У Менску з пачатку года пачалі выдаваць нумары з васьмёркаю для абазначэння рэгіёну. Неўзабаве ў інтэрнэце з'явіліся абвесткі продажу прыгожых нумароў за шалёныя грошы. «Белсат» пагутарыў праз тэлефон з прадаўцамі і ДАІ, каб даведацца падрабязнасці.
Нумары прадаюць з машынамі
Суразмоўцам мы называліся як патэнцыйныя пакупнікі нумароў для аўтаў. У адной з абвестак быў прапанаваны нумар «8888 ВЕ – 8» за 37,5 тысяч рублёў.
Кошт завоблачны, але прадавец распавёў «Белсату», што нумар ужо купілі. Ён дадаў, што разам са знакам прадавалася машына.

Яшчэ адзін мужчына прадае нібыта аўтамабіль. У абвестцы гаворыцца: «Прадам аўта з ТОПАВЫМ нумарам». Паказаная цана відавочна няправільная – 1 рубель. Нумар у абвестцы: «8888 BK – 8», а пра аўтамабіль ні слова – ні пра стан, ні пра мадэль.

У тэлефоннай размове мужчына таксама адзначае, што прадае аўтамабіль.
,,«А асобна ніхто нічога не прадае. Вы купляеце аўтамабіль, ідзяце ў ДАІ, афармляеце на сябе аўтамабіль, а далей вырашаеце», – кажа прадавец.
Цану ён прапануе абмеркаваць пры асабістай сустрэчы. Машыну называе «старэнькай» – «Mercedes 124».
У іншых абвестках з такімі знакамі не саромеюцца пазначаць шокавыя цэны: 15 тысяч, 26,5 тысячы, 34,5 тысячы рублёў.
ДАІ Менску: «На якім "Куфры" вы збіраецеся нешта купляць, я не ведаю»

У ДАІ Менгарвыканкама засмяяліся, калі пачулі, што мы шукаем нумары з усімі васьмёркамі.
«Думаю, усе занятыя», – адказваюць там.
Расказваем, што бачылі абвесткі продажу нумароў у інтэрнэце.
,,«Нумары за 60 базавых велічынь падбіраюцца на Ціміразева, 114 [на гэтым адрасе ў Менску месціцца МРА ДАІ УУС Менаблвыканкаму. – Заўв. рэд.], у кабінеце начальніка. На якім "Куфры" вы збіраецеся купляць нешта, я не ведаю», – адказвае суразмоўца.
У ДАІ сапраўды можна афіцыйна падабраць сабе нумары за дадатковую плату, 60 базавых велічынь (2520 рублёў). Удакладняем, ці легальна купляць іх у інтэрнэце і ці не ашуканцы тыя, хто самі прадаюць аўтанумары.
«Нічога не магу сказаць вам з гэтай нагоды», – адразае жанчына з ДАІ.
Пытаем, ці можна запісацца ў чаргу па жаданы нумар – аформіць яго на сябе, калі адмовіцца папярэдні ўладальнік. Нас ізноў адпраўляюць залагоджваць усе пытанні «ў начальніка» на Ціміразева, 114.
У Беларусі ДАІ надае нумар аўтамабілю, адпаведна, звычайны чалавек не можа проста перадаць або прадаць нумары іншаму. Аднак, калі вы купляеце машыну, ёсць магчымасць пакінуць сабе стары нумар пры перарэгістрацыі ў ДАІ. Таму ў абвестках да нумару ідзе машына. Звычайна танная.
«Пры кожным новым уладальніку патрэбная працэдура перарэгістрацыі ў МРЭА. Гэта значыць, наўрад ці не будзе пытанняў з боку ДАІ, калі чалавек проста прадаў або аддаў», – паведамляе «Белсату» «BELPOL».
Пры рыхтаванні гэтага тэксту мы знайшлі акаўнт у Instagram, што робіць бізнес на нумарах – прапануе купіць самыя розныя нумары разам з машынаю. У апісанні гаворыцца, што гэта «барахолка прыгожых і рэдкіх аўтанумароў».
А як простаму чалавеку атрымаць, напрыклад, нумар з усімі васьмёркамі? Мы спрабавалі даведацца ў аднаго з прадаўцоў, аднак ён ухіліўся ад адказу.
Цікавімся ў «BELPOL», ці не можа тут быць карупцыі, калі цікавыя нумары аддаюць «сваім».
,,«Карупцыйныя рызыкі нельга выключаць, паколькі сфера дзейнасці МРЭА мае схільнасці да іх. Усё залежыць ад рэгіёну і шэрагу іншых асаблівасцяў», – адзначылі ў абʼяднанні.
Аднак без фактаў рабіць высновы нельга, дадае «BELPOL».
«У тэорыі можна ўгледзець парушэнні з боку тых, хто прадае і перапрадае нумары пасля, але таксама без правядзення канкрэтных дзеянняў будзе не зусім абʼектыўная і карэктная карціна», – заключае «BELPOL».
Дар'я Форман, Арсен Рудэнка belsat.eu