Аляксандр Лукашэнка ўпершыню паказаў на інаўгурацыі амаль увесь свой клан. Ягоныя сыны, іхныя жонкі і дзеці сядзелі ў адмысловай ложы пад вокам ахоўнікаў. На думку Юрыя Дракахруста, Лукашэнка можа дэманстраваць сваю сямейную моц. Ці выбраў ён пераемніка? Пра гэта ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою размаўляюць Юрый Дракахруст і Зміцер Міцкевіч.
Сяргей Пеляса: Лукашэнка ўпершыню рассадзіў амаль увесь свой клан, як нейкіх прынцаў з казкі. Падчас гэтай цырымоніі паказалі літаральна чатыры кадры, на якіх бачная амаль уся ягоная сям’я. Чыноўнікі сядзяць фронтам, тварам да Аляксандра Лукашэнкі. Ягоны клан сядзіць бокам і назірае за чыноўнікамі. Пра што гэта сведчыць, што яны ў такой адмысловай ложы, падкрэсленыя і ўсе разам?
Зміцер Міцкевіч: Верагодна, Лукашэнка спрабуе паказаць, што гэта тыя людзі, якім ён, верагодна, збіраецца штосьці перадаваць у найбліжэйшы час. Гэта не тое каб планы, але каб падкрэсліць, што для яго як для феадала паводле светапогляду менавіта гэта дэфініцыя сям’і, што для яго гэта важна, паказвае, што мы тут гаспадары. Ён іх асобна пасадзіў і дэманструе. Не думаю, што было вельмі шмат ахвочых, якія шчыра хацелі папрысутнічаць на гэтым мерапрыемстве. Мы ведаем, што высновы для некаторых і вынікі не самыя добрыя. Напрыклад, звольнілі чыноўніцу, якая там заснула. Яму трэба было паказаць, што ў яго ёсць апора. Гэта адна з частак дэманстрацыі, бо, з аднаго боку, ён паказваў сваю сям’ю, а таксама мілітарызм, які мы падкрэслілі ў пачатку размовы. Каб паказаць, што ён моцна стаіць на нагах і ў яго ёсць свае людзі, якія за яго гатовыя грызці зямлю.
У мяне складаецца ўражанне, што Лукашэнка пасля 2020 года і асабліва цяпер перастаў саромецца і хаваць сваю сям’ю. Раней Коля ездзіў з ім у камандзіроўкі, Віктар часам з’яўляўся, радзей – Дзмітрый. Увесь гэты кагал, сыны з дочкамі, унукі. Найстарэйшы ўнук, які выглядае ўжо амаль як Лукашэнка, яму за дваццаць і ён сур’ёзны хлопец. Невядома, ці не ўнук будзе канкурэнтам Мікалая. Я магу сабе ўявіць гульню тронаў па-лукашысцку праз некалькі гадоў. Яшчэ адна цікавая дэталь кідаецца ў вочы. Справа ад Віктара і злева ад Мікалая стаяць ахоўнікі. Крыху прыхаваныя. Здавалася б, Менск зачышчаны. Беларусь накрывае хваля рэпрэсіяў. Усе, хто прыйшлі, прайшлі кантроль. Чаго баяцца? Навошта трымаць ахоўнікаў за два метры ад сыноў?
Зміцер Міцкевіч: Гэта тая самая параноя. Лукашэнка нікому не давярае. У тым ліку дэманстрацыя сям’і – гэта дэманстрацыя параноі. Яму трэба паказваць, што ёсць тыя, каму ён давярае. Гісторыя з тым, што ён пастаянна з аднаго боку ў другі. Мы таксама часам чуем пра з’яўленне магчымых пераемнікаў. Трэба зразумець, што ён паталагічна нікому не давярае. Ён усіх баіцца. Або гэты здрадзіць, або той. Ён пабудаваў сістэму такім чынам, што немагчыма кагосьці з гэтай сістэмы згенераваць, хто будзе пераемнікам. Таму паўсюль ахоўнікі. Ён спрабуе паказаць, што я народны кіраўнік, з людзьмі сустракаюся, пастаянна размаўляю... Але ўсё роўна тырчаць вушы параноі. Гэты выпадак, які засеў у ягонай галаве, калі ён прыехаў на МЗКТ у 2020 годзе і яму ясна сказалі, куды яму трэба ісці.
Сяргей Пеляса: Вядомая сцэна, калі яму людзі ў твар крычалі: «Сыходзь!»
Зміцер Міцкевіч: У яго вельмі моцна гэта засела ў галаве.
Сяргей Пеляса: Юрыю, мне кінулася ў вочы карцінка, дзе Лукашэнка ўпершыню так моцна падкрэсліў свой клан. На вашую думку, чаму ён так адмыслова падкрэсліў не проста сыноў, а ўсю сям’ю, тры пакаленні?
Юрый Дракахруст: Адна з магчымых інтэрпрэтацыяў: ён ужо некалькі разоў адносна некаторых заходніх палітыкаў казаў, што калі няма дзяцей, то кепска, гэта людзі другога гатунку. Хваліў Трампа, што ён такі дзеталюбівы. Магчыма, тут дэманстрацыя сваёй сямейнай моцы. Цяпер шмат плётак, можа, Коля, можа, Віця, што ён думае пра спадчынніка. Можа, і думае. Напэўна думае. Мы бачым, што Віктар быў дарадцам Аляксандра Лукашэнкі ў пытаннях бяспекі. І перастаў быць дарадцам. Ён яго з дарадцаў адставіў, паслаў на Алімпійскі камітэт. Коля занадта малы.
Сяргей Пеляса: А ўнук? Мне кінулася [у вочы], што за Віктарам сядзеў ягоны сын. І гэты ўнук Лукашэнкі, найстарэйшы, даволі сталы. Ён рослы, як дзед. Ці не з’явіцца нейкі фактар побач з Колем, які можа паблытаць гэтую гульню?
Юрый Дракахруст: Можа, але калі браць досвед краінаў, дзе гэта было рэалізавана: Азербайджан; цяперашні Туркменістан, дзе Гурбангулы сына зрабіў прэзідэнтам; дынастыя Кімаў, калі адзін аднаму перадае... Старэйшы ўладар малога неяк прасоўваў, прызначаў міністрам, мэрам сталіцы. Чалавек рос, вучыўся нават у царскія часы, у манархіях. Манарх сына прызначаў у камітэт, каб ён вучыўся, як кіраваць. Але гэтага мы не бачым. Была сітуацыя з Віктарам. Віктар пабыў памочнікам і перастаў [быць]. Дзмітрыя не прасоўваў. Калі такая думка ўзнікне ў больш практычным сэнсе, тады можам сказаць, што ён узяў курс на сямейную пераемнасць. Пакуль гэтага няма. Пакуль мы не бачым, каб іх прасоўвалі, то няма прадмету для абмеркавання.
Больш глядзіце ў відэа: