Лукашэнка «выкрыў» мноства фундаментальных праблемаў Беларусі, у тым ліку кадравы голад і бяду з ідэалогіяй. Згадваў і слабыя ўраджаі, і высокія выдаткі міністраў на камандзіроўкі. Калі паслухаць Лукашэнку, дык у краіне, якой ён кіруе амаль 31 год, поўны бардак. Што Лукашэнка будзе з гэтым рабіць?
Аляксандр Лукашэнка правёў 12 чэрвеня нараду з кіраўніцтвам сваёй адміністрацыі. З аднаго боку, ён закранаў шмат праблемаў, але не казаў пра рашэнні. З другога – агучаныя праблемы глыбінныя і маштабныя, не адзінкавыя памылкі асобных чыноўнікаў. Чаму Лукашэнка чарговы раз «разносіць» сваю ж сістэму і ці варта чакаць нейкіх вынікаў?
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка разважае ў каментары «Белсату»: тая нарада выглядала як «стратэгічная планёрка» не пра канкрэтную праблему, а наконт агульнай працы. Стратэгічныя планёркі сапраўды варта праводзіць, але ў гэтым фармаце Мажэйка бачыць хібу: прынамсі на камеру прамаўляў толькі Лукашэнка. Ён нешта гаворыць, закідвае, крытыкуе, а толькі ў адзінкавых выпадках хоць нешта кажуць іншыя людзі.
,,«Гэта выглядае вартым жалю, – кажа Мажэйка пра нараду Лукашэнкі. – Я нават паспачуваў гэтым чыноўнікам: не хацелася б быць на іхным месцы, на такія планёркі хадзіць. Але ж гэта проста неэфектыўна! Сэнс планёркі і нарады – у тым, каб людзі маглі пакамунікаваць, абмяняцца інфармацыяй – не проста паківаць».
У Мажэйкі склалася адчуванне, што Лукашэнка проста «гаварыў з паветрам», пералічваў нейкія глабальныя праблемы, але не абмяркоўваў, што менавіта не так, у чым прычына і што варта выправіць. Сістэмная праблема – у Лукашэнку і сістэме, якую ён выбудаваў. Але ж людзі, якіх ён сабраў на нараду, пра гэта казаць не будуць.
Як тады Лукашэнка збіраецца развязваць агучаныя праблемы? На словах адзіная прапанова – жорсткі кантроль. А на практыцы?
Краінаю няма каму кіраваць?
Лукашэнка назваў галоўным кірункам дзейнасці сваёй адміністрацыі працу з кадрамі. Маўляў, «канёк партыі – кадры». І тут жа прызнаў: «Фармуем кожны год, абнаўляем кадравыя рэзервы, а кандыдатаў на пасаду, як толькі адкрываецца вакансія, шукаем доўга і знаходзім не адразу. Нават у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы». Скардзіўся, што яму прыносяць «недастаткова прапрацаваных кадравых прапановаў», дапускаюць нейкія «кадравыя памылкі».

,,«Галоўная праблема ў тым, што няма механізму сацыяльных ліфтаў і ангажавання людзей, якія, можа, не вялікія фанаты лукашэнкаўскай сістэмы, – разважае Мажэйка. – Сістэма прымае толькі вельмі глыбока лаяльных. І гэты ўплыў лаяльнасці павялічваецца».
Словы Лукашэнкі пра «кадравы рэзерв» былі ідэальнаю рэкламаю праграмы дэмакратычных сілаў «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі», смяецца Мажэйка. Жартуе: ці не заплаціў Лукашэнку за «product placement» каардынатар праграмы Юрась Губарэвіч? І працягвае сур’ёзна: скарыстацца кадравым рэзервам Губарэвіча Лукашэнка няздольны, і гэта праблема для любой палітычнай сістэмы, не гатовай прымаць людзей з іншым меркаваннем. Вядома, прыемней працаваць з аднадумцамі, але для эфектыўнасці працы лепш прымаць людзей з рознымі меркаваннямі, атрымліваць розны погляд на праблемы і больш крэатыўныя рашэнні.
І праблема не толькі ў дзяржаўным кіраванні: кадравы голад адчуваецца паўсюль, Лукашэнка нават хацеў завезці ў Беларусь 100–150 тысяч гастарбайтараў з Пакістану. Ён згодны на хоць каго, каб не вяртаць беларусаў у Беларусь, мяркуе Мажэйка. Каб вярнуліся беларусы, якія з’ехалі, давядзецца нешта мяняць у сістэме. Але ж Лукашэнка гатовы бачыць праблемы ў кім заўгодна, акрамя сябе.
Вось зараз возьмуць і адшукаюць нацыянальную ідэю?
На нарадзе Лукашэнка сумняваўся, што ў ягонай адміністрацыі ёсць нейкая нацыянальная ідэя, «якая магла б захапіць душы і сэрцы, розум людзей». Трэба яе выпрацаваць, а ідэалагічная вертыкаль кульгае: «у нас тут вельмі шмат фармалізму», сустрэчы і сходы праводзяць «дзеля птушачкі». Рашэнне – «трэба ўмацоўваць кадравы склад ідэалагічнай вертыкалі, перафарматаваць інфармацыйна-тлумачальную работу з насельніцтвам, вызваліць ідэолагаў ад неўласцівых функцыяў».
Лукашэнка яшчэ ў красавіку падпісаў дырэктыву «Аб рэалізацыі асноваў ідэалогіі беларускай дзяржавы», а падручнікі па асновах ідэалогіі выдавалі яшчэ 20 гадоў таму – задачу стварыць ідэалогію беларускай дзяржавы Лукашэнка ставіў яшчэ ў 2003-м. Чаму цяпер ізноў захваляваўся пра ідэалогію?
,,«Беларуская лукашэнкаўская ідэалогія, колькі пра яе ні пішы, колькі ні размаўляй, колькі ні прызначай ідэолагаў на кожны завод і ўніверсітэт, не з’явіцца, – упэўнены Мажэйка. – Гэтая ідэалогія ёсць у асобе Лукашэнкі, у развешванні ягоных партрэтаў уся ідэалогія».
Такую ідэалогію не напоўніць дадатковым сэнсам, і Лукашэнка сам гэта разумее, мяркуе Мажэйка. І Лукашэнка слушна заўважае: збудаваная ім сістэма не здольная генераваць новых ідэяў і запальваць сэрцаў. Каб генеравала і каб запальвала, трэба браць разнастайныя кадры, знаходзіць пасіянарыяў, якія гараць нейкай ідэяй. Але сярод лаялісцкіх апаратчыкаў цяжка знайсці пасіянарыяў, а пасіянарыям ад сістэмы не паступае цікавых прапановаў.
Атрымліваецца тупік: ніяк немагчыма выправіць тое, якая панылая выходзіць сістэма, кажа Мажэйка. А Лукашэнку застаецца агучваць праблему, не прапанаваўшы рашэнняў.
Дэфіцыт бульбы – змова ворагаў?
Лукашэнка згадваў на нарадзе са сваёй адміністрацыяй нават дэфіцыт бульбы. Другі раз за тыдзень казаў, што «рэч у палітыцы»: хтосьці яго наўмысна стварыў. Ці будуць наступствы такіх заяваў?
,,«Дэфіцыт бульбы – гэта сапраўды палітыка, – пагаджаецца Мажэйка. – Гэта палітыка Лукашэнкі, бо няма глабальнага крызісу з бульбай. Чамусьці езджу па розных краінах – паўсюль бульба ёсць. Дзесьці танней, дзесьці даражэй. Але ў сучаснай рынкавай эканоміцы не бывае, што няма нейкага глабальнага катаклізму, а проста знікае нейкі тавар».
Эканамічная мадэль Беларусі, працягвае ён, збудаваная такім нярынкавым чынам, што ствараецца дэфіцыт супермасавага, вельмі любімага беларусамі і масава прадукаванага ў Беларусі прадукту. Мажэйка мяркуе, што дэфіцыт бульбы ў Беларусі – гэта парадокс, як дэфіцыт шашлыку ў Грузіі: такое можа здарыцца, толькі калі нехта сваймі рукамі ўмешваецца ў рынкавую эканоміку, робіць гэта вельмі неэфектыўна. Не было нейкіх касмічных прамянёў, якія знішчылі бульбу ў Беларусі, і не Святлана Ціханоўская з Паўлам Латушкам «з’елі ўсю бульбу».
Гэта зноў жа ёсць вынікам непрафесійных кадраў і персанальнага ўмяшання Лукашэнкі, перакананы Мажэйка. А значыць, трэба вяртацца да тупіка з дэфіцытам кадраў, які Лукашэнка не можа развязаць.
А будуць спробы гэта ўсё развязаць?
Спіс праблемаў, якія Лукашэнка агучыў на нарадзе са сваёй адміністрацыяй, доўгі. А спіс рашэнняў будзе? Вось Лукашэнка наракаў на празмерны масіў заканадаўства і дубляванне нормаў – ці чакаць, што пасля «разносу» запусцяць маштабную перапрацоўку і спрашчэнне заканадаўства?
,,«Калі паслухаць словы Лукашэнкі, то там амаль няма канкрэтыкі, – заўважае Мажэйка. – Няма канкрэтных ідэяў і патрабаванняў. Ёсць агульныя словы. І іх любы чыноўнік будзе трактаваць, як захоча. Хтосьці ўсё спусціць на тармазах, хтосьці скарыстаецца гэтым, каб аргументаваць любыя свае персанальныя памкненні».
Адсутнасць канкрэтных прапановаў прывядзе да таго, што «ўсе паківаюць», але выніку не будзе, прагназуе Мажэйка. Ён кажа, што гэта ведае любы, хто хоць раз бываў на працоўных нарадах. Канкрэтныя прапановы ж могуць быць, калі ў кіраўніка ёсць сфармуляваныя ідэі, візія шляху. Тады кіраўнік можа, хай і не вельмі дэмакратычна, павесці за сабою. Канкрэтныя прапановы могуць таксама ўзнікнуць у выніку абмеркавання, мазгавога штурму, абмену ідэямі, з’яўлення новых людзей і ідэяў.
У лукашэнкаўскай сістэме няма ні таго, ні другога: ні візіі ў Лукашэнкі, ні мазгавога штурму з рознымі поглядамі, рэзюмуе Мажэйка. Таму няясна, адкуль могуць узяцца рэальныя змены.
Алесь Наваборскі belsat.eu