Польскія дэпутаты прызналі, што выбары ў Беларусі не адпавядаюць дэмакратычным стандартам, і выказаліся супраць рэпрэсіяў, што чыняць улады Беларусі. Пастанову падтрымалі 431 з 433 дэпутатаў, толькі два прагаласавалі супраць.
Сейм Польшчы – ніжняя палата польскага парламенту – прыняла на паседжанні 4 красавіка рэзалюцыю аб прэзідэнцкіх выбарах 2025 года ў Беларусі. «За» прагаласаваў 431 дэпутат, «супраць» – два. Рэзалюцыю падтрымалі дэпутаты ўсіх партыяў, не падтрымалі толькі два незалежныя дэпутаты. Поўны тэкст рэзалюцыі тут у PDF.
Паводле афіцыйных вынікаў тых выбараў, Аляксандр Лукашэнка перамог з 86,82 % галасоў пры яўцы 85,7 %. Шэраг краінаў загадзя паведаміў, што не прызнае гэтых выбараў, а пасля выбараў краіны нефармальнай Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе выпусцілі заяву аб выбарах у Беларусі, дзе гаворыцца пра тое, што працэс не можа лічыцца свабодным і справядлівым.
Сейм Польшчы канстатаваў адсутнасць празрыстасці і справядлівасці на апошніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі і неадпаведнасць гэтых выбараў міжнародным стандартам. Такія выбары, паводле Сейму, «не могуць лічыцца надзейным адлюстраваннем палітычнай волі беларускага народу».
Таксама Сейм выказаў абурэнне нядопускам назіральнікаў АБСЕ на выбары, выступіў супраць абмежавання ў Беларусі асноўных грамадзянскіх правоў і свабодаў, у тым ліку рэпрэсіяў прадстаўнікоў апазіцыі, незалежных журналістаў, грамадзянскай супольнасці. Асобна Сейм адзначыў, што лічыць Расею адказнай за шматгадовы крызіс дэмакратыі ў Беларусі і «прымусовую інтэграцыю» Беларусі і Расеі.
Сейм заклікаў спыніць гвалт і палітычны пераслед у Беларусі, вызваліць палітычных зняволеных, сярод якіх Анджэй Пачобут. Сейм падтрымлівае міжнародныя санкцыі супраць вінаватых у парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, заклікае да скаардынаваных дзеянняў міжнароднай супольнасці ў падтрыманні Беларусі, у тым ліку дэмакратычных сілаў у выгнанні, якія імкнуцца да «свабоднай, дэмакратычнай Беларусі, якая ёсць часткай еўрапейскай сям’і».
Чаму гэта важна
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская напісала, што рэзалюцыя важная як міжнародны інструмент, які дапамагае ўмацаванню сувязяў паміж Польшчай і Беларуссю, падтрыманню дэмакратычных пераменаў. Яна падзякавала дэпутатам, асабліва Камітэту міжнародных справаў, яго старшыні Паўлу Ковалю, а таксама парламентарыям Аляксандры Вішнеўскай і Марціну Басацкаму.
Ейны намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў, што рэзалюцыя была прынятая з ініцыятывы парламенцкай групы «За свабодную Беларусь» і ў супрацы з АПК і фракцыяй «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» ў Каардынацыйнай радзе. Латушка і шэраг чальцоў КР асабіста прысутнічалі ў Сейме падчас прыняцця рэзалюцыі.
Латушка адзначыў заклік да ўраду Польшчы аб далейшых кроках у падтрыманні беларускага грамадства, падтрыманне Сеймам міжнародных санкцыяў супраць адказных за парушэнні правоў чалавека, згадку будучыні дэмакратычнай Беларусі «ў еўрапейскай сям’і». Адным з найважнейшых пунктаў рэзалюцыі ён назваў прызнанне «свабоднай і суверэннай Беларусі як аднаго з ключавых слупоў стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне».
«Важна разумець, што гэтае палітычнае рашэнне парламенту суседняй краіны, – дадаў Латушка. – Гэта выразны сігнал Лукашэнку і ягонаму рэжыму, што Польшча займае прынцыповую пазіцыю ў падтрымцы дэмакратычных зменаў у Беларусі, выступае супраць фальсіфікацыі выбараў і супраць рэпрэсіяў».
Дэпутаты з «Грамадзянскай кааліцыі» Марцін Басацкі і Аляксандра Узнаньска-Вішнеўска заявілі, што ганарацца амаль адзінагалосным ухваленнем рэзалюцыі.
Басацкі назваў тых двух незалежных дэпутатаў, якія прагаласавалі супраць, скрайне правымі. Ён дадаў, што ім павінна быць сорамна за галасаванне супраць. Басацкі адзначыў, што гэта выказванне польскіх інтарэсаў: падтрыманне ўсіх дэмакратычных, свабодалюбных і антырасейскіх настрояў на ўсходзе.
Узнаньска-Вішнеўска назвала галасаванне вельмі важным, бо яно паказала, што «палі бітвы за дэмакратыю аб'яднаныя», а польскія дэпутаты «неабыякавыя да таго, што адбываецца ў Менску». Яна таксама заклікала не верыць прапагандзе Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна аб тым, што нібыта адсутнічае салідарнасць з вольнай Беларуссю з боку польскага грамадства.
Алесь Наваборскі belsat.eu