Шостага красавіка спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта, які спрычыніўся да першага палёту чалавека на Месяц. Згадваем цікавыя факты пра аднаго з найбольш вядомых беларусаў, які пражыў 107 гадоў.

Барыс Кіт насамрэч меў прозвішча Кіта
Кіта – менавіта так гучыць сапраўднае прозвішча Барыса Кіта і паходзіць яно ад слова «кіта» – так называлі ахапку сена. Менавіта пад прозвішчам Кіта жылі ягоныя родныя ў вёсцы Агароднікі (сёння – у межах Карэлічаў). Аднак падчас шматлікіх пераездаў у дакументах літара «а» на канцы згубілася, і ў гісторыю спадар Барыс увайшоў пад вельмі сімвалічным прозвішчам Кіт. Гэтую гісторыю пра пераўвасабленне Кіта Рыгор Барадулін абыграў у прысвечаным славутаму беларусу ў 1995 годзе вершы «Трэці Кіт», які канчаецца наступнымі словамі:
Як зямля ўся
На трох кітах,
Беларуская –
На Барысе!
Барыс Кіт нарадзіўся ў Пецярбурзе і пабачыў Лютаўскую рэвалюцыю і Кастрычніцкі пераварот
Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка (24 сакавіка) 1910 года на Сувораўскім праспекце ў Пецярбурзе ў сям’і селяніна-беларуса, які прыехаў у сталіцу Расейскай імперыі на заробкі і ўладкаваўся на пошту. Барыса ахрысцілі ў царкве Смольнага манастыра. Ягоная маці Ксенія Зурава паходзіла з вёскі Тупікова Кашынскага ўезду Цвярской губерні. З пецярбургскага часу малому Барысу запомнілася, як маці вадзіла яго ў тэатр. Асабліва ўразіла пастаноўка ў народным тэатры «Тараса Бульбы» Гогаля. Пра Лютаўскую рэвалюцыю, будучы малым хлопцам, ён запомніў пахаванне ахвяраў тых падзеяў пад спевы «Інтэрнацыяналу» і чырвоныя сцягі. А вось Кастрычніцкі пераварот у яго асацыяваўся з голадам, праз які бацькі вымушаныя былі адправіць яго да родных у Агароднікі на Наваградчыну ў 1918 годзе:
,,«Мы спадзяваліся, што будзе трошкі лепш, чым у Пецярбурзе, дзе людзі паміралі ад голаду. На жаль, лепш не было. Давялося на першых часох есці крапіву і капаць гнілую бульбу на панскіх палёх». А калі Барысу споўнілася 10 гадоў, памерла ягоная маці.
Выдатна маляваў і мог паступіць у акадэмію мастацтваў у Варшаву. Але адмовіўся данесці на настаўніка-беларуса
Барыс Кіт паступіў у школу ў Карэлічах, дзе асабліва яму падабалася арыфметыка, але найперш кідаліся ў вочы здольнасці ў маляванні. Ягоныя малюнкі нават адпраўлялі на выставу ў Познань, і яму абяцалі стыпендыю ў Акадэміі мастацтваў. Аднак, каб справа пайшла, прасілі данесці на настаўніка матэматыкі Сцяпана Рамановіча, які на сваіх занятках прыводзіў прыклады з сялянскага жыцця і даваў антыасадніцкія задачкі ды казаў аб прыгнёце беларусаў з боку польскіх уладаў. Барыс Кіт здаць улюбёнага настаўніка адмовіўся, у выніку пра паступленне ў Акадэмію трэба было забыцца. Затое Рамановіч на знак падзякі ўсё лета займаўся з ім і яшчэ трыма хлопцамі матэматыкай, у выніку чаго Кіт паступіў у Наваградскую беларускую гімназію.

Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі
Барыс Кіт далучыўся да Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы, якія былі забароненыя польскімі ўладамі. За гэта спачатку трапіў у Наваградскую турму, а пасля на Лукішкі, дзе сядзеў разам з славутым беларускім харавым дырыжорам Рыгорам Шырмам.
У Вільні дапамагаў выкладчыку знайсці лецішча, а ў 72 гады абараніў пра таго доктарскую дысертацыю
У верасні 1928 года Барыс Кіт паступіў на фізічна-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэту Стэфана Баторыя і жыў у адной кватэры з Ежы Путрамэнтам, які стаўся вядомым польскім пісьменнікам, паслом Сейму ПНР і амбасадарам Польшчы ў Парыжы. А таксама пасябраваў з матэматыкам Антоніем Зыгмундам. Барыс Кіт дапамагаў шукаць лекі для ягонага сына, а таксама дапамог знайсці лецішча каля Вільняй. У далейшым Зыгмунд эміграваў у ЗША, дзе заснаваў Чыкагскую школу матэматычнага аналізу, а Барыс Кіт у 1982 годзе абараніў прысвечаную яму доктарскую дысертацыю «Антоній Зыгмунд. Жыццё і яго ўнёсак у развіццё матэматыкі ХХ стагоддзя» («Antoni Zygmund, his life and his contribution to the mathematics of 20th Century»).
Быў дырэктарам чатырох навучальных установаў
У 1939 годзе пасля ўваходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, Барыс Кіт узначаліў Віленскую гімназію. Аднак калі стала вядома пра перадачу Вільні Сталіным не БССР, а Літве, сабраў студэнтаў з Наваградчыны і 80 % маёмасці гімназіі ды перавёз усё гэта ў Наваградак, дзе ўзначаліў Наваградскую гімназію. Праз данос сябра з працы Панька Кіта знялі з пасады дырэктара.
У час нямецкай акупацыі Барыс хаваўся ад магчымага расстрэлу на радзіме жонкі Ніны ў дзявоцтве Корсак – у вёсцы Лебедзева, адкуль яго «сцягнуў з печы» ксёндз Гадлеўскі і прапанаваў ізноў выкладаць. Барыс Кіт спачатку ўзначаліў семінарыю ў Паставах, а затым у Маладзечне.

Ад арышту НКВД Барыса Кіта ўратавала вайна
У чэрвені 1941 года Барыс Кіт прыехаў у Наваградак на сустрэчу з Янкам Купалам і Якубам Коласам ды выпадкова тут даведаўся ад аднаго з сяброў, што яго шукае НКВД, нібыта каб больш падрабязна высветліць, што ён рабіў за польскім часам.
У выніку беларускіх класікаў Кіт так і не пабачыў, выправіўшыся падалей ад бяды ў Баранавічы. Аднак ужо праз два тыдні пачалася вайна нацысцкай Нямеччыны з СССР, і Барыс Кіт надумаў вярнуцца ў родныя Агароднікі з цяжарнаю жонкай. Але калі прыехаў туды, быў запынены знаёмым, які пайшоў у нямецкую паліцыю. Той папярэдзіў, што немцы расстрэльваюць настаўнікаў, і прозвішча Кіта ёсць у спісах на расстрэл. Таму ён вымушаны быў уцячы на радзіму жонкі, вёску Лебедзева каля Маладзечна.
Адзін з найбольш жудасных успамінаў – пра нацысцкую Глыбоцкую турму
Аднойчы Барыс Кіт ехаў з Маладзечна ў Лебедзева і быў арыштаваны ды кінуты ў турму ў Глыбокім:
,,«Мяне абвінавачвалі, што я нібыта маю сувязь з партызанамі, што я англа-амерыканскі шпіён і гэтак далей. Умовы ў турме былі страшэнныя: на дварэ сцюжа, а ў склепе стаяла адна печка, якая заўсёды капціла. Я накрываўся кажухом, каб зберагчы вочы. Завяліся вошы. Кожную ноч чакаў смерці. Нас было там чалавек 30, дык кожную ноч расстрэльвалі чалавек 25, на наступны дзень ізноў нагоняць і зноў бальшыню расстрэльваюць уначы. І так цягам месяца. Мне шчасціла заставацца ў ліку тых пяці».
За яго заступіўся адзін з беларусаў, які служыў немцам, у выніку Барыса Кіта перавялі з Глыбокага ў турму ў Вялейку, але тут адзін з вартавых залічыў яго ў жыды і ў выніку штодня здзекаваўся, моцна збіваючы гумовым дручком па галаве: «Неяк раз нас павялі ў лазню, і ён пабег за мной паглядзець, ці я жыд. Упэўніўся – не».
Урэшце выбрацца з-за кратаў Барысу Кіту дапамог ягоны былы вучань Кастусь Касяк, пасля чаго той вярнуўся да настаўніцтва. Але ненадоўга, бо ў Маладзечне семінарыю зачынілі.
«Нашая беларуская рыса»
Улетку 1944 года Барыс Кіт выязджае з жонкай і сынам у Баварыю, дзе ў Мюнхене працуе ва ўкраінскай гімназіі ў лагеры для перамешчаных асобаў, адначасова канчае медычны факультэт Мюнхенскага ўніверсітэту. А ў 1948-м пастанаўляе пераехаць у ЗША.
Але аднаго жадання мала, неабходна было не быць камуністам і мець арганізацыю-заступніка. Барыс Кіт паспрабаваў звярнуцца ў Сусветную помач царквы, што дапамагала з пераездам не толькі пратэстантам, але і праваслаўным. Аднак ад дырэктара арганізацыі пачуў адмову: «Маўляў, настаўнік, не ведаеце англійскай мовы, што вы будзеце там рабіць».
Але, на шчасце Кіта, гэты дырэктар хутка сышоў, і на ягонае месца прыйшла амерыканка Рут Прагер. Пасля некалькіх няўдалых спробаў трапіць да яе на прыём Кіт узяў жонку і шасцігадовага сына. У выніку амерыканка гэтак захапілася сынам Барыса Уладзімірам, што падпісала пратэкцыю: «Пасля я тую дырэктарку спатыкаў у Каліфорніі, яна прыязджала да мяне на госці». Для нашчадкаў Барыс Кіт адносна гэтага выпадку пакінуў наступную параду:
,,«Беларус такі чалавек, што калі яго выганяць праз дзверы, дык ён улезе ў вакно».
Магчыма, гэта натхніць і вас.
Адразу пасля пераезду пачаў дапамагаць землякам перабрацца ў ЗША
Сям’я Барыса Кіта трапіла ў Нью-Ёрк. Не ведаючы куды падацца, ён даведаўся, што ў суседнім мястэчку Саўт-Рывэр жыве жанчына з такім жа прозвішчам, як у ягонай жонкі – Корсак. Ён наўпрост звярнуўся да яе па дапамогу. І атрымаў: і з жытлом, і з працай у фармацэўтычнай фірме, дзе ягоныя здольнасці хутка заўважылі, і з аддзелу продажаў перавялі ў лабараторыю кантролю якасці лекаў. Пасля атрыманай дапамогі Барыс Кіт сам пачаў дапамагаць землякам. І хутка ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрзі) паўстала беларуская калонія з беларускаю газетаю, гімназіяй імя Янкі Купалы і царквой Еўфрасінні Полацкай. Пры ўдзеле Барыса Кіта 8 лістапада 1948 года быў утвораны Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт.
«Дзякаваць Богу, мне пашчасціла не ўлезці ні ў якую палітыку»
Барыс Кіт спадзяваўся, што жыццё за мяжою згуртуе беларусаў, незалежна ад іхных палітычных поглядаў на Радзіме. Але так не выйшла, у выніку беларусы ў Амерыцы падзяліліся на тры часткі: крывічоў (падтрымлівалі абноўленую Раду БНР Абрамчыка), зарубежнікаў (гуртаваліся каля Астроўскага і БЦР) і беларусаў наагул.
Барыс Кіт пазбягаў умяшання ў спрэчкі, але ў выніку аднаго здарэння пастанавіў пераехаць падалей ад іх. Рэч у тым, што ён дапамог уладкавацца ў фірму, дзе сам працаваў, каля 20 беларусам. Аднойчы адзін з іх папрасіў у Барыса Кіта таблеткі на сон, а ў выніку паспрабаваў іх скарыстаць, каб скончыць жыццё самагубствам. На шчасце, абышлося, яго ўратавалі: «Не дай Бог, калі б ён памёр, дык ягоная смерць лягла б страшнай плямай на ўсіх беларусаў. Дык я не сказаў пры расследаванні, што ён хацеў скончыць самагубствам, бо тады б яго маглі да канца дзён засадзіць у вар’яцкі дом. Усё тое на мяне падзейнічала, што я вырашыў неадкладна выехаць у Каліфорнію».
Вярнуцца да беларускіх спраў натхніла нараджэнне другога сына
У 1950 годзе Барыс Кіт перабраўся ў Лос-Анджэлес і спачатку працаваў на заводзе тэлеапаратаў, але ўрэшце знайшоў працу ў хімічнай лабараторыі ў Галівудзе. Пасля нараджэння сына Віктара Кіт вырашыў зноў аднавіць сваю грамадскую дзейнасць і сумесна з украінцамі стаў ладзіць розныя сустрэчы. А клаі ў Каліфорнію прыехаў яго былы вучань Чэслаў Найдзюк, праца пайшла актыўней і 9 снежня 1950 года ў доме Кітоў быў заснаваны Аддзел Злучанага Беларуска-Амерыканскага Дапамогавага Камітэту.

Развязаў неразвязальнае заданне за месяц. У выніку чалавек паляцеў на Месяц
Барыс Кіт часта наведвае розныя сустрэчы, якія ладзілі ў тым ліку палякі. Аднойчы ён сустрэўся з прафесарам Макшыцкім, які на той час працаваў у фірме «North American Aviation». Кіт апавёў, што хоць і працуе ў фармакалогіі, паводле спецыяльнасці ён матэматык. Макшыцкі запрасіў яго выкарыстаць веды ў астранаўтыцы.
Першыя шэсць месяцаў Барыс Кіт хадзіў на працу, каб з усімі знаёміцца і разабрацца з тым, хто чым займаецца. А пасля яму далі даручэнне: «Мы хочам цябе выкарыстаць як хіміка спачатку». Кіту паставілі, здавалася б, неразвязальнае заданне: паспрабаваць знайсці спосаб, як можна выкарыстаць плыўкі вадарод у ракетных рухавіках замест газы. І якое было здзіўленне амерыканцаў, калі праз месяц Кіт прынёс цэлую кнігу, у якой выклаў магчымыя спосабы развязання гэтага задання – зрабіць адмысловыя ізаляцыйныя матэрыялы для плыўкага вадароду і прыдумаць каталізатар, які будзе запавольваць яго выпарэнне. У выніку гэтае вынаходніцтва дазволіла чалавеку паляцець на Месяц на «Apollo» і запускаць у космас «шатлы».
У выніку Барыс Кіт напісаў першы ў гісторыі навукі падручнік пра ўсе магчымыя палівы для ракетных сістэмаў, што выйшла ў 1960 годзе з прадмоваю стваральніка сучаснай аэрадынамікі Тодара Кармана – «Rocket Ropellant Handbook». У 1962 годзе ў СССР з’явіўся падобны падручнік, у якім прысутнічаюць спасылкі на працы Барыса Кіта.
Акрамя таго, Барыс Кіт браў удзел у распрацоўванні сатэлітавай сувязі кампаніяй «International Telephone and Telegraph Corporation», пры дапамозе якой і адбывалася камунікацыя з місіяй амерыканскіх астранаўтаў у 1969 годзе на Месяц.

Барыс Кіт дасканала валодаў сямю мовамі
Барыс Кіт ведаў беларускую, расейскую, украінскую, польскую, вывучаную ва ўніверсітэце французскую, засвоіў з кніг самастойна нямецкую і авалодаў пасля пераезду ў ЗША англійскаю мову. Ды настолькі, што пісаў на ёй навуковыя працы. Менавіта веданне такой колькасці моваў, як заўважаў сам Барыс Кіт, дазволіла яму пачувацца добра ў любым асяроддзі. Таму будзьце, як Барыс Кіт: вучыце мовы!
Вярнуўся ў Беларусь праз 48 гадоў
19 чэрвеня 1992 года Барыс Кіт прыбыў у Маладзечна з Франкфурту-на-Майне, дзе жыў з 1972-га і быў прафесарам матэматыкі ў еўрапейскім аддзеле Мэрылэндскага ўніверсітэту. Ён выступіў па-беларуску, бо менавіта на гэтай мове размаўляў у сям’і з жонкай. Але прысутных цікавіла, як Барысу Кіту ўдалося стаць тым, каго ведалі ўва ўсім свеце:
,,«На гэта ён сціпла адказаў, што ягоная навуковая кар'ера – звычайная зʼява ў вольным свеце, што яму проста пашанцавала ў жыцці. Аднак няцяжка было зразумець, што, для таго, каб трапіць у найвышэйшую амерыканскую навуковую эліту, неабходны прыроджаны талент, нястомная праца, вялікія веды, бясконцае самаўдасканаленне».
Усё гэта Барыс Кіт меў. Васіль Быкаў, які жыў у яго пасля вымушанага ад’езду з Беларусі з вясны 2001-га да вясны 2002-га пісаў: «Бязлітасны лёс Барыса Кіта ператварыў ягонае няшчасце ў сапраўднае чалавечае шчасце. Найвялікшае з магчымых на гэтым свеце, поўным жуды і бяды».
Барыс Кіт памёр на 108-м годзе жыцця – 1 лютага 2018-га, пахаваны ў Вісбадэне на могілках праваслаўнай царквы Святой Елізаветы.
Паслухаць успаміны Барыса Кіта можна тут:
Барыс Булат belsat.eu