Меркаваннi

Ці даляцяць еўрапейскія лідары да Масквы?

Мужчына фатаграфуе плакат з фатаграфіяй савецкага афіцэра падчас Другой сусветнай вайны напярэдадні Дня Перамогі.
Мужчына фатаграфуе плакат з фатаграфіяй савецкага афіцэра падчас Другой сусветнай вайны напярэдадні Дня Перамогі. Масква, Расея. 6 траўня 2025 года. Фота: Pavel Bednyakov / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Эстонія закрыла сваю паветраную прастору для летакоў, якія накіроўваюцца праз яе на парад 9 траўня ў Маскве. Міністр замежных справаў Эстоніі патлумачыў гэта тым, што краіна не будзе падтрымліваць правядзенне параду. СМІ таксама пішуць пра аналагічныя забароны з боку Латвіі і Літвы, але афіцыйных каментароў ад гэтых краін пакуль няма. Перад нашымі вачыма адбываецца новая бітва падчас вечнай вайны паміж дэмакратыямі і несвабоднымі рэжымамі. 

Імаверна, гэтую канкрэтную бітву аўтарытарная Расія прайграе, але што будзе з усёй вайной? Вось наколькі мне агідная ідэя пра парад у Маскве, настолькі ж мяне пужае, што дэмакратычныя і прававыя дзяржавы могуць так лёгка маніпуляваць правам. Паводле сербскіх журналістаў, Латвія тлумачыць забарону «палітычнай адчувальнасцю палёту», а Літва – «тэхнічнай і дыпламатычнай адчувальнасцю». Абедзьве фармулёўкі гучаць дужа абстрактна і з дыпламатычнага на беларускую перакладаюцца як «бо мы так сказалі». 


Я не прапаноўваю ў гэтай сітуацыі разважаць пра гіпатэтычныя межы добрага і злога. Але важна прагаварыць, што з намі ўжо адбываецца ў рэальнасці. Не як далёка дэмакратыі могуць адыходзіць ад сваіх ідэалаў у барацьбе з дыктатурамі, а як далёка яны ўжо зайшлі. І як нам з гэтым усім цяпер жыць і чаго яшчэ чакаць. 


А знаходзімся мы вось у якой кропцы: Польшча, Літва і Латвія ўжо змянілі правілы, хто, дзе і як можа запытваць статус уцекача, і практыкуюць так званыя пушбэкі на мяжы. Латвія ўжо выйшла з Атаўскай канвенцыі і рыхтуецца арганізоўваць мінныя палі з супрацьпяхотнымі мінамі, а Літва, Польша, і Эстонія збіраюцца зрабіць тое ж самае. Таксама пра адмену забароны на супрацьпяхотныя міны думае і Фінляндыя. Гэтыя ж краіны ўжо ўвялі разнастайныя абмежаванні для грамадзян Расіі і Беларусі. Зрэшты, яны ў цэлым глядзяць на нас не як на яшчэ адніх ахвяр расійскай палітыкі, а як на яе памагатых. 

Расейскія вайскоўцы ідуць маршам да Чырвонай плошчы падчас генеральнай рэпетыцыі вайсковага параду да Дня Перамогі ў цэнтры Масквы, Расея. 7 траўня 2025 года. Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News
Расейскія вайскоўцы ідуць маршам да Чырвонай плошчы падчас генеральнай рэпетыцыі вайсковага параду да Дня Перамогі ў цэнтры Масквы, Расея. 7 траўня 2025 года. Фота: Kirill Kudryavtsev / AFP / East News

Часам чыноўнікі быццам не ў курсе, што мы ўвогуле асобная краіна і прапаноўваюць дыскрымінацыйныя рашэнні адносна беларусак і беларусаў, абапіраючыся на звесткі пра Расію. Так, напрыклад, у Латвіі прадстаўніца міністэрства юстыцыі Лаўма Паэглькална заявіла ў інтэрв’ю «Настоящее время. Балтия», што Беларусь выкарыстоўвае сваіх грамадзян як інструмент, каб ажыццяўляць «палітыку суайчыннікаў». І пляваць, што «палітыка суайчыннікаў» – гэта выключна расійскі інструмент, які выкарыстоўваецца і супраць саміх беларусак і беларусаў. Адных толькі рускіх дамоў у Беларусі ўжо пяць! 


Але вярнуся да летакоў, якім не дазваляюць праляцець над краінамі Балтыі на шляху да Расіі. Як на мой густ, гэтага параду там быць увогуле не павінна, ніякай федэрацыі існаваць не павінна, і ўсёй Расіі цяпер час толькі каяцца, а не святкаваць і радавацца, як яны могуць паўтарыць і паўтараюць вайну, самі ператварыўшыся ў нацыстаў. Гэта ўжо, здаецца, нешта накшталт прапісных ісцін. Але што я адчуваю, калі краіна, якая дала мне прытулак і ў якую я ўцякла ад беззаконня, пачынае выкарыстоўваць дужа абстрактныя фармулёўкі, каб забараніць камусьці ляцець над ёй у Расію? Я адчуваю найперш страх, бо шмат разоў бачыла, як лёгка такія вольныя інтэрпрэтацыі права пераўтвараюцца ў небяспечныя злоўжыванні ўладай. Ды што там, кожны і кожная з вас, людзей, якія чытаюць гэты тэкст, могуць без падрыхтоўкі назваць прыклады з уласнага беларускага досведу. 


Кажуць, што каб перамагчы дракона, трэба самім стаць драконам. Але ці здолеем мы так перамагчы? І што атрымаем у выніку? Здаецца, у мяне няма адказаў на гэтыя пытанні, альбо я проста баюся сабе прызнацца, што мы ляцім у бездань, маштабы якой нават не ўяўляем. І, што найгорш, наўрад ці ў нас ёсць нейкая ўцямная альтэрнатыва, бо дракона ўсё ж трэба спрабаваць перамагчы. 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10