Ужо найбліжэйшымі тыднямі ў Менск можа прыехаць новы амбасадар з Еўразвязу – свайго прадстаўніка следам за Вугоршчынай дасылае Славаччына. Ёсць думка, што гэта станоўчы крок, які можа паспрыяць вызваленню беларускіх палітвязняў. Праўда, ці паспрыяла гэтаму вугорская дыпламатыя – незразумела.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка адзначыў у каментары «Белсату», што з улікам дыпламатычных практык заяву МЗС Славаччыны пра вяртанне амбасадара ў Менск можна разглядаць як сведчанне таго, што ўлады Беларусі ўжо выдалі агрэман амбасадару, а сам амбасадар – прызначаны на сваю пасаду славацкім бокам.
,,«Таму ягонае прыбыццё можа адбыцца ўжо найбліжэйшымі тыднямі ў Менск. Уручэнне ж даверчых лістоў залежыць ад працы пратаколу Міністэрства замежных справаў рэжыму Лукашэнкі. Як правіла, уручэнне даверчых лістоў носіць калектыўны характар пасля назапашвання пэўнай колькасці амбасадараў – іх можа быць сем, восем», – сказаў палітык.
Так што, дадаў ён, ад моманту прыезду дыпламата да ўручэння ім даверчых лістоў можа яшчэ прайсці пэўны час. Але часам амбасадары адмыслова прыязджаюць у краіну як мага бліжэй да даты ўручэння, каб скараціць тэрмін чакання ў статусе прызначанага амбасадара, падкрэсліў Латушка.
Ці дапаможа дыпламат вызваліць палітвязняў?
Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы, мяркуе, што вяртанне амбасадара – станоўчы крок:
«Вельмі важна, каб заходнія краіны аднаўлялі сваю дыпламатычную прысутнасць. Аднаўленне такіх дыпламатычных стасункаў, прысутнасць амбасадара дазволіць падкрэсліць успрыняцце Беларусі як незалежнай суверэннай краіны, нягледзячы на ўсю тую пагрозу, што ідзе з Усходу».
Паводле Кавалеўскага, менавіта за гэта выступае кааліцыя дзеля вызвалення палітычных зняволеных, у якую ўваходзяць таксама Таццяна Хоміч і Вольга Гарбунова і якая выступае за актывізацыю дыпламатычнага дыялогу Менску з Захадам ды павелічэнне прысутнасці амбасадараў у Беларусі. На іхную думку, гэта будзе спрыяць вызваленню палітычных зняволеных.
,,«Я ўпэўнены, што Славаччына адэкватна ставіцца дэ гэтай праблемы. Іх ацэнка гэтай сітуацыі супадае з ацэнкамі беларускай грамадскасці, што тыя людзі, якія апынуліся ў турмах пасля 2020 года, мусяць быць вызваленыя», – сказаў Кавалеўскі.
Суразмоўца чакае, што славацкая амбасада «будзе займаць менавіта такую канструктыўную пазіцыю і будзе працаваць над тым, каб уздымаць гэтыя сур’ёзныя праблемы, што таксама непазбежна будзе ўплываць і на змест двухбаковых стасункаў».
Пры гэтым урад Славаччыны разам з урадам Вугоршчыны на сёння ўважаюцца ў Еўразвязе найбольш прарасейскімі, далёкімі ад каштоўнасных пытанняў. Аднак Кавалеўскі падкрэсліў, што, нягледзячы на гэта, Славаччына сінхранізаваная з агульнапалітычнымі пастановамі ЕЗ адносна Беларусі і не заяўляла, што яе не турбуюць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Таму, заявіў ён, адная магчымасць таго, што славацкія дыпламаты будуць закранаць пытанне беларускіх палітвязняў, вартая таго, каб яны прысутнічалі ў Беларусі.
«Гэта пакуль застаецца за дужкамі, але я думаю, што такія рэчы абавязкова будуць уздымацца на працоўных сустрэчах дыпламатаў у Менску», – сказаў ён.

У верасні 2023 годзе свае даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку – першай з еўрапейскіх дыпламатаў з 2020 года – уручыла амбасадарка Вугоршчыны Зіта Бэнчык. Таксама ў Беларусь двойчы – у кастрычніку 2023-га і ў кастрычніку 2024-га – прылятаў міністр замежных справаў гэтай краіны Петэр Сіярта, які ў тым ліку сустракаўся з кіраўніком краіны.
Кавалеўскі адзначыў, што перадаваў вугорскім дыпламатам інфармацыйныя матэрыялы адносна неабходнасці вызвалення палітвязняў.
,,«Не магу сказаць, што ў гэтага былі нейкія практычныя вынікі, але тым не менш, Вугоршчына сапраўды ведае пра гэта, Вугоршчына сінхранізаваная з агульнай еўрапейскай палітыкай адносна Беларусі. І ў гэтым сэнсе разлічваю і на тое, што гэтае пытанне прысутнічае на парадку дня ў двухбаковых стасунках паміж Будапэштам і Менскам», – сказаў ён.
Лукашэнкаўскі ардэнаносец
29 траўня сталася вядома, што Славаччына адпраўляе ў Беларусь свайго амбасадара – ім стане Ёзэф Мігаш, які ўжо займаў гэты пост з 2016-га да 2020 года. Міністр замежных справаў Славаччыны Юрай Бланар заявіў, што Браціслава зацікаўленая ў прагматычнай супрацы з кожнаю краінаю свету.
«Таму мы хочам аднавіць канструктыўны дыялог з беларусамі як на двухбаковым, так і на шматбаковым узроўні, бо сёння неабходна даць прастору дыпламатыі, дыялогу і перамовам, каб дасягнуць вынікаў у, напрыклад, надзвычай важных мірных перамовах пра як мага хутчэйшае заканчэнне вайны ва Украіне», – сказаў кіраўнік дыпламатычнага ведамства.
Паводле МЗС Славаччыны, Беларусь – эканамічны і палітычны партнёр Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, таму паступова Славаччына можа развіваць супрацу з нашаю краінай у гандлі, сельскай гаспадарцы, культуры і адукацыі.
Амбасада Славаччыны працягне працу ў Беларусі і будзе надаваць якасныя консульскія паслугі славацкім грамадзянам, заявіў Мігаш.
,,«Сёння мы бачым рост цікавасці грамадзянаў Беларусі да навучання ў славацкіх універсітэтах. У Славаччыне жывуць каля 10 тысяч беларусаў – і яны ёсць мостам паразумення паміж нашымі двума народамі», – зазначыў Мігаш.
У сваёй дыпламатычнай кар’еры Мігаш спецыялізаваўся на краінах Усходняй Еўропы, быў амбасадарам не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне і Расеі.
У 2020 годзе Мігаш падаў у адстаўку з пасады амбасадара ў Беларусі пасля таго, як славацкі МЗС раскрытыкаваў яго за ўдзел у святкаванні 9 траўня ў Менску ў тым жа годзе. Лукашэнка тады ўзнагародзіў Мігаша ордэнам Францыска Скарыны падчас развітальнай сустрэчы 6 ліпеня 2020 года.
Апошні пасол Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня падаў у адстаўку ў жніўні 2020 года, падтрымаўшы беларусаў, якія выйшлі на пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Пасольства Беларусі ў Браціславе было зачыненае ўвосень 2023-га.
Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала Славаччыну і сустракалася з прэзідэнткаю Зузанаю Чапутаваю. Увосень 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славаччыне перамагла партыя «Кірунак – сацыяльная дэмакратыя», якую ўзначальвае Робэрт Фіца, вядомы сваёй прарасейскай пазіцыяй. Фіца заняў пасаду прэм’ер-міністра Славаччыны. Сёлета ён браў удзел у парадзе 9 траўня ў Маскве, там жа сустрэўся і меў кароткую размову з Лукашэнкам.
Макар Мыш belsat.eu