Спецслужбы Аляксандра Лукашэнкі правялі на мяжы з Польшчай дзіўную спецаперацыю, нібыта затрымаўшы мікрааўтобус з «найбуйнейшай у гісторыі Беларусі» партыяй выбухоўкі. Паведамленні пра знаходку на мяжы беларуская прапаганда распаўсюдзіла за дзень да візіту ў Маскву прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына, які меўся абмеркаваць умовы даставы расейскай нафты на беларускія заводы. Што гэта было: інсцэнізацыя КДБ? Ці паверылі гэтаму ў Маскве? Пра гэта ў праграме «ПраСвет» разважаюць гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман і журналіст Зміцер Міцкевіч.
Сяргей Пеляса: Што гэта было? У мяне ўражанне, што Лукашэнка спрабуе падмануць Пуціна. Ці можа Лукашэнка падманваць свайго партнёра ў Маскве? Прапаганда Лукашэнкі хваліцца, што Пуцін яму падзякаваў, але Крэмль не дзякуе за гэтую гісторыю. Як вы гэта бачыце, ці можа Масква купіць такую танную інсцэнізацыю?
Аляксандр Фрыдман: Мне падаецца, у Менску і Маскве задаюцца не пытаннем, ці там нешта было, а хутчэй як гэта можна выкарыстаць. Лукашэнкаўскі бок выкарыстоўвае гэта адпаведным чынам. Яны робяць з гэтага вялікую антыпольскую кампанію і паказваюць, якія яны важныя для Расеі. Усе публічныя беларускія спікеры, якія ўдзельнічаюць у розных расейскіх прапагандысцкіх эфірах, гучна згадвалі гэтую тэму, каб яна набыла яшчэ большую палітычную вагу, каб атрымаць з гэтага карысць. Лукашэнку падабаецца падкрэсліваць уласную вагу.
Што да Расеі, для іх пытанне, як гэта можна выкарыстаць. Пакуль яны не бачаць, як гэта можна цяпер выкарыстаць.
,,Потым, калі трэба будзе нейкі дадатковы аргумент у перамовах з амерыканцамі, магчыма, наконт Украіны, яны змогуць сказаць: глядзіце, яны рыхтавалі з дапамогай выбухоўкі, а мы з дапамогай беларусаў гэта перадухілілі. Пакуль Расея папросту назірае за Лукашэнкам. Калі Лукашэнку падабаецца гэтая гісторыя і ён яе так прасоўвае, хай прасоўвае. Нам што?
СП: Зміцер, да цябе пытанне. Былы працаўнік службы бяспекі Украіны Іван Ступак сказаў, што гэта п'еса ў адным акце. Толькі гэта нам паказалі, ніякага працягу няма, у Расеі ніякіх тэрарыстаў не затрымалі. Толькі Манько, які вёз выбухоўку. Ці плануюцца такія аперацыі? Яны ўзгадняюцца КДБ і ФСБ ці іншымі службамі Расеі? У мяне ўражанне, што спецслужбы Лукашэнкі водзяць расейцаў за нос. Яны самі гэта запланавалі, і для расейцаў гэта быў шок, таму няма працягу ў Расеі і няма затрыманых тэрарыстаў, якім мела быць дастаўленая гэтая выбухоўка? Або такія рэчы ўзгадняюцца, і расейцы ведаюць пра гэта, пасмейваюцца і думаюць, як гэта выкарыстаць?
Зміцер Міцкевіч: Тое, што ты згадаў, хутчэй сведчыць, што гэта самаволка Лукашэнкі. Паказаць, што мы нібыта ратуем Расею ад нейкай небяспекі. Сапраўды, ёсць цэлы шэраг аператыўных мерапрыемстваў, якія трэба зрабіць, паказаць хоць нейкую схему. Тут увогуле нічога не было. Чаму Іван Ступак пра гэта кажа? Бо для тых, хто знаёмы з працэдурамі дзейнасці дадзеных службаў, гэта выглядае смешна. Што за праца такая? Дзе адпрацоўванне далейшых кантактаў, дзе адпрацоўванне далейшай магчымасці перамяшчэння, дзе адпрацоўванне сеткі? Можа, лагічней было б гэтага чалавека не затрымліваць, а паглядзець, куды гэта даедзе, і там правесці аператыўныя мерапрыемствы. Тут цэлы шэраг магчымасцяў. Для спецыяльных службаў якраз дэманстрацыя такой рэчы ўплывае негатыўна на імідж. У гэтым праблема. Хутчэй гэта паказнік, што ім трэба было для прапаганды паказаць нейкую карцінку, а пра наступствы ніхто асабліва не задумваўся. Маўляў, хто будзе асабліва разбірацца, ці праводзілі мы аператыўныя мерапрыемствы, ці не.
Больш глядзіце ў нашым відэа: