ёсьць у мяне татуаж ці шнары, а таксама які ў мяне рост. Зноў перапісалі звесткі маіх блізкіх сваякоў», – расказаў ён у Фэйсбуку.
Гэты інцыдэнт з вяртаннем на «Белсат» ён ня звязвае, бо сілавікі прыходзяць да ягонай маці ўжо шмат гадоў – і падчас ягонай працы на «Белсаце», і калі ён там не працаваў.
«Толькі сёлета яны прыходзілі некалькі разоў. Чапляюцца і да іншых маіх блізкіх», – напісаў ён.
Паводле прадстаўніцы ініцыятывы dissidentby, праваабаронцы Марыны Касінеравай, па яе сілавікі прыйшлі зноўку, каб паведаміць пра завядзенне супраць яе крымінальнай справы. Актывістка адзначыла, што на адрас яе рэгістрацыі ў Беларусі, дзе яна не жыве больш за 13 гадоў, сілавікі прыходзілі ўжо шмат разоў.
«Пацаны з бабруйскага крымінальнага вышуку, я разумею, што вы хочаце паведаміць мне асабіста пра крыміналку, але можаце проста напісаць у тэлеграм. Да мяне па прапісцы (дзе я не жыву ўжо больш за 13 гадоў) ходзяць як на працу, нават у непрацоўны час (уначы, калі людзі спяць), каб спытаць, ці сапраўды я не ў Беларусі і калі прыеду. Вось зноў прыходзілі ўчора, да гэтага – у снежні ажно два разы, а да таго ў студзені КДБ прыйшлі з ператрусам за подпісам генпракурора Шведа, маму павезлі на допыт, забралі 35 еўра і дагэтуль не вярнулі, бо ідзе следства», – напісала яна ў Фэйсбуку.

Стала вядома, што Андрэя Урублеўскага асудзілі па чатырох палітычных артыкулах. Вядома, што яму 53 гады і родам ён з Асіповічаў. Апошнія часы мужчына жыў у Менску і працаваў аўтаслесарам на адным са сталічных СТА. Любіць велатурызм і падарожжы, а таксама актыўны адпачынак. Па звестках «Нашай Нівы», яго абвінавачвалі па чатырох артыкулах – «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 369 КК), «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Нядаўна яго прызналі «тэрарыстам».
«Экстрэмісцкім» прызналі сайт адукацыйнай платформы «Васьміног», як і Facebook-старонку платформы.
Праграма «Васьміног накіраваная на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай навучальнай анлайн-платформы для транспамежнай беларускаарыентаванай адукацыі і працу некалькіх каманд даследчыкаў.
Таксама ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:
• Telegram-канал «Mengele conf»;
• Старонка ў Instagram «tatiana.04.04_fotograf»;
• Сацсеткі медыя «adu.placе»;
• Старонка ва «Вконтакте» «Bielaruski Nastup»;
• Facebook-старонкі «BGmedia», «Belarus News Headlines»;
• TikTok-старонкі «belarusupdatehub», «svaboda_news», «Сябр», «dorogavaad», «volnaya.belarus», «Lizaveta».
Беларускія сілавікі заявілі, што былы палітзняволены Мацвей Бяляй быў прымусова дэпартаваны з Літвы і нібыта перададзены «прама ў рукі беларускіх сілавікоў». Такая інфармацыя з’явілася 11 красавіка ў Telegram-каналах, звязаных з ГУБАЗіКам. У якасці доказу быў апублікаваны здымак Бяляя за кратамі з подпісам, што ён «перадае прывітанне з Радзімы літоўскім сілавікам». Афіцыйнага пацверджання з боку Літвы пакуль няма.
Надзея Вольная belsat.eu