Напярэдадні Дня смеху «Белсат» задаўся сур’ёзным пытаннем: ці ёсць шчасце ў беларускай літаратуры? Андрэй Хадановіч адказвае: ёсць, але яно незвычайнае, асцярожнае і трывожнае.
Нярэдка можна пачуць такое меркаванне: беларуская літаратура дэпрэсіўная і бязрадасная. Або «бедныя гаротныя вёскі», або «вайна і немцы». Усё бязрадасна. Ці так гэта насамрэч?
На просьбу «Белсату» тэму шчасця ў беларускай літаратуры прааналізаваў Андрэй Хадановіч – беларускі літаратар, паэт і перакладчык, літаратуразнаўца і аўтар Youtube-каналу пра беларускую і сусветную літаратуру.
Шчасце ёсць, але яно трывожнае
Хадановіч прызнае: беларускія аўтары скупыя і асцярожныя ў паказе шчасця. Кажа, вельмі знакавая назва аповесці Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце»:
,,«Калі мы ўжо згадваем шчасце, то як бы імкнемся адразу тры разы пастукаць па дрэве, каб не сурочыць, каб не наклікаць бяду».

Калі ўжо ў нас ёсць гэтыя пяць лыжак заціркі, якіх невядома, ці хопіць на шчасце ўсіх, то абавязкова ж прыбяжыць хтосьці і скрадзе, адбярэ, з’есць – гэтак апісвае Хадановіч стаўленне да шчасця ў беларускіх аўтараў. Бывае, пра шчасце казаць нават сорамна. Выходзіць літаратура прымхлівая, забабонная. Нават калі аўтар паказвае шчасце, то робіць гэта не наўпрост, заганяе ў падтэкст.
Найчасцей Хадановіч бачыць шчасце ў творах Уладзіміра Караткевіча. Кажа, мо за гэта Караткевіча і любяць. Хадановіч вельмі раіць кароткае апавяданне Караткевіча «Блакіт і золата дня»: чыстае, сонечнае, прасякнутае каханнем, маладосцю і аптымізмам. Амаль утопія: як у кнізе «Утопія» Томаса Мора тая ўтопія – гэта востраў, так і ў «Блакіце…» героі плывуць ізаляваная ад іншых людзей у сваю шчаслівую Аркадыю на маленечкім плыце, дзе ёсць толькі ён і яна.
,,«Так бывае рэдка ў беларускай літаратуры, – заўважае Хадановіч. – Святы глушацца буднямі, а сонца – авітамінозам нашым вечным».
Найчасцей замест наўпроставага паказу шчасце пераносяць у будучыню ці ў мінулае, расказвае ён. У літаратуры ёсць «як ты пішаш» і ёсць «пра што ты пішаш». Хадановіч налічыў тры спосабы, якімі найчасцей пішуць пра шчасце ў беларускай літаратуры.
1. Шчасце як страчаны рай і таемнае месца сілы
Шчасце можа быць як страчаны рай, адкуль нас усіх выгналі. Шчасце ў дзяцінстве, мясцінах дзяцінства ці на малой радзіме – дарослых выгналі з таго раю. Тыя мясціны адначасова і таемнае месца сілы, дзе можна залізаць раны і аднавіць духоўную раўнавагу, гэткі духоўны эскапізм – падарожжа дамоў, каб аднавіцца і набрацца сілаў.
«К табе я ў думках залятаю, і там душою спачываю», – пісаў Якуб Колас у «Новай зямлі». Гэта, нагадвае Хадановіч, прыдумлялася ў месцы зняволення: у Пішчалаўскім замку, хаваючы ў бараду цыдулкі з задумамі твораў. Шчасце – як бы медытацыя, згадка пра найлепшыя хвіліны насуперак нечаму. І чым горш табе, тым мацней бачыш гэтае шчасце.

«Літва! Мая Айчына! Ты як здароўе. Як цябе трэба цаніць, толькі той даведаецца, хто цябе страціў», – у прадмове да «Пана Тадэвуша» пісаў па-польску Адам Міцкевіч, які нарадзіўся ў Завоссі пад Баранавічамі праз тры гады пасля таго, як Вялікае Княства Літоўскае сталася губернямі Расейскай імперыі. Хто страціў, той больш шануе шчасце.
Самы моцны прыклад такога шчасця ў сучаснай беларускай літаратуры Хадановіч бачыць у вершы Насты Манцэвіч:
Калі ў вачох цямнее,
мне хочацца проста ўкленчыць:
«О Божа, хачу да мамы!
да таты хачу на плечы…»
каб апынуцца ў дзяцінстве,
як колісь –
хавацца ў шафе
сярод кажухоў і шапак
цукеркі цягаць з буфету
ды красці ў суседа слівы
…і быць маленькім і лёгкім,
і, ** вашу маць,
Шчаслівым.
Шамякін пасаромеўся напісаць проста «шчасце» і ўраўнаважыў гэта словам «трывожнае», а Манцэвіч пайшла далей і ўраўнаважыла «шчасце» яшчэ мацнейшым антыдотам, разважае Хадановіч.
2. Шчасце пачнецца, калі…
Шчасце можа быць тым, што абяцаецца ў будучыні, калі яго тут і цяпер няма, працягвае Хадановіч. Гэтым займаецца кожная рэлігія і кожная ідэалогія, такое бывае і ў літаратуры. Шчасце пачнецца, як толькі скончыцца вайна. Як толькі мы вернемся дадому, як толькі скончыцца нашае выгнанне.
Хадановіч і сам такое рабіў – калісьці на замову акторкі і спявачкі Ганны Хітрык напісаў:
Будзем гатаваць на святы печыва,
рыхтаваць прэзенты і дары.
Будзем жыць бясстрашна і бяспечна,
на сваёй зямлі гаспадары.
І напрыканцы:
,,«Краты – гэта толькі падрыхтоўка да жыцця, дзе не існуе крат».
3. Шчасце схаванае, вынесенае за дужкі
Шчасце ёсць, але «хаваецца» самім аўтарам, выносіцца за дужкі, на задні план, замяняецца апісаннем змагання за яго і тым, якую вялікую цану за яго заплацілі. Гэты спосаб, паводле Хадановіча, як бы знішчае класічны хэпі-энд.
Вось у Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Там, як кажа Хадановіч, «трэш, жахі беспрасветныя, трылер». Але галоўны герой пачынае аповед словамі: «Я стары, я нават вельмі стары чалавек». Мімаходам кажа, што жыў доўга і шчасліва з гераіняй, пра якую вы неўзабаве пачуеце. Прагаворваецца пра шчасце. Але на гэтым усё: героі нават не памерлі ў адзін дзень. Ейная смерць – алібі яму, каб распавесці пра змаганне за шчасце.

Ці вось «Лісце каштанаў» таго ж Караткевіча, замяшанае на найлепшых украінскіх уражаннях аўтара. Чытач напрыканцы як бы выпадкова даведваецца, што мары героя споўніліся: ён муж, яна жонка, і гэта тыя самыя дзеткі са зруйнаванага Кіева, якія праходзяць праз усё апавяданне. Але гэта ўраўнаважваецца страшнымі карцінамі, як гінуць трагічна і бязглузда ўсе іхныя сябры і сяброўкі. Сорамна адкрыта казаць пра сваё шчасце ў такой сітуацыі.
Сучасным беларусам, лічыць Хадановіч, знаёмая і актуальная карціна сораму за сваё шчасце.
А што такое шчасце?
Хадановіч пераходзіць да традыцыйнага школьнага пытання: «Што хацеў сказаць аўтар?» На ягоную думку, у беларускай літаратуры ёсць тры асноўныя канцэпцыі шчасця.

1. «Коласаўска-мележаўскае шчасце». Як у «Новай зямлі»:
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут.
Хадановіч тлумачыць: гэта значыць, быць гаспадаром сваёй зямлі як у даслоўным сэнсе, так і ў пераносным. Быць гаспадаром «у нашым доме быцця», у сваім свеце, на сваёй Радзіме, у сваім «тут і цяпер». Гэтае шчасце адсоўваецца: трэба зрабіць, трэба памучыцца, трэба прыдбаць… Аказваецца, шчасце – утопія, бо выяўляецца, што мы яшчэ ніколі не былі гаспадарамі, а чужыя дзядзькі часцей вызначалі за нас.
2. «Быкаўскае шчасце». Гэта, паводле Хадановіча, яшчэ больш трагічная канцэпцыя: мроя пра тое, каб «на скрыжаванні ваенных дарог і скразнякоў нарэшце, блін, пакінулі ў спакоі». Каб далі крыху аддыхацца і выжыць, не знішчаючы, не прыціскаючы з усіх бакоў.
Наймацнейшае выказванне пра такое шчасце (дакладней, яго адсутнасць) Хадановіч бачыць у «Знаку бяды». Заблізка да дарогі быў хутар Петрака і Сцепаніды, каб яны пачуваліся спакойна. А яшчэ вобраз маста: калі яго падарвалі, зрабілася спакойней, але вось прыязджаюць немцы і пачынаюць той мост адбудоўваць… У сусветнай культуры, нагадвае Хадановіч, мост ёсць пазітыўным сімвалам, альтэрнатывай муру, што раз’ядноўвае людзей. У беларускай перакуленай сітуацыі мост – адзін са знакаў бяды, бо па ім «прыйдуць па нашую душу і па нашую галаву тыя, хто ад нас штосьці хоча».
3. «Танкаўскае шчасце» – альтруістычная канцэпцыя, якую, як мяркуе Хадановіч, найлепш сфармуляваў Максім Танк. Гэта чалавек трагічнага лёсу, які прайшоў турмы і прытворства савецкага часу, але прайшоў і праз вернасць, праз каханне да сваёй жонкі Любашы. Танк у вершах умеў стварыць наймацнейшую карціну кахання і шчасця. Напрыклад:
І ты стаіш перада мной,
Знаёмаю і незнаёмай,
Уся ў вясёлцы веснавой,
Уся агучаная громам.
Рэцэпт шчасця ад Максіма Танка ў пераказе Хадановіча: «Падзяліся шчасцем – і ты напоўніцу адчуеш сябе шчаслівым». Альбо: «Усвядом саму сітуацыю шчаслівай абранасці, бо ты маеш з кім сваёй радасцю падзяліцца». Альбо: «Усвядом, што побач ёсць слабейшыя, побач ёсць тыя, каму ты можаш дапамагчы, нават калі табе цяжка, і табе ўжо не так цяжка». Гэта, кажа Хадановіч, моцна працуе тэрапеўтычна, можа і ў чорныя часы несці дапамогу.
Яшчэ прыклад разумення шчасця ў Максіма Танка:
І радасць – ніякая радасць, а горыч,
І песня – ніякая песня, а скарга,
І страва – ніякая страва, а камень.
І брага – ніякая брага, а слёзы,
І сонца – ніякае сонца, а крыга, –
Калі ты на свеце ўсім гэтым
Не маеш з кім падзяліцца.
,,«Шчасце – калі ты маеш, з кім ім падзяліцца. Наймудрэйшае, што я ў нашай літаратуры чуў і чытаў», – рэзюмуе Хадановіч.
Прапануе зусім сучасны прыклад такога альтруізму: Дзмітрый Сторцаў у сакавіку 2022 года напісаў:
беларускія ўцекачы
прымаюць украінскіх уцекачоў
на польскіх вакзалах
эстафета гвалту
эстафета пакуты
эстафета любові
Алесь Наваборскі belsat.eu