У ноч на 18 сакавіка Армія абароны Ізраілю аднавіла актыўныя баявыя дзеянні ў сектары Газа. Былі нанесеныя авіяўдары па аб'ектах тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас», з якою два месяцы таму было падпісанае пагадненне пра замірэнне.
У офісе кіраўніка ўраду заявілі, што прэмʼер-міністр Бэньямін Нэтаньягу і міністр абароны Ісраэль Кац даручылі Цагалю прыняць рашучыя захады супраць тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас» у сектары Газа.
«Гэта адбылося пасля таго, як "Хамас" неаднаразова адмаўляўся вызваліць нашых закладнікаў і адхіліў усе прапановы, атрыманыя ад адмысловага спавяшчальніка прэзідэнта ЗША Стыва Ўіткафа і пасярэднікаў. Цяпер Армія абароны Ізраілю атакуе абʼекты тэрарыстычнай арганізацыі "Хамас" па ўсім сектары Газы дзеля дасягнення ваенных мэтаў, вызначаных палітычным кіраўніцтвам, у тым ліку вызвалення ўсіх нашых закладнікаў, жывых і мёртвых. З гэтага часу Ізраіль будзе дзеяць супраць "Хамасу" з усё большаю вайсковаю сілаю», – гаворыцца ў заяве.
У Цагалі заявілі, што «шырока атакуюць абʼекты тэрарыстаў "Хамасу" па ўсім сектары Газа».
Як адзначае NEWSru.co.il, ВПС Цагалю нанеслі ўдары па цэлях у Хан-Юнісе, Рафаху, Джабаліі, Нусайраце ды іншых раёнах сектару Газа. Міністэрства здароўя Газы, падкантрольнае «Хамасу», заяўляе пра больш як 230 забітых і 350 параненых за ноч.
Урад Ізраілю ў ноч на 18 студзеня зацвердзіў угоду з «Хамасам», датычную спынення агню ў Газе і вяртання закладнікаў. Пагадненне набыло моц 19 студзеня. У «Хамасе» назвалі яго «паваротным момантам у канфлікце» з Ізраілем, але падкрэслілі, што супрацьстаянне працягнецца.
Пагадненне спыняла вайну, пачатую пасля атакі «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, у выніку якой у закладнікі была ўзятая 251 асоба, забітыя – 1180.
Якуб Хруст belsat.eu