Аналітыка

Змена элітаў. Сістэма шукае лаяльных, а не таленавітых

Чыноўнікі падчас сёмай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чыноўнікі падчас сёмай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 25 сакавіка 2025 года. Скрынштот відэа Белта/youtube
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі адбываецца плаўная змена элітаў, заявіў старшыня праўлення праўладнага Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў. Пэўныя змены сапраўды ёсць, але яны не азначаюць змены ў кіраванні краінай. «Белсат» пацікавіўся ў экспертаў, што гэта за змены.

«Мне прыемна назіраць за тым, што ў нашай краіне ажыццяўляецца плаўная змена элітаў, без рэзкіх рыўкоў і рэвалюцыйных зменаў. Досвед кожнага пакалення назапашваецца і перадаецца. Магчыма, маладыя людзі лепш разбіраюцца ў новых тэхналогіях і штучным інтэлекце, але памяць аб Вялікай Перамозе і дасягненнях суверэннай Беларусі захоўваецца і служыць трывалым падмуркам», – сказаў Андрэй Крывашэеў.

Ідзе амаладжэнне кадраў

Заснавальнік «Цэнтра новых ідэй» Рыгор Астапеня ў перадачы «Часики тикают» анансаваў даследаванне аб кіруючым класе Беларусі і падзяліўся змяненнем, якое заўважыў падчас падрыхтоўкі даследавання.

,,

«Аляксандр Лукашэнка ўвесь час амалоджвае кадры. Калі паглядзець на ўзрост яго і прэм’ер-міністра ў момант назначэння гэтага міністра, то ўвесь час расце адлегласць паміж імі. То бок ён свядома гэта робіць. Спачатку былі людзі крыху старэйшыя ад яго, потым роўныя. Тое самае з адміністрацыяй прэзідэнта. Там таксама кіраўнікі адміністрацый спачатку былі прыкладна яго пакалення, а пасля расла прорва ва ўзросце паміж імі. Цяпер яна максімальная – амаль у два разы», – кажа Астапеня.


Ён лічыць, што Лукашэнку больш падабаецца атачаць сябе маладымі.

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман дадае, што Лукашэнку здаецца, што людзі, якія менш часу знаходзяцца ў дзяржапараце, больш лаяльныя да яго.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем падчас Другога форуму «Пояс і шлях» у Доме народных сходаў у Пекіне, Кітай. 25 красавіка 2019 года. Фота: Pool Photo via AP / Andrea Verdelli

Унук Лукашэнкі можа зрабіцца канкурэнтам Мікалая?

навіны

«Больш абавязаныя сваёй кар'ерай. Умоўна, той жа Мясніковіч памятае часы “да” [прэзідэнцтва Лукашэнкі. – Заув. рэд.]. Умоўны зубр, ветэран гэтай сістэмы, а вось гэтыя людзі не памятаюць. Яны ўсім абавязаныя Лукашэнку», – кажа Шрайбман.

Аднак час «зуброў» скончыўся, дадае Астапеня. Эксперты заўважаюць, што замест старых чыноўнікаў папрыходзілі ў дзяржкіраванне нават іх дзеці. Гэта ж ёсць нават сярод дэмакратычных палітыкаў па-за дзяржаўнай сістэмай.

«Быў Рыжанкоў-старэйшы, цяпер Рыжанкоў-малодшы, быў Гайдукевіч-старэйшы, цяпер Гайдукевіч-малодшы, Вячорка таксама – усе памяняліся», – працягвае Астапеня.

Чыноўнікі сапраўды з часам становяцца маладзейшымі за Лукашэнку, аднак гэта не азначае якаснай змены элітаў, выказвае меркаванне «Белсату» прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінета, каардынатар праграмы «Кадравы рэзерв для новай Беларусі», кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасяджэнне Саўміна. Менск, Беларусь. 19 лютага 2025 года. Фота: zviazda.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасяджэнне Саўміна. Менск, Беларусь. 19 лютага 2025 года. Фота: zviazda.by

«Змена адбываецца, калі толькі браць фактар узросту, бо тут ёсць абмежаванне ў заканадаўстве, што чыноўнікі мусяць выходзіць на пенсію па дасягненні 65 гадоў [ёсць выключэнні для некаторых чыноўнікаў. – Заўв. рэд.]. Адзін толькі Лукашэнка лічыць сябе незамяняльным.

,,

У яго атачэнні ёсць некалькі чалавек, якія перакрочылі разам з ім пенсійны ўзрост. Але гэта хутчэй яго бліжэйшыя паплечнікі яшчэ з 90-х, якім ён можа давяраць. Для ўсіх астатніх дзейнічае адсеў па дасягненні пенсійнага ўзросту», – кажа Губарэвіч.


Але амаладжэнне кадраў не азначае, што новыя людзі будуць кіраваць неяк інакш, лічыць ён, бо цяпер беларуская сістэма шукае лаяльных, а не таленавітых.

«Прафесійныя кваліфікацыі, досвед, уменне кіраваць калектывам, разуменне сферы, куды ставяць чыноўніка, адыходзіць на другі план», – падкрэслівае суразмоўца.


Мяняюцца не эліты, а ўплыў розных груп

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Мінабароны ў Менску, Беларусь. 14 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Мінабароны ў Менску, Беларусь. 14 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Хаця сутнасных зменаў сярод элітаў няма, у залежнасці ад сітуацыі больш ці менш уплывовымі могуць станавіцца розныя групы чыноўнікаў.

«Ёсць людзі больш схільныя да кантролю і дамінавання ролі дзяржавы ў грамадскім жыцці, а ёсць тыя, хто лічаць, што Беларусь мусіла б развівацца, калі не па законах дэмакратычнай краіны, то прынамсі па законах рынкавай эканомікі.

Адбываецца змена ўплываў гэтых групаў у адпаведнасці з тым, як мяняецца пазіцыя кіраўніка дзяржавы і з прыярытэтамі, якія ставяцца ў той момант», – працягвае Юрый Губарэвіч.

На яго думку, цяпер адбываецца дамінаванне групы сілавікоў, якая ўзмацнілася пасля 2020 года.

«Замест таго, каб праводзіць палітыку спрыяння грамадскім ініцыятывам, наадварот уводзіцца грамадскі кантроль над усім, што адбываецца ў Беларусі. Тут сілавікі першыя памочнікі», – кажа Юрый Губарэвіч.


Задача топ-чыноўнікаў – кантроль, а не развіццё


У апошнюю хвалю зменаў найбольш важных чыноўнікаў стала бачна, што некаторыя прызначэнцы ўвогуле далёкія ад таго, чым іх паставілі кіраваць. Напрыклад, замест паспяховага кіраўніка Нацбанка Паўла Калавура з паста прэм’ера прыйшоў Раман Галоўчанка. Да прэм’ерства ён быў звязаны з сілавымі структурамі, ваенна-прамысловым комплексам, дыпламатычнай дзейнасцю, але ніколі не працаваў у банкаўскай сферы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка (з 10 сакавіка 2025 года). Фота: БелТА
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка (з 10 сакавіка 2025 года). Фота: БелТА

А былы міністр МУС Юрый Караеў увогуле прызначаны на месца старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітата.

Аднак прызначэнне чыноўнікаў відавочна не на свае месцы не новая з’ява, лічыць Губарэвіч.

«Калавур хіба быў найбольш адпаведным свайму месцу ў плане ягоных кампетэнцыяў і здольнасцяў. Адносна іншых галоўны крытэрый – асабістая адданасць. Тут гаворка пра топ-чыноўнікаў, канешне, бо іх задача – ажыццяўляць кантроль і даводзіць палітыку, тон якой задае Лукашэнка. Ужо выкананне, канкрэтная адказнасць за поспехі і паразы ляжыць на чыноўніках сярэдняга звяна. У гэтым асяродку могуць быць і прафесіяналы сваёй справы, а топ-чыноўнік – гэта перш за ўсё кантралёр.

У прынцыпе гэта было заўсёды з невялічкімі адхіленнямі, калі былі спробы рэфармаваць эканоміку ці аслабіць ціск на прыватную ініцыятыву. Тады былі як раз спробы пашукаць прафесіяналаў, якія здольныя рэалізаваць гэтыя задачы», – адзначае Губарэвіч.


Перамен у сістэме не прадбачыцца


Нейкіх зрухаў з элітамі ў цяперашняй беларускай сістэме не прадбачыцца і далей – Лукашэнка таксама будзе абіраць лаяльных і перакідваць кадры з месца на месца, каб яны не абрасталі сувязямі на адным месцы і не набіралі ўплыву.

,,

«Што тычыцца нармальнай дэмакратычнай сістэмы, то, калі б такая была ў Беларусі, адбывалася б адмысловая праца з кадрамі і перадусім любы таленавіты чалавек, які мае адпаведныя здольнасці, кваліфікацыю, жаданне паспрабаваць сябе ў публічнай адміністрацыі, дзяржкіраванні, меў бы шанец патрапіць у адпаведнасці з конкурсам і заняць пасаду.


Таму тым людзям, якіх мы запрашаем у “Кадравы рэзерв”, мы паказваем прыклады таго, як працуюць сістэмы дзяржкіравання ці рэгіянальнага кіравання ў дэмакратычных краінах.

У нармальнай сістэме людзі, якія сябе праяўляюць, маюць перспектывы росту, незалежна ад таго, якой палітычнай пазіцыі прытрымліваюцца», – падводзіць рысу Юрый Губарэвіч.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10