Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава адправілася з Лондану на Шры-Ланку з дзецьмі, а з Шры-Ланкі вылецела далей. Пра гэта распавёў у эфіры «Белсату» Цімур Алеўскі, суаўтар расследавання пра Мельнікаву, якое выйшла ў польскім часопісе «Polityka». Ён таксама анансаваў працяг расследавання.
Суаўтар расследавання часопісу «Polityka», шэф-рэдактар «The Insider» Цімур Алеўскі расказаў «Белсату», што расследаванне працягваецца і ў хуткім часе выйдзе яго другая частка.
,,«Больш поўная, з расказам пра перамяшчэнне Анжалікі Мельнікавай з Варшавы туды, дзе яна цяпер знаходзіцца. Мы думаем, што мы з вялікай доляй упэўненасці ведаем дзе. Яна перамяшчаецца, па-першае. Па-другое, мы, на жаль, не разумеем дасюль матывы яе ўчынкаў. Сёння гэта асноўнае пытанне», – сказаў Алеўскі.
Пакуль ён асцерагаецца казаць, дзе можа быць Мельнікава, бо гэта можа вельмі моцна паўплываць на ейны лёс. Журналіст дадае, што станам на 7 траўня вядома больш, чым калі тэкст аддавалі ў друк 3 траўня.
«Мы ведалі, што яна вылецела з Лондану на Шры-Ланку. Затым яна далей лятала. Яна была з дзецьмі. Далей нічога расказваць не магу, бо гэта пытанне і яе асабістай бяспекі, і паспяховага заканчэння расследавання», – дадае Алеўскі.
Паводле расследавання «Polityka», Анжаліка Мельнікава з Лондану паляцела на Шры-Ланку. Выданне спасылаецца на дзве незалежныя адна ад адной крыніцы. «Polityka» піша, што гэта быў не першы візіт Мельнікавай на Шры-Ланку: маўляў, там яна праводзіла час у кампаніі спартоўца з Беларусі. Са спасылкай на сяброўку Мельнікавай, якая пажадала застацца ананімнай, паведамляецца, што Мельнікава казала, што закаханая ў яго, паказвала фота і заручальны пярсцёнак.
«Polityka» вылучае версію, што невядомы беларус мог быць агентам КДБ, які вывез Анжаліку са Шры-Ланкі ў Беларусь. Што да грашовага пытання, у артыкуле фігуруе сума 118 тысяч еўраў, якая нібыта была знятая з рахунку фонду, якім кіравала Мельнікава.
Раней падобную версію знікнення Мельнікавай апісваў кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў. Але, паводле яго, Мельнікава магла паляцець адпачываць на Кубу, дзе была раней, а там яе затрымалі і перадалі ў Беларусь.
Пасля публікацыі расследавання «Polityka» Азараў сказаў «Белсату», што нічога не чуў пра Шры-Ланку, але на Кубе Мельнікава дакладна была.
,,«Давала мне цыгару кубінскую пакурыць і абмяркоўвала Кубу з Уладзімірам Астапенкам, які быў там амбасадарам, яны абменьваліся ўражаннямі, – сказаў Азараў. – Тое, што яна шмат вандравала і магла ездзіць на Шры-Ланку, – гэта магчыма, але пра Кубу ім [журналістам-расследавальнікам] крыніцы не паведамілі».
Суразмоўца адзначыў, што версія пра спартоўца, які мог быць супрацоўнікам спецслужбаў і вывезці Мельнікаву ў Беларусь, цалкам магчымая.
,,«Яна дзяўчына вольная, калі верыць інфармацыі, што яна развялася. Была актывістка, на сувязь з якой выйшаў супрацоўнік органаў, завёў з ёй раман, яна вярнулася ў Беларусь, атрымала вялікі тэрмін. Метады такія ёсць, калі спецслужбы ўваходзяць у блізкі кантакт. Такім чынам можна завербаваць чалавека ці вымусіць яго вярнуцца», – сказаў Азараў.
Падобная гісторыя адбылася з Аляксандрай Каско. Як сцвярджалі сілавікі, яна год камунікавала з супрацоўнікам ГУБАЗіКу, а пасля вярнулася ў Беларусь і была пакараная 10 гадамі зняволення.
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года, паляцела ў Лондан. Пасля гэтага кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, але не праз асабістыя сустрэчы: казала, што хварэе. 25 сакавіка перастала выходзіць на сувязь. 13 сакавіка ейны тэлефон выкарыстоўвалі для доступу да файлаў Каардынацыйнай рады з беларускага IP-адрасу – імаверна, тэлефон быў на тэрыторыі Беларусі. Таксама чалавек, які ў размове з журналістамі назваўся ейным мужам, паведаміў, што дзве непаўналетнія дачкі Мельнікавай знаходзяцца ў Беларусі. У Польшчы трывае расследаванне ейнага знікнення, падазраюць незаконнае пазбаўленне волі.
Алесь Залеўскі, Вітаўт Сіўчык, Арсен Рудэнка belsat.eu