Аналітыка

«Пачынаецца драма». Долар у Беларусі патаннеў з пачатку года на 13,5 %

img
Пункт абмену валюты. Менск, Беларусь. Верасень 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Долар намацвае дно і прымушае хвалявацца беларусаў, якія прызвычаіліся захоўваць ашчаджэнні ў валюце. Паводле Нацбанку, з пачатку года амерыканскія грошы патаннелі ў Беларусі на 13,5 %, і эканаміст Ігар Ліпсіц мяркуе, што гэта яшчэ не канец.

Паводле курсу Нацбанку, сёння долар каштуе 3,0062 рубля, на Беларускай валютна-фондавай біржы – крыху даражэй. Падчас гандляванняў курс амерыканскай валюты падрос да 3,0223 рубля.


Як бы там ні было, цяпер долар у Беларусі на мінімуме за два гады. І, падобна, дно яшчэ не прабітае.


«Пачынаецца драма міжнароднага маштабу, таму што для Доналда Трампа галоўная задача – абрынуць долар, зрабіць дэвальвацыю долара», – сказаў у эфіры «Обычного утра» расейскі эканаміст Ігар Ліпсіц.


Ён растлумачыў, што такім чынам прэзідэнт ЗША намагаецца развязаць праблему замежнага гандлю краіны:

,,

«Долар дэвальвуецца, адпаведна, амерыканскія тавары ў іншых краінах становяцца больш таннымі і больш канкурэнтаздольнымі, іх можна прадаваць болей, гандлёвы баланс ЗША выпраўляецца, бо ўсе купляюць танныя амерыканскія, а не танныя кітайскія тавары».


Паводле адмыслоўцы, «тыя, хто трымаюць ашчаджэнні ў доларах, трапілі ў зону бяды, бо іхныя грошы могуць абясцэніцца». З іншага боку, астатнія краіны, мякка кажучы, не пляскаюць у ладкі з увагі на падзенне долара. Ліпсіц не выключае «дэвальвацыйнай гонкі»:


«Нас чакае такая непрыемныя паласа, вы яе ўбачыце. Мы такія гісторыі ведаем. Цяпер будзе гонка дэвальвацыяў, хто хутчэй за ўсіх сваю валюту дэвальвуе».


Праз моцную залежнасць ад Расеі курс валютаў у Беларусі збольшага залежыць ад расейскага рубля. І ў нашых усходніх суседзяў існуюць падставы, каб таксама дэвальваваць сваю валюту, таму што ў іхным бюджэце закладзеныя пэўныя цэны на нафту і пэўны курс долара. Калі будзе танная і сыравіна, і амерыканская валюта, у Расеі ўзнікнуць праблемы з грашыма.


Такім чынам, калі наш галоўны эканамічны партнёр пачне «тапіць» свой рубель, то следам рушыць і наш. Адпаведна, долар у Беларусі можа яшчэ падаражэць.


Пакуль жа ён таннее. З пачатку года ягоны курс упаў на 13,5 %. Еўра патаннеў на 5,8 %, а расейскі рубель падаражэў на 9,9 %.


На гэтым фоне беларусы ў красавіку купілі валюты на $ 995,5 млн, а прадалі – на $ 1,184 млрд. Розніца склала $ 188,9 млн.


Агулам за чатыры месяцы года фізічныя асобы здалі валюты на $ 4,197 млрд, што на 10 % болей, чым за такі ж перыяд летась. Пры гэтым купля вырасла на 14,2 % год да года і склала $ 3,959 млрд.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10