Ці могуць звязаныя паміж сабою фірмы, якія заснаваныя беларусамі ў розных краінах і гандлююць падсанкцыйнымі таварамі, не мець дачынення да абыходу санкцыяў? Крыніцы «Белсату» кажуць, што не. Пра пэўныя «званочкі» ў дачыненні гэтых кампаніяў кажуць і вынікі расследавання «Белсату», а таксама апытаныя намі эксперты.
У рэдакцыю «Белсату» звярнуўся чалавек, які назваўся «добрасумленным і законапаслухмяным грамадзянінам». У лісце ён паведаміў пра парушэнні санкцыйнага заканадаўства Еўразвязу ў дачыненні Беларусі і Расеі, у прыватнасці, пастановы Рады ЕЗ 2024/1865, што набыла моц 1 ліпеня 2024 года.
Заяўляецца, што парушэнні адбываюцца на адным з тэрміналаў кампаніі «PKP Cargo Connect», што ў вёсцы Вулька-Дабрыньска пры мяжы з Беларуссю. Аўтар ліста адзначыў, што на тэрыторыі тэрміналу санкцыйныя тавары – аўтамабільная аліва, антыфрыз і запчасткі для грузавых і легкавых аўтамабіляў – рэгулярна скіроўваюцца «ў Кыргызстан, Кітай, Казахстан транзітам праз Беларусь і Расею, але насамрэч усе гэтыя грузы мінаюць мяжу і застаюцца ў Беларусі або скіроўваюцца ў Расею».
Паводле ліста, у гэтай схеме замешаныя пяць кампаніяў: зарэгістраваная ў Польшчы «Vipa Group», у Беларусі – «Смарт Трэйд», у Казахстане – «IQ-Alliance» і ў Кыргызстане – «Торгавтоимпэкс». Пятай кампаніі са спісу мы ў гэтым матэрыяле згадваць не будзем, бо падчас правярання інфармацыі не знайшлі ў яе ніякай падазронай дзейнасці ці сувязі з іншымі.
Аўтар ліста таксама даслаў шэраг дакументаў, якія, паводле яго, даказваюць парушэнне санкцыйнага заканадаўства. Сярод групаў тавараў, згаданых у дакументах, – пластмаса і гума, а таксама вырабы з іх, запчасткі для рухавікоў, паліўныя помпы, махавікі і шківы, пракладкі, падвесныя сістэмы і іх часткі, антыфрызы ды іншае. Усё гэта падсанкцыйнае і падлягае кантролю, каб не трапляла ў Беларусь і Расею.

Пры гэтым, напрыклад, у «Vipa Group» запэўніваюць, што хоць тавары пастаўляюцца праз Беларусь і Расею, але скіроўваюцца выключна ў Кыргызстан, а пры транзіце праз Расею і Беларусь «не будуць падлягаць рэалізацыі, перапрацоўцы або захоўванню».
,,«Мы гарантуем, што тавары не будуць выкарыстоўвацца спосабам, не сумяшчальным з умовамі, устаноўленымі міжнароднымі санкцыямі», – гаворыцца ў дакументах за подпісам дырэктара фірмы Паўла К.
«Вельмі вялікі званочак»
Гэтыя дакументы і звесткі «Белсату» пракаментаваў работнік лагістычнай галіны. Суразмоўца звярнуў увагу на дасланы кантракт паміж польскай «Vipa Group» і кіргізскай «Торгавтоимпэкс» адносна пастаўкі запчастак да аўтаў, змазачных матэрыялаў і тэхнічных вадкасцяў, аўтакасметыкі, аўтахіміі. У дакуменце падкрэсліваецца, што пастаўка здзяйсняецца і цэны ўсталёўваюцца паводле ўмоваў FCA, Турэччына («Incoterms», 2000). Паводле яго, гэта сведчыць, што тавар пастаўляецца з турэцкай тэрыторыі, што ёсць «вельмі вялікім званочкам». Паводле яго, найкарацейшы шлях з Турэччыны ў Кыргызстан мусіў бы пралягаць праз краіны Каўказу, Каспійскае мора і Казахстан, у той час як «крук на Польшчу і Беларусь павялічвае дастаўку ў два-тры разы».
Адносна таго, што меркаваныя парушэнні заканадаўства адбываюцца ў адным з тэрміналаў «PKP Cargo Connect», ён адзначыў, што фірма можа пра іх нічога не ведаць, але «пры такіх маштабах яны мусяць адсочваць рызыкоўныя аперацыі».
Кыргызстан і Казахстан ужо не адзін год фігуруюць у расследаваннях адносна абыходу санкцыяў. Зарэгістраваныя там кампаніі або ўвозяць з Еўразвязу праз Беларусь і Расею тавары, якія забаронена пастаўляць у гэтыя краіны, або, наадварот, масава вывозяць тавары, якія да санкцыяў пастаўлялі беларускія і расейскія кампаніі.
Шматаблічны Сяргей С.
Дзве з пяці згаданых фірмаў – беларуская «Смарт Трэйд» і казахская «IQ-Alliance» – належаць грамадзяніну Беларусі Сяргею С. Беларуская кампанія была зарэгістраваная 29 красавіка 2023 года, казахская – 6 снежня 2024-га. Офіс «IQ-Alliance» месціцца ў жылым комплексе «Apple city» ў Астане, колькасць працаўнікоў – да пяці асобаў.
Паводле звестак з адкрытых крыніцаў і нададзеных «Белсату» ад «BELPOL», кіраўнік гэтых дзвюх фірмаў Сяргей С. працуе ў лагістычнай галіне з 2010 года. У прыватнасці, ён згадваецца на кіроўных пасадах (дырэктар, кіраўнік, намеснік дырэктар і ліквідатар) у кампаніях «Айрантэл» (2010 год), «Сіфтранс плюс» (2010-2011), «БелРэнтаКар» (2010–2011), «СНСінвестмент» (2011–2017), «Сядзіба ў сяброў» (2011–2013), «НікольЛагістыка» (2014–2018), «Анітагруз» (2014–2019), «ТрансферГруз» (2015–2016), «ВэстЛагістыкс» (2017), «ТрансВейБрэст» (2018–2020). У 2021–2023 гадах Сяргей С. быў сярод заснавальнікаў «Бінгатранс», пры гэтым, расказалі ў «BELPOL», быў пазначаны як «замежная фізічная асоба» з Белай Падляскай у Польшчы. З 2023 года ён у Беларусі кіруе згаданым «Смарт Трэйдам», але ўжо як грамадзянін Беларусі.

Апроч беларускіх і казахскіх фірмаў, ёсць на рахунку Сяргея С. і польскія. Паводле rejestr.io, з 2023 года ён узначальвае кампанію «Tirroll», да дзейнасці якой маюць дачыненне яшчэ адзін грамадзянін Беларусі і адзін расеец. Таксама з 2020-га Сяргей С. кіруе кампаніяй «Lineinvestment», якую з моманту заснавання ў 2019-м узначальвала ягоная жонка Таццяна.
Паводле нашага суразмоўцы з лагістычнай галіны, вялікая колькасць фірмаў з адным дырэктарам – з’ява нярэдкая ў лагістыцы, але кажа яна хутчэй пра іх ненадзейнасць і нядобрасумленнасць уладальніка. Пра гэта ж кажа і водгук у 2017 годзе на сайце Transavto.by. Там яго назвалі «самым галоўным падманшчыкам», які «ўсе справы і муціць». Аўтар водгуку заяўляў, што Сяргей С. фармальна «павесіў» на іншую асобу фірму «Інжко», хоць фактычна кіраваў ёю сам. Аўтар раіў перавознікам не звязвацца з гэтаю кампаніяй, бо «будзе кідалава». «BELPOL» ахарактарызаваў Сяргея С. як «зацятага парушальніка ПДР».
Кампанію «Гандальаўтаімпэкс» зарэгістравалі ў Кыргызстане 19 жніўня 2022 года. Ёю кіруе мясцовая грамадзянка Нуры Ш. Але фірма мае замежны ўдзел, а яе заснавальнікам у звестках Міністэрства юстыцыі Кыргызстану пазначаны імаверны беларус – Франц Ж. Ягоныя ініцыялы супадаюць з ініцыяламі асобы, якая яшчэ з 1990-х гадоў была актыўная ў міжнародным гандлі, у тым ліку з Польшчай. Апошняе вядомае ягонае месца працы, паводле «BELPOL», – намеснік дырэктара ў «Манлібоне», што прадае аўтамабільныя запчасткі (інтэрнэт-крама ml-auto.by).
Польскай «Vipa Group» таксама кіруюць беларускія грамадзяне. Заснаваная ў 2019 годзе беларусамі фірма, 3 студзеня 2023-га змяніла кіраўніцтва. Цяпер яе ўзначальваюць муж і жонка Павел і Настасся К. У Беларусі апошняе месца працы Паўла (на 2018 год) – кіраўнік «Зікмар Трэйд», што гандлюе аўтазапчасткамі, Настасся ж працавала ў лідскай раённай больніцы. Муж таксама з 23 красавіка 2024 года ўваходзіць у кіраўніцтва польскай кампаніі «Diva Express», заснаванай у 2022 годзе іншымі беларусамі. Устаўны капітал «Vipa Group» складае ўсяго 5 тыс. злотых ($ 1285). Чысты прыбытак фірмы за ўвесь 2023 год склаў 2576,75 злотых ($ 665).
Пяць беларускіх фірмаў з чатырох краінаў
Такім чынам, усе чатыры фірмы фактычна належаць беларусам, хоць і зарэгістраваныя ў чатырох краінах. Суразмоўца «Белсату» ў лагістычнай галіне звярнуў увагу на тое, што большасць з іх створаная пасля 2022 года, калі найбольш актыўна пачалі ўводзіцца санкцыі (у адзінай, што стварылі раней, у 2023 годзе змяніўся ўласнік). Таксама ніхто з іх не мае сваіх сайтаў, а звесткі пра некаторыя з іх можна знайсці толькі ў рэестрах.
,,«Гандлёвай фірме вельмі важна сябе рэкламаваць. Часам партнёры адмаўляюцца працаваць з новым партнёрам, пра якога няма ніякай інфармацыі. Аднак калі ўсе свае, то хопіць толькі рэгістрацыі гэтай пракладкі», – сказаў суразмоўца, дадаўшы, што гэта «таксама маленькі званочак».
Пры гэтым усе чатыры фірмы звязаныя паміж сабою. Сярод дакументаў, перададзеных «Белсату», бальшыня датычаць паставак польскай «Vipa Group», якою кіруюць беларусы, на адрас кіргізскага «Гандальаўтаімпэксу», дзе заснавальнікам значыцца таксама беларус. У некаторых інвойсах кошты даходзяць да 176 тыс. еўраў, а маршруты некаторых паставак, як мы ўжо пісалі вышэй, выклікаюць сумневы. У адным з дакументаў адзначаецца, што атрымальнікам падсанкцыйнага грузу «Vipa Group» ёсць беларускае «Смарт Трэйд», звязанае з казахскай «IQ-Alliance», «для далейшай адпраўкі» на адрас «Торгавтоимпэкс».
Але нашае расследаванне выявіла, што сувязі між імі нашмат больш шчыльныя. На сайце крамы аўтазапчастак ад кампаніі «Манлібон», прадстаўнік кіраўніцтва якой Франц Ж. заснаваў кіргізскі «Торгавтоимпэкс», згадваецца таксама беларускае «Зікмар Трэйд», што належыць уладальніку «Vipa Group» Паўлу К. І займаецца пастаўкамі аўтазапчастак, у тым ліку еўрапейскіх.
,,«Прадукцыю «Zikmar» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прадае «Манлібон» – інтэрнэт-крама www.ml-auto.by. А на тэрыторыі астатніх краінаў Мытнага саюзу прадукцыю «Zikmar» прадае «Автобай» – інтэрнэт-крама www.ml-auto.ru, надзеленая там ад «Зікмар Трэйд» правамі эксклюзіўнай дыстрыбуцыі», – гаворыцца на сайце ml-auto.by.
Пра тое, што «Автобай» – эксклюзіўны дыстрыб'ютар «Zikmar» у Расеі, паведамляецца і на сайце брэнду. Таксама «Автобай» заяўляе пра сябе наступнае: «Мы наўпроставы дыстрыбʼютар кампаніі «Манлібон» (г. Менск, Беларусь), забяспечваем гарантыю якасці на запчасткі і аператыўную дастаўку». А на расейскім сайце пошуку працы Joblum.com, у апісанні працадаўцы «Автобай», можна знайсці згадкі не толькі пра тое, што кампанія ёсць буйным дыстрыб'ютарам аўтазапчастак для «іншамарак» на рынку Беларусі, Расеі і Казахстану, але і пра тое, што яна ёсць «даччыным прадпрыемствам кампаніі «Манлібон». Больш за тое, згодна з адкрытымі крыніцамі, і Павел К. з «Vipa Group», і Франц Ж. з «Торгавтоимпэкс» у розны час узначальваў той самы «Аўтабай». За 2023 год фінансавая выручка расейскага «Автобая» вырасла на 43 % і склала 5,1 млрд расейскіх рублёў (амаль $ 60 млн паводле сярэдняга курсу за год).

Атрымліваецца, што пакуль польская кампанія беларуса Паўла К. праз Беларусь пастаўляе кіргізскай фірме беларуса Франца Ж. падсанкцыйныя аўтамабільныя запчасткі, іх беларускія кампаніі таксама актыўна супрацоўнічаюць паміж сабою. А самыя яны ў розны час узначальвалі адну расейскую фірму «Автобай», выручка якой паказала істотны рост у 2023 годзе (чаго не скажаш пра прыбытак польскай «Vipa Group»). Дапамагае ім у гэтым яшчэ адзін беларус – Сяргей С. У выніку сапраўды ўзнікаюць сумневы, што падсанкцыйныя тавары даходзяць да месца прызначэння, а не асядаюць дзе-небудзь па дарозе.
Розныя дакументы для розных краінаў
У каментары «Белсату» Аляксандр Ярашэвіч з каманды журналістаў-расследавальнікаў «Бюро» адзначыў, што звычайна машыны, якія бяруць удзел у абыходзе санкцыяў, «да ніякага Кыргызстану, Казахстану не даязджаюць», а перавознікі для мінання мяжы проста загадзя рыхтуюць два камплекты дакументаў:для мытнікаў краінаў Еўразвязу і для беларускіх.
,,«Кіроўца на польскай мяжы паказвае мытнікам адзін камплект дакументаў, што нейкая польская фірма нібы прадае тавары ў Кыргызстан. Фармальна ўсё добра, машыну такую прапускаюць. Яна пад’язджае на беларускую мытню, і тады кіроўца дастае іншы камплект дакументаў, што ўжо груз едзе з Беларусі ў Расею – маўляў, кіргізская кампанія скіравала ліст у беларускую кампанію і перадала абавязкі дастаўкі грузу, каб яна ўжо даставіла гэты груз у Расею», – патлумачыў Ярашэвіч.
Ён параўнаў змаганне з абыходам санкцыяў з гульнёй у кошкі-мышкі. Расследавальнік адзначыў: хоць краіны Еўразвязу і прыкрываюць пэўныя схемы, але ў адказ іх арганізатары спрабуюць шукаць новыя шляхі і захады: «закрываеш адзін канал, а з’яўляецца іншы».
«Фармальна ж машыны або запчасткі едуць у Кыргызстан – не дакапаешся. Хаця б [мытныя органы краінаў Еўразвязу. – Заўвага рэд. Belsat.eu] маглі ад экспарцёраў патрабаваць якія-небудзь дадатковыя дакументы, якіх тыя не могуць падаць. Бо фактычна перапрадаюць тавары, абыходзячы санкцыі», – сказаў прадстаўнік «Бюро».
Ад штрафу да крымінальнай справы
Карэспандэнты «Белсату» паспрабавалі атрымаць каментары ў згаданых фірмаў і асобаў. Але ані на знойдзеныя намі электронныя адрасы, ані ў сацсетках, нам ніхто не адказаў. На нумар, што прынамсі раней належаў Сяргею С. і ёсць у адкрытым доступе, мужчына, які зняў слухаўку, пасля кароткай паўзы сказаў «вы памыліліся» і адключыў званок. У ml-auto.by, куды мы патэлефанавалі пад выглядам кліента, ухіліліся ад наўпроставага адказу на пытанне, ці можна набыць менавіта еўрапейскія запчасткі для аўтамабіля, адзначыўшы, што ўсё будзе залежыць «ад прапановаў на рынку». Пры гэтым на сайце ml-auto.by знайсці падсанкцыйныя еўрапейскія тавары можна – напрыклад, маторную аліву італьянскай маркі «Dinoil». Прычым сумарна ідзецца пра тысячы каністраў. Сярод брэндаў, якія прапануе ml-auto.by на сваім сайце, ёсць і брытанская «BG Automotive LTD», што згадваецца ў адной з накладных на адрас кіргізскага «Торгавтоимпэкс».

Таксама мы звярнуліся з пісьмовым зваротам у «PKP Cargo Connect», але адказу пакуль не атрымалі. У Нацыянальнай падатковай адміністрацыя Польшчы (КАС) у адказ на запыт «Белсату» назвалі супрацьдзеянне і выяўленне абыходу санкцыяў у дачыненні Расеі і Беларусі «адным са сваіх прыярытэтаў». Аднак адзначылі: праз абмежаванні, што датычаць фінансавай таямніцы, не могуць «даць інфармацыі пра дзейнасць, што ажыццяўляецца ў дачыненні канкрэтных юрыдычных асобаў».
Разам з тым у КАС падкрэслілі, што пры пацвярджэнні абыходу санкцыяў будуць выкарыстаныя «інструменты, якія адпавядаюць маштабу парушэння, для ліквідацыі або абмежавання практыкі і пакарання асобаў, адказных за абыход санкцыяў». У прыватнасці, можа весціся пра падачу заявы на залучэнне гэтых асобаў у санкцыйны спіс, накладанне штрафу памерам да 20 млн злотых ($ 5,2 млн) або перадачу звестак у «кампетэнтныя праваахоўныя органы».
Макар Мыш, Дар’я Форман, Алесь Наваборскі belsat.eu