Аналітыка

Была драўніна беларуская, а сталася кітайскаю. Колькі каштуе абысці санкцыі Еўразвязу

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Wojciech Strozyk / Reporter / East News
podpis źródła zdjęcia

Схема з пастаўкамі беларускай драўніны пад выглядам кітайскай з Беларусі ў краіны Еўразвязу працягвае набіраць абароты. Людзі, знаёмыя з сітуацыяй, расказваюць, што ў яе ўцягваецца ўсё больш кампаніяў, гатовых укладацца ў імпарт падсанкцыйных тавараў з мэтай эканоміі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«На Кітай ціснуць цяжэй». Беларусь, падобна, знайшла новы спосаб абыходзіць санкцыі ЕЗ на драўніну

навіны

У сярэдзіне жніўня «Белсат» паведамляў, што беларускую драўніну пачалі пастаўляць у ЕЗ пад выглядам кітайскай. «Тавары – пелеты, драўляныя домікі, металаканструкцыі – надалей вырабляюцца ў Беларусі, але, каб пазбегнуць санкцыяў, маркіруюцца кітайскімі таварамі і пастаўляюцца ў Еўразвяз», – казала нашая крыніца.

Цяпер жа сталіся вядомыя дадатковыя дэталі гэтай схемы, якая, як заяўляецца, працягвае пашырацца.

Як працуе схема

Крыніца ў лагістычнай галіне паведаміла «Белсату», што кошт пастаўкі фуры з падсанкцыйнай прадукцыяй ад заводу ў Беларусі на склад у Польшчы – 5-6 тыс. еўраў з мытнай ачысткай тавару. Часам выстаўляюць цэннік у 2 тыс. еўраў і аплату дадатковых выдаткаў. Пастаўку можна аформіць або наўпрост ад кітайскай фірмы, або праз польскую кампанію-«пракладку». Атрымальнік мае заплаціць сродкі на рахунак фірмы, адкрытай у Польшчы, якая ўжо і займаецца пастаўкай тавару. Але ёсць умова: патрэбны аб’ём у некалькі дзясяткаў фураў на месяц.

,,

«Ты плаціш авансам еўрапейскай кампаніі за пастаўку з „Кітаю“ за патрэбны табе санкцыйны тавар і даеш кантакты беларускай фірмы, дзе гэта купляў. Яны робяць кітайскія сетыфікаты на прадукцыю беларускага заводу і ўвозяць тавар ў ЕЗ, дзе размытняюць яго і прывозяць на твой склад ужо размытнены тавар. Такім чынам, ты купляеш санкцыйны тавар, але ад еўрапейскай фірмы», – распавяла крыніца.


Падобным чынам завозіцца пад выглядам кітайскай прадукцыі беларуская фанера і іншыя вырабы з драўніны, на якія «вешаюць кітайскія пломбы, кітайскія этыкеткі паўсюль, дзе можна».

Рэклама такой паслугі афіцыйна не даецца, а інфармацыя распаўсюджваецца праз «сарафаннае радыё». Крыніца мяркуе, што адпачатку гэтай схемай займаліся буйныя фірмы, а цяпер схема «пашыраецца на простых смяротных».

Чаму гэта выгадна і як выявіць падсанкцыйны тавар

Суразмоўца адзначыў, што кошт уласна транспартнай паслугі за пастаўку адной фуры з таварам з Беларусі ў Польшчу звычайна складае 1–1,5 тыс. еўраў. А ўсё, што звыш гэта, – «камісія» арганізатараў схемы па «кітаізацыі» тавару.

«Узровень іх заробку – недзе 3 тысячы, калі адняць плату за сертыфікаты і ўсё астатняе. З улікам таго, што яны хочуць вялікія аб’ёмы, то сертыфікаты, магчыма, каштуюць не танна. Разава яны не хочуць выпісваць. І для таго, каб адбіць сертыфікат і яшчэ зарабіць на гэтым, трэба везці шмат фураў», – распавяла крыніца.

Паводле яе, гэтая схема выгадная тым, хто купляў танна тавар у Беларусі, які з прычыны санкцыяў цяпер увозіць нельга. Праз гэта трэба было ўвозіць тавар з іншых краінаў, дзе ён значна даражэйшы. А арганізатары схемы прапануюць надалей купляць беларускія тавары, якія нават з іхнай камісіяй таннейшыя за, напрыклад, нямецкія. Крыніца адзначыла, што «тэма даволі папулярная» і «аб’ёмы там вялікія».

«Размаўляў з людзьмі, і сказалі, што санкцыі абыходзяцца на раз-два. Шмат якія фірмы проста чарняць па-дзікаму», – сказала крыніца.

Суразмоўцу моцна здзіўляе, чаму гэтую схему не прыкрылі польскія ўлады. Паводле яго, схема выкрываецца вельмі лёгка:

«Вырабы з драўніны – фанера, дсп – вельмі танныя. Умоўна кажучы, калі ў цябе фура тавару каштуе 20 тыс. еўраў, табе яе нявыгадна везці з Кітаю. Бо толькі фрахт будзе 10–15 тыс. еўраў. У выніку калі ты бачыш такі танны тавар, які перасякае беларуска-польскую ці беларуска-літоўскую мяжу, і адпраўцам лічыцца Кітай – гэта ўсё санкцыйка. Ніхто не будзе везці тавар за трыдзевяць зямель, калі фрахт будзе роўны гэтаму тавару. Прасцей з Фінляндыі прыцягнуць з усімі іх коштамі».

Рост паставак у разы

Пра рост колькасці паставак драўніны і вырабаў з яе наземным транспартам сведчаць і звесткі Еўрастату. Калі за студзень-жнівень 2024 года пастаўкі кітайскай драўніны, прадукцыі з яе і драўнянага вуглю морам у Еўразвяз выраслі ў грашовым эквіваленце на 4,6 % да аналагічнага перыяду 2023 года, а авіятранспартам знізіліся на 6,2 %, рост паставак па сушы склаў 39 %.


Ці не самы вялікі рост паказваюць пастаўкі ў Польшчу, якія раней былі незаўважнымі. Напрыклад, у дакавідны 2019 год з Кітаю сюды было пастаўлена драўніны і прадукцыі з яе на 560,5 тыс. еўраў, а ў 2022 год, калі былі ўведзеныя санкцыі супраць беларускай дрэваапрацоўкі, – на 893,6 тыс. еўраў. Аднак ужо ў 2023 годзе кітайскай драўніны паставілі на 6,7 млн еўраў, а за восем месяцаў 2024-га – на 16 млн еўраў.

Пастаўкі кітайскай драўніны і вырабаў з яе за восем месяцаў 2024 года павялічыліся ў 5,1 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га. А ў параўнанні з усім 2019 годам – у 28,5 раза.


«Кудысьці ж трэба дзяваць гэтую прадукцыю»

Алесь Ярашэвіч, журналіст расследавальніцкага выдання «Бюро-Медыя», у каментары «Белсату» заявіў, што не здзіўлены існаваннем схемаў з пастаўкамі прадукцыі беларускай дрэваапрацоўкі пад выглядам кітайскай. Ён адзначыў, што раней ужо былі выкрытыя пастаўкі беларускай фанеры і пелетаў нібы з Казахстану і Кыргызстану.

«Мы пра гэта расказалі і тады вельмі хутка на гэта зрэагавалі спачатку літоўскія ўлады, а потым і польскія. Яны заняліся праверкамі кампаніяў, якія пасярэднічалі ў гэтым бізнесе і фактычна спынілі гэтую схему. Калі ў Літву ўязджала машына з драўнінай з казахскімі або кыргызскімі дакументамі, то яе па сутнасці разварочвалі, патрабуючы дакументы, якія перавознікі не маглі надаць», – згадаў Ярашэвіч.

У выніку адбыўся рэзкі спад паставак прадукцыі дрэваапрацоўкі з Кыргызстану і Казахстану ў Еўразвяз. «Але кудысьці ж трэба дзяваць гэтую прадукцыю. І тут на дапамогу прыйшоў Кітай», – адзначыў журналіст.

На яго думку, гэтая схема можа быць ухваленая як на ўзроўні канкрэтных фірмаў і бізснесцоўцаў, гэтак і чыноўнікаў ці нават урадаў. Суразмоўца не выключае таксама, што беларускія бізнесы могуць для гэтага рэгістраваць свае кампаніі ў Кітаі.

,,

«З гэтым цяжэй, напэўна, будзе змагацца. Калі Казахстан і Кыргызстан маюць не так і шмат гэтага лесу, то ў Кітаі лесу хапае», – сказаў Ярашэвіч.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Marcin Rutkiewicz / Reporter / East News

Улады Бельгіі пачалі правяранне інфармацыі аб імаверных пастаўках «кітайскай» драўніны з Беларусі

навіны

Паводле яго, пацвердзіць краіну паходжання драўніны маглі б лабараторныя даследаванні, але ці захочуць улады краінаў Еўразвязу «замарочвацца» гэтым пытаннем – невядома. Магчыма, заняцца гэтым магло б паспрыяць жаданне польскіх дрэваапрацоўнікаў пазбавіцца ад канкурэнта, які збівае кошты. Таксама журналіст не выключае, што спыніць санкцыі маглі б перамовы польскіх уладаў са сваімі кітайскімі калегамі, якія б маглі націснуць на Менск.

Два варыянты спыніць абыход санкцыяў

У жніўні «Белсат» ужо звяртаўся ў мытныя службы Польшчы, Чэхіі, Нідэрландаў і Бельгіі – краінаў, у якія найбольш пастаўлялася драўніны наземным транспартам. У бельгійскай мытнай службе нам адказалі, што распачалі правяранне ў дачыненні кітайскага імпарту. Аднак звярнулі ўвагу, што наменклатура гэтага імпарту адрозніваецца ад той прадукцыі, якая раней пастаўлялася з Беларусі.

У мытнай службе Нідэрландаў адмовіліся паведамляць, ці спраўдзяць кітайскі імпарт драўніны, але прызналі, што «на практыцы даказаць факт абыходу [санкцыяў. – рэд. belsat.eu] аказваецца няпроста, таму верагоднасць абыходу заўсёды застаецца».

Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы запэўніла, што маніторыць імпарт драўніны і стала намагаецца супрацьдзеяць парушэнню санкцыяў, уведзеных супраць Беларусі і Расеі. Як заяўляецца, службоўцы пільна спраўджваюць мытныя дэкларацыі, разлікі паміж удзельнікамі гандлёвай угоды, доказы паходжання тавараў, шукаюць прыкметы падробкі ў дакументах, прымаюць іншыя захады. Мытная служба Чэхіі на запыт «Белсату» не адказала.

,,

«Для спынення абыходу санкцыяў ёсць два шляхі. Першы – гэта знайсці канкрэтныя доказы фактаў абыходу і адправіць пад санкцыі канкрэтныя асобы і кампаніі, якія вінаватыя ў гэтым парушэнні санкцыйных захадаў. Або другі – ён больш комплексны. Гэта абмежаваць транзіт падсанкцыйных тавараў праз тэрыторыю Беларусі. Гэта вырашыла б не толькі праблему з прадстаўленым кейсам, але і са шмат якімі іншымі», – адзначыў у каментары «Белсату» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.


Афіцыйна Беларусь у Польшчу драўніну не пастаўляе

Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да беларускай драўніны ў 2022 годзе за саўдзел уладаў Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны. Яны закранулі каля 50 % аб’ёмаў паставак беларускай прадукцыі. Але пакуль, як піша БелТА, беларуская дрэваапрацоўка дае рады з заходнімі санкцыямі. Кіраўнік «Беллеспаперапрам» Сяргей Касьянаў заяўляе, што «нашыя прадпрыемствы ўжо маюць разуменне, куды яны будуць адпраўляць свае тавары». Паводле яго, перадусім гэта Расея, а таксама ўсходнія і афрыканскія рынкі. Пра рост выпуску заяўляюць і асобныя прадпрыемствы.

У спісе экспарцёраў драўніны за 2024 год, прадстаўленым у гандлёвай базе ААН (UN Comtrade), няма інфармацыі аб Беларусі і Расеі. Згодна са звесткамі гандлёвых партнёраў Менску, беларуская драўніна і прадукцыя дрэваапрацоўкі экспартуецца ў Азербайджан, КНР, Узбекістан, Турэччыну, Арменію, Кыргызстан.

Згодна са звесткамі Галоўнага мытнага ўпраўленне КНР, за студзень–красавік 2024 года Кітай істотна нарасціў імпарт з Беларусі беларускай драўніны і прадукцыі дрэваапрацоўкі: да $ 81,9 млн супраць $ 62 млн за такі ж перыяд 2023 года. Рост адбываўся штомесяц.

Адзначым, што імпарт сваёй драўніны у Кітай нарасціла і Польшча. Польская гандлёва-прамысловая палата дрэваапрацоўчай прамысловасці паведаміла, што «ў першым паўгоддзі 2024 года экспарт неапрацаванай драўнянай сыравіны з Польшчы ў Кітай склаў 449 091 кубаметр», павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года на 151 411 кубаметраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: East News

Мы працягваем сачыць за сітуацыяй

«Белсат» папрасіў пра каментар на тэму магчымасці паставак падсанкцыйнай прадукцыі з Беларусі пад выглядам кітайскай у кампаніі ChinskRaport, якая, як заяўляецца, з 2011 года аказвае «шырокі спектр паслуг для прадпрымальнікаў, якія гандлююць з Кітаем» і абараняе «польскія кампаніі і прадпрымальнікаў ад нядобрасумленных пастаўшчыкоў з Кітаю».

Таксама «Белсат» звярнуўся па каментар у Польскую гандлёва-прамысловую палату дрэваапрацоўчай прамысловасці, што называе сябе «адной з найбуйнейшых агульнанацыянальных арганізацыяў гаспадарчага самакіравання ў гэтай галіне», якая дзейнічае з 1992 года і аб’ядноўвае каля 150 кампаніяў.

Калі вы чулі пра гэтую сітуацыю і хочаце падзяліцца інфармацыяй з журналістамі «Белсату», можаце пісаць нам у Telegram @edytorBLST. Гэта бяспечна і ананімна.

Макар Мыш, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10