Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША не патрабуе ад Трампа аднавіць фінансаванне замежнай дапамогі, а толькі перадае справу ў суды ніжэйшай інстанцыі. Ды цікавы сам факт таго, што два суддзі, прызначаныя кансерватарамі, паўсталі супраць запыту адміністрацыі Трампа.
Вярхоўны суд Злучаных Штатаў (SCOTUS) 5 сакавіка адмовіў рэспубліканцам у запыце замарозіць амаль 2 млрд долараў на замежную дапамогу, паведамляе «Associated Press». Рашэнне па-англійску тут у PDF.
Што вырашыў Вярхоўны суд
Пяццю галасамі супраць чатырох суд адхіліў экстраную апеляцыю адміністрацыі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа на загад суддзі з акругі Калумбія Аміра Алі аб выплатах за працу, якая ўжо была зробленая ў справе замежнай дапамогі праз Агенцтва міжнароднага развіцця (USAID). Суд таксама папрасіў Алі ўдакладніць ягоны ранейшы загад: суд ніжэйшай інстанцыі павінен растлумачыць, якія абавязкі павінен выканаць урад, каб забяспечыць выкананне часовай забароны на замежную дапамогу, калі вызначаны судом тэрмін для выдаткоўвання грошай ужо мінуў.
Суддзя-кансерватар Сэм’юэл Аліта, які не падтрымаў бальшыню, такому рашэнню здзівіўся, перадае «Reuters»: напісаў, што быў «агаломшаны» рашэннем Вярхоўнага суда, якое дазволіць раённаму суду загадваць адміністрацыі ЗША.
Ды рашэнне не вымагае ад адміністрацыі Трампа неадкладных выплатаў, тлумачыць «CNN». Яно толькі «расчышчае дарогу» для раённага суда, каб прымусіць адміністрацыю Трампа зрабіць плацяжы за працу, якая была выкананая. Тым больш, рашэнне не прымушае адміністрацыю прэзідэнта аднавіць усю замежную дапамогу, надаванне якой Трамп замарозіў на 90 дзён 20 студзеня – у першы дзень па вяртанні на прэзідэнцкую пасаду.
Групы, адказныя за замежную дапамогу Злучаных Штатаў, па-ранейшаму балансуюць на мяжы банкруцтва, нагадвае «ABC News». З адміністрацыяй Трампа судзіліся такія арганізацыі, як Кааліцыя за распрацоўванне вакцыны супраць СНІД, Сетка развіцця журналістыкі, арганізацыя дапамогі ўцекачам «HAIS» і будаўнічая кампанія «DAI Global».
Як лічыць «NPR», Вярхоўны суд толькі сказаў раённаму суду: калі расставіце кропкі над «і», мы за вас. З другога боку, юрыдычная каманда Трампа памылілася ў тым, што менавіта хацела абскардзіць, адзначае «Vox». Скарга адміністрацыі Трампа не аспрэчвала пачатковага рашэння суддзі, якое забараняла ўраду выконваць дырэктывы, што прыпыняюць выплаты на замежную дапамогу, а аспрэчвала пазнейшае рашэнне, якое прымушала выконваць ранейшае рашэнне.
Чаму гэта важна
У гэтай справе важней не тое, што будзе ўрэшце з канкрэтным рашэннем супраць замарожвання замежнай дапамогі ЗША, а тое, як прагаласавалі суддзі Вярхоўнага суда. Супраць Трампа выступілі два суддзі: прызначаны яшчэ Джорджам Бушам – малодшым галоўны суддзя Джон Робэртс і прызначаная самім Трампам суддзя Эймі Коўні Бэрэт.
Вярхоўны суд ЗША, які таксама выконвае функцыі Канстытуцыйнага суда, мусіць быць незалежны і беспартыйны. Аднак суддзяў прызначаюць пажыццёва прэзідэнты, зацвярджае Сенат (верхняя палата парламенту). Цяпер у Вярхоўным судзе тры суддзі, прызначаных прэзідэнтамі-дэмакратамі і шэсць прызначаных прэзідэнтамі-рэспубліканцамі. З 1970 года ў Вярхоўным судзе было больш суддзяў, прызначаных рэспубліканцамі.
І калі прыхільнікі Рэспубліканскай партыі збольшага вераць у бесстароннасць Вярхоўнага суда, большасць прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі лічыць Вярхоўны суд кансерватыўным. Сумарна давер амерыканцаў Вярхоўнаму суду на рэкордна нізкім узроўні. Як пісала брытанскае «BBC», Вярхоўны суд ЗША стаў «палітычным полем бою». Нават прыхільнікі Рэспубліканскай партыі падтрымліваюць пэўныя рэформы Канстытуцыйнага суда, скіраваныя на абарону ад карупцыі.
Яшчэ адзін аспект у тым, што грошы на замежную дапамогу выдаткоўвае не прэзідэнт, а Кангрэс (парламент). Прэзідэнт ЗША, паводле Канстытуцыі, не мае паўнамоцтваў скасоўваць фінансаванне, бо Кангрэс мае тое, што ў Злучаных Штатах называюць «уладай гаманца». Трамп жа лічыць, што мае права сваімі дырэктывамі замарожваць федэральныя сродкі, выдаткаваныя Кангрэсам, а ў абедзвюх палатах Кангрэсу бальшыню цяпер маюць рэспубліканцы.
Ультраправае амерыканскае выданне «Breitbart» звяртае ўвагу на такі каментар юрыста: наступны раўнд слуханняў аб судовай забароне прызначаны на 6 сакавіка, пасля гэтага рашэнне можна будзе абскардзіць зноў, бо для праверкі рашэння дастаткова галасоў чатырох суддзяў Вярхоўнага суда. А «Los Angeles Times» цытуе прафесара права, які спадзяецца, што нават кансерватыўны Вярхоўны суд будзе супрацьстаяць адміністрацыі Трампа прынамсі ў некаторай ступені, бо цяпер Трамп атрымаў першую відавочную паразу за другі тэрмін.
Цяпер у амерыканскіх судоў будзе шмат працы, рэзюмуе «Axios»: судовыя працэсы адносна самых маштабных дзеянняў адміністрацыі Трампа ствараюць глебу да патэнцыйна гістарычных разбіральніцтваў аб прэзідэнцкай уладзе ў ЗША. Гэтых судоў ужо нямала, Трамп дзесьці перамагае, дзесьці прайграе. Ды «Politico» мяркуе, што адміністрацыя Трампа не хоча выконваць загадаў судоў: наадварот, віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс, як лічыць выданне, настроены справакаваць канстытуцыйны крызіс.
Алесь Наваборскі belsat.eu