навіны

Беларусам яшчэ далёка да народнага адзінства, але прыхільнікі ўлады сталі лепш ставіцца да яе непрыяцеляў

Працаўнікі «Віцебскаблгазу» ўдзельнічаюць у праўладным марафоне «Адзіны»
Працаўнікі «Віцебскаблгазу» ўдзельнічаюць у праўладным марафоне «Адзіны». Паставы, Беларусь. 7 верасня 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Oblgas.by
podpis źródła zdjęcia

Беларусы моцна палярызаваныя: прыхільнікі і непрыяцелі ўлады не маюць згоды ў пытаннях дэмакратыі, свабоды слова, эканамічнай сітуацыі, вайны ва Украіне, адукацыі, аховы здароўя… Але тыя, хто падтрымлівае ўладу, пачынаюць з крыху меншай варожасцю ставіцца да яе непрыхільнікаў.

Рыгор Астапеня (Фота: Міра Ляселішская, Белсат.)
Еўразвяз ці раскол і грамадзянская вайна? У Варшаве абмеркавалі, куды рухацца Беларусі навіны

Сацыёлаг Канстанцін Несцяровіч прааналізаваў для «Банку ідэяў» сацыялагічныя даследаванні апошніх пяці гадоў і прыйшоў да высновы: стаўка толькі на інтарэсы лаяльных сегментаў не прыводзіць да пазітыўнага выніку.


Беларусы палярызаваныя, гэта добра відаць з сацыялагічных даследаванняў: пытанні з розных сфераў «накладваюцца» адно на адно для прыхільнікаў і супраціўнікаў улады. Ключавымі пытаннямі для Беларусі ёсць эканоміка, вайна ва Украіне, узровень дэмакратыі, вонкавая палітыка, ахова здароўя і адукацыі. Прыхільнікі і непрыяцелі ўлады бачаць гэтыя пытанні вельмі адрозна.


Найбольшая палярызацыя – у пытаннях дэмакратыі і эканомікі: 88–89 % прадстаўнікоў аднаго лагеру не падзяляюць погляды другога. Напрыклад, сітуацыю са свабодай слова і дэмакратыяй лічаць вельмі кепскай толькі 2 % прыхільнікаў улады і 86 % непрыхільнікаў, хутчэй кепскай – 8 % прыхільнікаў і 12 % непрыхільнікаў, хутчэй добрай – 47 % прыхільнікаў і 0 % непрыхільнікаў, дакладна добрай – 14 % прыхільнікаў і 0 % непрыхільнікаў улады.

Палярызацыя між прыхільнікамі і непрыхільнікамі ўлады ў Беларусі. Звесткі: Chatham House і Фонд імя Фрыдрыха Эбэрта. Выява: Ideasbank.vision
Палярызацыя між прыхільнікамі і непрыхільнікамі ўлады ў Беларусі. Звесткі: Chatham House і Фонд імя Фрыдрыха Эбэрта. Выява: Ideasbank.vision

У 2020–2021 гадах беларусы казалі пра вялікую нелаяльнасць уладам, але ў сакавіку 2025 года iSANS выявіў, што пра давер Аляксандру Лукашэнку кажа ўжо 60 % апытаных. Справа і ў эміграцыі значнай колькасці незадаволеных, і ў адносных эканамічных поспехах уладаў, і ў адноснай бяспецы ў краіне, і, як лічаць даследчыкі, у «прыманні рэальнасці», і ў тым, што «нейтралы» схільныя далучацца да прыхільнікаў улады. Высокі ўзровень адказаў «давяраю ўладам», адзначае сацыёлаг, тыповы для аўтарытарных рэжымаў.


У 2021 годзе непрыязнасць і жаданне выключыць апанентаў з грамадскага жыцця былі мацнейшымі сярод прыхільнікаў улады, чым сярод праціўнікаў. З 2022 года даследаванні паказвалі прыкладна аднолькавы ўзровень узаемнага непрымання, гэтая тэндэнцыя захоўвалася да 2024 года. У 2025 годзе даследчыкі заўважылі новы трэнд: стаўленне прыхільнікаў улады да праціўнікаў палепшылася.


Прыхільнікі ўлады ўсё яшчэ кепска ставяцца да праціўнікаў, на 6 з 7 балаў сацыяльнай дыстанцыі, «не супраць, каб жылі са мной у адным горадзе». Мяжа сацыяльнай ізаляцыі – 5 балаў, «не супраць, каб былі маімі суседзямі». З боку праціўнікаў улады стаўленне да прыхільнікаў застаецца на ранейшым узроўні – яны не хацелі б жыць у адным горадзе з прыхільнікамі ўлады. Ды гэта можа быць пачаткам трэнду да больш спакойнага стаўлення праўладных беларусаў да апанентаў.


Праўладны сегмент ужо схільны падтрымліваць спыненне рэпрэсіяў і паляпшэнне стасункаў з дзяржавамі Еўразвязу – як лічыць сацыёлаг, праўладныя беларусы могуць ужо не адчуваць палітычнай напружанасці.


Улады Беларусі не пераадолелі палярызацыю, нягледзячы на спробы «навязаць адзінства». Нейтральныя беларусы не ператварыліся ў перакананых прыхільнікаў улады. Апазіцыйны сегмент не знішчаны. Апора на адзін полюс пры ўсіх рэсурсах улады не дае плёну і не прыносіць адзінства.


Несцяровіч лічыць, што апазіцыйныя палітыкі часта не прапануюць адказаў на найважнейшыя пытанні, якія былі б адначасова дэмакратычнымі і не палярызацыйнымі, а факусуюцца на ідэях блізкіх толькі іхным прыхільнікам, або на другасных для беларусаў тэмах кшталту нацыянальнай ідэнтычнасці.


Тым часам нацыянальная ідэнтычнасць – не частка палярызацыі. Сярод праціўнікаў улады больш цалкам згодных х тым, што беларускай мовы павінна быць болей у жыцці беларусаў, але і сярод прыхільнікаў улады нямала згодных з гэтым – толькі згода менш упэўненая. Да таго ж, праблема нацыянальнай культуры важная толькі для 2 % гарадскіх жыхароў.

,,

«Ліберальная дэмакратыя ў многіх краінах перажывае крызіс праз незадаволенасці сацыяльных групаў, падобных паводле характарыстык да перакананых прыхільнікаў Лукашэнкі, – піша Несцяровіч. – Трэба прызнаць, што гэтыя людзі маюць права на незадаволенасць, а ў прыхільнікаў дзейнай улады ў Беларусі ёсць прычыны яе падтрымліваць. Задача дэмакратаў – зразумець праблемы гэтых людзей і прапанаваць ім дэмакратычнае рашэнне».


Як прыклад ён прыводзіць сферу эканомікі: палярызацыя ў ёй расце са скарачэннем сацыяльных праграмаў на карысць рынкавых механізмаў, таму ў адказ можна прапаноўваць не рынкавыя механізмы, а сацыяльна-арыентаваную эканоміку. Але Несцяровіч не заклікае адмовіцца ад дэмакратычных ідэяў або пагаджацца на аўтарытарны «свет угодаў» – толькі пашырыць дэмакратычныя ідэі і ўдзельнічаць у дыскусіі аб пераасэнсаванні дэмакратыі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10