навіны

У Беларусі правяраюцца сховішчы, а прадпрыемствы закупляюць супрацьгазы – «BYPOL»

Старыя супрацьгазы
Старыя супрацьгазы. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixels.com
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі пачаліся маштабныя правяранні стану сховішчаў, сцвярджае «BYPOL» са спасылкаю на сваю крыніцу. МНС і МУС правяраюць склепы, эвакуацыйныя выхады і тэхнічныя зоны будынкаў, аднак афіцыйныя прычыны гэтага не называюцца, адзначае «BYPOL».

«У большасці выпадкаў аб'екты не адпавядаюць нават мінімальным патрабаванням: адсутнічае вентыляцыя, гермадзверы, запасы вады ці элементарныя сродкі абароны. Рэальных сховішчаў няма – «гэта эмэнэснікі казалі», перадае крыніца, – піша «BYPOL». – З усіх правераных будынкаў толькі адзін меў адносна прыдатнае памяшканне: былая ветэрынарная станцыя, дзе раней працавалі з небяспечнымі хваробамі».


Некаторыя прадпрыемствы ўвогуле «ў паніцы» пачалі самастойна закупляць супрацьгазы на маркетплэйсах, як «Wildberries», адзначае «BYPOL».


Паводле версіі абʼяднання былых сілавікоў Беларусі, прычынаю таго, што адбываецца, можа быць рыхтаванне да эскалацыі вайны ва Украіне.

,,

«Улічваючы залежнасць Менску ад Масквы, не выключана, што тэрыторыя Беларусі зноў будзе выкарыстоўвацца як плацдарм – як гэта было ў лютым 2022 года, – піша «BYPOL». – Мясцовыя ўлады, верагодна, спрабуюць мінімізаваць рызыкі ў выпадку ўдараў па вайсковай інфраструктуры».


Не выключана, што правяранні праводзяцца для стварэння бачнасці клопату пра беларусаў.


«Аднак рэальны стан абʼектаў паказвае на прафанацыю – сістэмы грамадзянскай абароны засталіся на ўзроўні позняга СССР і не былі мадэрнізаваныя дзесяцігоддзямі», – працягвае «BYPOL».


Абʼяднанне падкрэслівае, што ў выпадку авіяўдараў, хімічнай або радыяцыйнай атакі людзям не будзе дзе схавацца.


«Рэзюмуем: інспекцыі сховішчаў у Беларусі – гэта не проста руцінная захада. На фоне ваеннай эскалацыі ў рэгіёне, саюзніцкіх абавязкаў перад Крамлём і адсутнасці рэальнай грамадзянскай абароны, гэтыя дзеянні паказваюць на рыхтаванне да магчымых ваенных сцэнароў. Не выключана, што ўжо ўвосень Беларусь апынецца ўцягнутай у новы віток канфлікту. А пакуль у выпадку пагрозы грамадзянам застаецца толькі спадзявацца на склепы і супрацьгазы з маркетплэйсаў», – заключае «BYPOL».


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10