У 40-ую гадавіну з дня смерці самага славутага беларускага мастака «Белсат» згадвае цікавыя факты пра яго.
Перажыў усіх вядомых імпрэсіяністаў XX стагоддзя
Цяпер у гэта складана паверыць, але Марк Шагал нарадзіўся ў Лёзне каля Віцебску ў канцы XIX стагоддзя. Тады яшчэ не існавала антыбіётыкаў, радыё, тэлебачання і самалётаў.
У аўтабіяграфіі ён не без гумару прыгадвае момант нараджэння:
«Нарадзіўся я мёртвым. Не хацеў жыць. Гэткі, уявіце, бледны камячок, які не жадае жыць. Як быццам наглядзеўся карцінаў Шагала».
Каб прымусіць нованароджанага закрычаць, сям'і давялося задзеяць увесь небагаты на той момант хатні арсенал – іголкі і карыта з халоднаю вадою.
Хто б тады мог падумаць, што наперадзе габрэйскага хлопчыка са звычайнай шматдзетнай сям'і чакае доўгае жыццё ў промнях славы? За наступныя без малога 98 гадоў ён перажыў дзве вайны і некалькі эміграцыяў, а таксама ўсіх знакамітых імпрэсіяністаў XX стагоддзя.
Памёр мастак 28 сакавіка 1985 года ў сябе ўдома ў Францыі. Дарэчы, як і прадказала яму ў маладосці варажбітка, памёр «у палёце», калі паднімаўся на другі паверх свайго дому ліфтам.

Ні разу за 55 гадоў не вярнуўся ў Віцебск, хаця ўвесь час яго маляваў
У 1906-м пачаўся доўгі эмігранцкі шлях Шагала. У веку 19 гадоў пераехаў у Санкт-Пецярбург, каб навучацца ў мастацкай школе. З 1911-га да 1913 года жыў у Парыжы, а ў 1914-м на пару месяцаў вярнуўся ў Віцебск, каб убачыць сям'ю і нявесту Бэлу. Але Першая сусветная вайна і рэвалюцыя ў Расеі адклалі планы на 8 гадоў. За гэты час яны з Белай ажаніліся, нарадзілася дзіця.
У 1923 годзе Шагал з сям'ёй назаўжды развіталіся з Віцебскам і з'ехалі ў Францыю – краіну, дзе мастак у выніку пражыў асноўную частку свайго жыцця. З іх дваццаць апошніх гадоў – у мястэчку Сэн-Поль-дэ-Ванс на Блакітным беразе.
У мемуарах ён называў Віцебск «дзіўным, няшчасным і сумным горадам», але і ў шаноўным веку з пяшчотай адлюстроўваў яго на сваіх палотнах.
Тым не менш у 86 гадоў, калі ўпершыню з моманту пераезду наведаў Савецкі Саюз, у Віцебск мастак пастанавіў не ехаць. Калі яго спыталі, чаму, ён толькі паклаў руку на сэрца.
Біёграфы мастака схільныя думаць, што ён хацеў «закансерваваць» Віцебск у сваёй памяці такім, якім яго памятаў, і баяўся не пазнаць гораду праз паўстагоддзя.

У Шагала была іншая жонка і двое дзяцей
Усе ведаюць першую жонку мастака Бэлу Розэнфэльд, бо яе ён адлюстроўваў на бальшыні сваіх «лятучых» карцінаў і называў «адзінаю любоўю майго жыцця», але насамрэч Марк Шагал быў жанаты двойчы і меў дваіх дзяцей.
Бэла памерла ў ЗША ў 1944-м у веку 54 гадоў, усяго за пару дзён да вызвалення Францыі. Шагал востра перажываў страту за адзін год жонкі і роднага брата – і год наагул не падыходзіў да пэндзляў.
У памяць пра Бэлу ён выдаў ейную кнігу «Агні, якія гараць» са сваймі ілюстрацыямі, а іхная дачка Іда пераклала кнігу з ідыш на французскую мову (Шагал прызнаваўся, што за ўвесь час добра не вывучыў ні англійскай, ні французскай моваў).

У 1945-м 58-гадовы Шагал пазнаёміўся з 30-гадовай англічанкаю Вірджыньяй МакНіл-Гагард, якая была на год маладзейшая за ягоную дачку. Дзейны шлюб самой Вірджыніі і розніца 28 гадоў не перашкодзіла ім пражыць разам 7 гадоў і нарадзіць дзіця – сына Дэйвіда.
Але затым Вірджынья пайшла да іншага мужчыны, забраўшы з сабою сына Дэйвіда. Яна прызнавалася, што яе гняла роля «мужнінай жонкі» і скупасць мастака.
Гараваў Шагал нядоўга: у тым жа 1952 годзе ягоная дачка пазнаёміла яго з Валянцінаю Бродскаю, нарадзінкаю Кіева, на 25 гадоў маладзейшаю за мастака, яна мела сваю модную краму ў Лондане.
Вава, як называў яе Шагал, сталася другою законнаю жонкаю мастака праз некалькі месяцаў пасля знаёмства і пры гэтым была зусім не падобная да летуценнай Бэлы ці ветранай Вірджыньі.
Як сапраўдная бізнес-лэдзі, яна ўзяла на сябе ўсю працу ў менеджменце і прасоўванні мужа, а таксама засцерагла яго ад любой лішняй камунікацыі ды побытавых пытанняў, пакінуўшы таму толькі творчасць. Ëн толькі смяяўся: «Я як у турме, але гэтая турма мне падабаецца».
А вось дзеці не вельмі прыемна адклікаліся пра Ваву:
«Мачыха сказала яму, што замест маркотнага габрэйскага глупства, гэтых бедных мястэчак, гэтых нікчэмных рабінаў са старою Торай, ён павінен маляваць радасныя букеты. Бо кветкі прадаюцца лепш», – згадваў ягоны сын Дэйвід.

Тым не менш Марк і Валянціна пражылі разам доўгія 33 гады, ажно да смерці мастака ў 1985-м. Валянціна памерла праз восем гадоў, яе пахавалі разам з мужам і братам на могілках Сэн-Поль-дэ-Вансу.
Дачка Марка Шагала Іда ўсё жыццё займалася мастацтвам і была замужам за дырэктарам Kunstmuseum у швейцарскім Базэлі. Яна памерла ў 1994-м у веку 78 гадоў.
Сын Дэйвід МакНіл стаўся музыкам, пісьменнікам і аўтарам песняў. У 56 гадоў упершыню выдаў кнігу пра бацьку, расказаўшы, як іхная 60-гадовая розніца ў веку адбілася на стасунках.
У адрозненне ад мемуараў сваякоў Пікаса, пра Шагала ўсе адгукаліся добра.

Марк Шагал яшчэ пры жыцці меў музей свайго імя
У адрозненне ад, напрыклад, Хаіма Суціна, які памёр у галечы, Марк Шагал атрымаў прызнанне і першыя вялікія грошы ў адносна маладым веку: ужо ў 1914 годзе ў яго адбылася неймаверна папулярная выстава ў Берліне (ні адну з 200 карцін ён так і не вярнуў пасля пачатку Першай сусветнай вайны).
А ў 1973 годзе ў Ніццы, недалёка ад дому, адчыніўся музей ягонага імя, прысвечаны выключна творчасці Шагала. Такіх прыкладаў у гісторыі сучаснага мастацтва практычна не здаралася: калі мастакі і атрымлівалі такое прызнанне, то пасмяротна.
У гэтым музеі Шагал і працаваў: зрабіў мазаіку, вітражы і намаляваў мноства карцінаў на біблейскую тэму.
Зрэшты, слава не дапамагла Шагалу пазбавіцца дзіцячай сарамлівасці. Ён усімі сіламі пазбягаў увагі, цалкам аддаў камунікацыю сваёй жонцы, а на пытанні мінакоў пра тое, ці не Марк Шагал ён, паказваў на кагосьці іншага і казаў: «Можа, гэта ён?».

Супернічаў і абменьваўся прытычкамі з Пікаса
Хоць знаёмыя мастакі былі яшчэ з 1920-х гадоў, цесна мець стасункі сталі толькі ў 1950-х, пасля таго як пасяліліся непадалёк адзін ад аднаго на Блакітным беразе Францыі.
Яны ўвесь час абменьваліся прытычкамі, абзываючы адзін аднаго «лётчыкам» і «апрацоўчым нажом» за манеры малявання. Пікаса казаў, што «не ў захапленні ад гэтых пеўняў, азадкаў і лятучых скрыпачоў», Шагал адбіваў: «Які геній гэты Пікаса, як шкада, што ён не малюе».
Аднак абодва прызнавалі талент адно аднаго.
«Калі памрэ Анры Матыс, Шагал застанецца адзіным мастаком, які разумее, як насамрэч карыстацца колерам», – сказаў Пікаса незадоўга да смерці Матыса ў 1954 годзе.

Шагал працаваў да апошняга дня жыцця
Працаздольнасцю Шагал можа паспаборнічаць хіба што (ізноў!) з Паблё Пікаса. Пікаса за 80 гадоў жыцця стварыў больш за 20 тысяч карцінаў, малюнкаў, гравюраў, керамічных вырабаў, дэкарацыяў і строяў.
Колькі стварыў за свае 98 гадоў Шагал, падлічыць яшчэ складаней: нават Камітэт Шагала, у склад якога ўваходзяць чатыры ягоныя спадчыннікі, не мае поўнага каталогу працаў мастака.
Хоць найбольшую вядомасць Шагал атрымаў дзякуючы жывапісу, ён таксама займаўся літаграфіяй, керамікаю, скульптураю, габеленамі, мазаікай і вітражамі.
Гэтак, у Францыі ён рэстаўраваў вітражы, знішчаныя вайною, пасля чаго стаў вядомы яшчэ і як майстар вітражоў. Ужо ў старэчым веку ствараў вітражы па ўсім свеце – у Іерусалімскай сінагозе, Інстытуце мастацтваў Чыкага, будынку ААН у Нью-Ёрку, а таксама цэрквах у ЗША, Англіі, Ізраілю, Францыі і Нямеччыны.
Таксама Шагал ствараў кераміку і скульптуры, і займаўся літаграфіяй, дзякуючы якой ягоныя малюнкі «сышлі ў тыраж»: іх і сёння можна купіць, не рызыкуючы застацца без ныркі.
Шагал размалёўваў столь Парыжскай оперы і пакінуў пасля сябе шматлікія мазаікі ў розных гарадах ЗША, дзе хаваўся падчас Другой сусветнай.

Ён працягваў працаваць да апошняга: у дзень сваёй смерці абмяркоўваў макет карціны для габелену, замоўленага Чыкагскім інстытутам.
За адну карціну Шагала заплацілі $ 28,5 млн
Бальшыня карцінаў беларускага мастака распрадаецца за дзень, але самымі запатрабаванымі ў калекцыянераў застаюцца ягоныя раннія карціны, «парыжскага перыяду». Тады мастак быў больш летуценны, маляваў радзей і яшчэ не вызначаўся рэлігійнасцю. Такіх працаў засталося няшмат: шмат знікла падчас дзвюх сусветных войнаў, частка раскіданая па музеях свету.
Але часам здараюцца цуды – і раннія карціны Шагала трапляюць на аўкцыёны, пабіўшы ўсе магчымыя рэкорды. Напрыклад, карціну «Каханкі» 1928 года прадалі на аўкцыёне Sotheby's у 2017 годзе за рэкордныя $ 28,5 млн.

А заўтра, 29 сакавіка, адбудзецца яшчэ адзін аўкцыён, дзе з малатка пойдзе праца «Вясновыя кветкі» 1930 года.
Тэса Анэйда / belsat.eu