Сваім галоўным геапалітычным праціўнікам новыя старыя ўлады ЗША бачаць камуністычны Кітай. Аднак сваімі ж рашэннямі па скасаванні міжнароднай дапамогі даюць таму ў рукі магчымасці для нарошчвання ўплыву ва ўсім свеце. Ці здолее Пекін гэтым скарыстацца?
Пасля інаўгурацыі Доналда Трампа Вашынгтон замарозіў амаль усю замежную дапамогу, у тым ліку прыпыніў – афіцыйна на тры месяцы – працу Агенцтва ЗША для міжнароднага развіцця (USAID), на долю якога прыпадае 40 % сусветнай замежнай дапамогі. Яно фінансавала самыя розныя праекты: ад змагання з ВІЧ да захавання біяразнастайнасці і ўмацавання мясцовага кіравання. Толькі ў Паўднёва-Усходняй Азіі USAID летась выдаткавала $ 860 млн. Акрамя яго, перастаў працаваць Нацыянальны фонд у падтрыманне дэмакратыі (NED). Не вылучаюцца і гранты «DRL», што прасоўваюць за мяжой «дэмакратыю, абараняюць правы чалавека і міжнародную рэлігійную свабоду і прасоўваюць правы працоўных ва ўсім свеце».
У каментары «Белсату» кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін адзначыў, што прыпыненне амерыканскай дапамогі даволі моцна адчуваецца ў краінах Глабальнага поўдня, асабліва ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары, дзе значныя грошы ішлі на пераадоленне голаду, на забеспячэнне пітной вадой, на змаганне са СНІДам. Таму, адзначыў гісторык, цалкам зразумелае жаданне гэтых краін знайсці тых, хто б замяніў дапамогу ад ЗША.

Фінансавае супрацьстаянне ЗША і КНР
Як заявіў CNN Джордж Інгрэм, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Брукінгса і былы супрацоўнік USAID, агенцтва не ёсць альтруістычным, яно служыць нацыянальным інтарэсам ЗША. Яно дапамагала развіваць рынкі для гандлю з ЗША, рабіць краіны больш стабільнымі, спыняючы тым самым глабальную міграцыю і перадухіляючы ўцягванне ЗША ў канфлікты за мяжой. Праграмы USAID павышалі ўстойлівасць краінаў і вырашылі праблему энергетычнай беднасці, стваралі «роўныя ўмовы гульні» для амерыканскіх кампаніяў, сказала Джыліян Колдуэл, былая галоўная спецыялістка USAID у пытаннях клімату.
Пры гэтым ужо шмат гадоў у свеце расце ўплыў Пекіну. Кітай не раскрывае бюджэты замежнай дапамогі, але даследаванне Глабальнага даследчага інстытуту Ўільяма і Мэры паказала, што ён надаў краінам, якія развіваюцца, $ 1,34 трлн у перыяд з 2000 па 2021 год, у асноўным праз ініцыятыву «Адзін пояс і адзін шлях». У 2018 годзе Пекін стварыў кітайскае агенцтва міжнароднага супрацы ў мэтах развіцця, або «China Aid», якое мусіла павысіць «эфектыўнасць дапамогі як ключавога інструмента вонкавай палітыкі». У 2024 годзе Кітай паабяцаў вылучыць больш як $ 50 млрд дадатковага фінансавання краінам Афрыкі і стаў другім паводле велічыні донарам Ціхаакіянскага рэгіёну пасля Аўстраліі.
Сярод праектаў мяккай сілы Кітаю можна назваць Інстытут Канфуцыя – глабальную праграму садзейнічання вывучэнню кітайскай мовы і культуры, а таксама форум садзейнічання супрацы паміж Кітаем і субрэгіёнам ракі Меконг у Паўднёва-Усходняй Азіі.
Красулін адзначыў, што цяпер кітайская дапамога ідзе перадусім маленькім краінам Ціхага акіяну, каб «паступова распаўсюдзіць сетку сваіх апорных пунктаў у гэтым рэгіёне і дабрацца да Аўстраліі і Новай Зеландыі».
Падарунак ад ЗША Кітаю
Паводле Красуліна, кітайскі інтэрнэт, які «не надта праамерыканскі», «вельмі актыўна і радасна» адрэагаваў на прыпыненне дзейнасці USAID і крытыку агенцтва Іланам Маскам.
,,«Адразу з'явіліся меркаванні, каб Кітай як антаганіст Злучаным Штатам падхапіў гэта сцяг і панёс яго далей краінам Глабальнага Поўдню», – адзначыў гісторык.
У выніку, падкрэсліў ён, Трамп, замест дасягнення сваёй мэты перамагчы Кітай, наадварот дапамагае яму заняць тую нішу, якую яшчэ нядаўна займалі ЗША.
Гэткай жа думкі прытрымліваюцца і замежныя эксперты. Гэтак, генеральная сакратарка Міжнароднай вайсковай рады ў пытаннях клімату і бяспекі Шэры Гудмэн наўпрост назвала ў каментары CNN дзеянні амерыканскай адміністрацыі «вялікім падарункам Кітаю». А Янчжун Хуан, старэйшы навуковы супрацоўнік у пытаннях глабальнай аховы здароўя ў амерыканскай Рады міжнародных стасункаў, сказаў тэлеканалу «Al Jazeera», што «гэтае стратэгічнае адступленне можа ўзмацніць уплыў Пекіну ў рэгіёне, асабліва ў такіх цяперашніх атрымальніках дапамогі ЗША, як Інданезія, Філіпіны, Мʼянма і Камбоджа».
,,«Пекін сапраўды ўжо паказвае ЗША як абыякавых і няздольных лідзіраваць на рэгіянальным або глабальным узроўні, і я чакаю, што Пекін павялічыць сваю дапамогу і інвестыцыі ў многіх частках свету, які развіваецца», – заявіў «Al Jazeera» Джошуа Курланцык, старэйшы навуковы супрацоўнік у пытаннях Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўднёвай Азіі ў Радзе міжнародных стасунках.
Ці зможа Кітай замясціць ЗША?
Разам з тым Красулін падкрэсліў: Кітай не можа проста ўзяць і замяніць усю амерыканскую дапамогу. Хаця б таму, што ў яго іншая канцэпцыя гэтай дапамогі, краіны дзейнічаюць «у розных сферах, розных плоскасцях». Дапамога ЗША накіроўваецца на такія сферы, як адукацыя, ахова здароўя і навакольнага асяроддзя, удасканаленне сістэмы кіравання і самакіравання, развіццё грамадзянскай супольнасці. Таксама яна ідзе на гуманітарную дапамогу і змаганне з наступствамі стыхійных бедстваў.
З кітайскага ж боку ўкладання ў чалавечы капітал практычна няма, грошы ідуць перадусім у інфраструктуру. Да таго ж, не ў форме грантаў, як у ЗША, а ў форме крэдытаў, што прыводзяць да запазачынасцяў, якія Пекін патрабуе вярнуць, да таго ж з працэнтамі. Гэта падвешвае тыя дзяржавы, што бяруць такія крэдыты, на «надзейныя кручкі», адзначыў гісторык.
Таксама Кітай у рамках сваёй дапамогі працуе выключна з уладамі краінаў, а не з няўрадавымі арганізацыямі, як ЗША. Гэта ўжо сваю чаргу стварае «вялікую прастору для карупцыі». Адным з яскравых прыкладаў кітайскай дапамогі ёсць Шры-Ланка. Там Пекін пазычыў грошы на будаўніцтва глыбакаводнага порту Хамбантота, а таксама аэрапорту і гораду на намыўных тэрыторыях. Але гэтыя праекты не акупіліся, у выніку чаго, каб пагасіць даўгі, улады Шры-Ланкі аддалі Кітаю ў 99-гадовую арэнду порт Хамбантота, але ўсё адно былі вымушаныя абвясціць сябе банкрутам у 2022 годзе.
«Гэтая карупцыя задушыць усё добрае, што толькі магло быць у праекце. Таму зʼяўляюцца нікому не патрэбныя аэрапорты, гіганцкія парты, лядовыя палацы, нацыянальныя стадыёны», – адзначыў Красулін.

,,«Дапамога «ChinaAid» на гэта няздольная… Ім патрэбныя вынікі, якія можна памацаць рукамі», – падкрэсліў Красулін, адзначыўшы, што для таго, каб замяніць ЗША Пекіну давядзецца мяняць падыходы і замест пазыкаў выдаваць гранты.
Красулін таксама нагадаў, што USAID працуе з 1961 года і назапасіла ўжо вялікі досвед у размеркаванні дапамогі ва ўсім свеце – «той досвед, які за адну ноч не атрымаеш».
Тым не менш, Кітай у апошні час спрабуе дадаць да сваёй дапамогі не толькі інфраструктурныя праекты, але і больш «мяккую» сілу, як тое дапамогу ў такіх сферах, як ахова здароўя, сельская гаспадарка і лічбавізацыя, сказала «Al Jazeera» Джаан Лін, старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру АСЕАН Інстытуту Юсофа Ішака ў Сінгапуры.
Кітаю будзе не да таго?
Пры гэтым ёсць прыкметы таго, што фінансаванне Кітаем праектаў у іншых краінах запавольваецца. Калі ў 2015 – 2019 гадах Пекін быў найбуйнейшым донарам у Паўднёва-Усходняй Азіі, то з тых часоў ён скаціўся на чацвёртае месца, паводле дадзеных Інстытуту Лоўі. Фінансаванне таксама ўпала з $ 10 млрд у 2017 годзе да $ 3 млрд у 2022-м.
Прычыны гэтага ў тым, што Кітай сутыкаецца са сваімі ўласнымі праблемамі ўнутры краіны, уключаючы запаволенне эканамічнага росту і высокае беспрацоўе сярод моладзі. Гэта можа абмежаваць яго ўвагу да справаў за мяжой, а тым больш да таго, як «заняць прасторы, пакінутыя ЗША», сказаў «Al Jazeera» Стыў Бала, дацэнт кафедры паліталогіі і міжнародных стасункаў у Універсітэце Джорджа Вашынгтона.

Зніжаюць магчымасці Кітая і супрацьдзеянне кітайскаму ўплыву з боку іншых краін рэгіёну, як і гандлёвае супрацьстаянне з ЗША. Усё гэта можа прывесці да таго, што праект мяккай сілы КНР «можа апынуцца менш агрэсіўным, чым у апошняе дзесяцігоддзе», мяркуе доктарка Фітрыяні з Аўстралійскага інстытуту стратэгічнай палітыкі.
Пекін перакупляе сваіх крытыкаў і атрымальнікаў USAID
Тым не менш, Пекін ужо цяпер спрабуе запоўніць прабелы, створаныя адміністрацыяй Трампа, паведамляе «Politico». Гэтак, ураду Непалу кітайскія чыноўнікі ўжо прапанавалі закрыць фінансавую пустэчу USAID уласнымі сродкамі. Новых магчымасцяў для Кітаю чакаюць і чыноўнікі Выспаў Кука, што ў Ціхім акіяне. У Калумбіі, якая атрымала каля $ 385 млн долараў ад USAID у 2024 годзе, няўрадавыя арганізацыі таксама кажуць пра зацікаўленасць Пекіну дапамагчы запоўніць пустэчу. А ў Камбоджы амаль сінхронна з навінамі пра замарожванне працы USAID, Кітай заявіў, што вылучыў $ 4,4 млн на размініраванне, ад якога адмовіўся Вашынгтон.
Спрыяе Пекіну і тое, што фінансаванне не атрымліваюць арганізацыі, якія займаліся абаронай правоў чалавека ў самім Кітаі. Як адзначае NPR, кітайскія чыноўнікі ўжо нефармальна прапаноўвалі шэрагу праваабарончых арганізацыяў пазнаёміць іх з новымі «спонсарамі» з КНР. У замен ім прапануюць не крытыкаваць публічна людзей і арганізацыі ў Кітаі, а дапамагаць кітайскім уладам у паляпшэнні жыцця ў краіне.
Меліса Конлі Тайлер, выканаўчая дырэктарка Азіяцка-Ціхаакіянскага дыялогу ў пытаннях развіцця, дыпламатыі і абароны, заявіла «The Guardian», што пакуль любая новая падтрымка «ChinaAid» будзе ў асноўным выратаваннем праграмаў, закінутых USAID. Але ў далейшым гэта можа змяніцца. У сваю чаргу Джаан Лінь з мяркуе, што краіны, якія раней аддавалі перавагу балансу паміж ЗША і Кітаем і стараліся не залежыць ад аднаго донара, цяпер будуць з большай верагоднасцю браць тое, што ім прапануе Пекін.
Сам жа Кітай абвяргае абвінавачанні ў жаданні замясціць ЗША. Так, Люй Сян з Кітайскай акадэміі грамадскіх навук у інтэрвʼю дзяржаўнаму «Global Times» назваў неабгрунтаванымі паведамленні аб дзеяннях Кітаю ў Непале. Паводле яго, «дапамога Кітаю замежным дзяржавам прадугледжвае кансультацыі, сумеснае будаўніцтва і агульныя выгады, рэдка выкарыстоўваючы дапамогу ў якасці рычага для ўплыву на палітычную пазіцыю іншых краінаў». У сваю чаргу Лі Хайдун, прафесар Кітайскага ўніверсітэту замежных спраў, сказаў, што ў ЗША «ёсць шматлікія праблемы ва ўласнай сістэме, яны спрабуюць перакласці адказнасць, палітызуючы і абвінавачваючы Кітай». Паводле яго, заява пра тое, што дэмантаж USAID дазволіць Кітаю запоўніць вакуум уплыву ёсць «ілжывай кагнітыўнай структурай, пабудаванай на заходніх прадузятасці».
Давер да ЗША абваліўся
Пакуль няясна, якія праграмы USAID змогуць аднавіцца пасля замарожвання. Але ў любым выпадку ёсць вялікія асцярогі, што давер да ЗША ўжо фатальна падарваны.
«Трамп, верагодна, зрабіў за два тыдні больш для таго, каб зноў зрабіць Кітай вялікім, чым Сі [Цзінь Піну] ўдалося зрабіць самастойна за больш як дзесяцігоддзе», – сказаў CNN Стыў Цанг, дырэктар Інстытуту Кітая ў лонданскай Школе ўсходніх і афрыканскіх даследаванняў.
Аб тым, што давер да ЗША сышоў, адзначыла «The Guardian» і Конлі Тайлер:
,,«Хто дазволіць сабе стаць залежным ад дапамогі ЗША, калі яна нясталая, калі яна не робіць адрозненняў паміж саюзнікамі і супернікамі, калі яе можна проста адключыць па палітычным капрызе?»
Разам з тым выглядае, што ўлады ЗША ўсё ж пачалі заўважаць нядобрае ў сваёй жа палітыцы. 27 лютага выданне NPR паведаміла са спасылкай на двух ананімных чыноўнікаў, што ўрад ЗША размарозіў каля $ 870 млн на праграмы дапамогі бяспецы Тайваню, які Пекін лічыць сваёй часткаю. МЗС Кітаю ўжо раскрытыкавала гэтае рашэнне, заявіўшы, што яно пасылае «вельмі няправільны сігнал сепаратысцкім сілам».
Макар Мыш belsat.eu