«Белсат» нагадвае асноўныя этапы кіравання самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якому 30 жніўня спаўняецца 70 гадоў.
Абранне і пераварот. 1994–1996 гг.
Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам у 39 гадоў. Ён ішоў на выбары 1994 года пад папулісцкімі лозунгамі, абяцаў перамагчы карупцыю і мафіёзныя структуры. «Адвесці народ ад прорвы» – называлася ягоная перадвыбарчая праграма. Ён перамог у другім туры, набраўшы больш за 80 % галасоў.
Карыстаючыся слабасцю дэмакратычных інстытутаў і настальгіяй грамадства па савецкай мінуўшчыне, Лукашэнка адразу ўзяў курс на фармаванне аўтарытарнага рэжыму. Рынкавыя рэформы былі згорнутыя, умяшанне дзяржавы ў эканоміку павялічылася, выдаткі на сілавы апарат выраслі. Вясной 1995 года ён ініцыяваў рэферэндум, на які вынеслі пытанні пра наданне расейскай мове дзяржаўнага статусу, вяртанне крыху змененага сцяга і герба БССР, а таксама пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй і права прэзідэнта распускаць парламент. Групу дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія абвясцілі галадаванне на знак пратэсту, сілавікі жорстка збілі і выкінулі з парламенцкай залы. Пісьменнік Васіль Быкаў пасля гэтага заявіў: Беларуссю кіруе хунта.

У красавіку 1996 года была падпісаная Дамова аб супольнасці Беларусі і РФ, што абвастрыла палітычны крызіс. Адбылася серыя буйных акцыяў пратэсту. Разам з тым інтэграцыя забяспечыла Лукашэнку высокі рэйтынг і стварыла ўмовы для пашырэння асабістай улады. У жніўні 1996 года ён выступіў з ініцыятывай правядзення новага рэферэндуму, які мусіў надаць прэзідэнту «царскія паўнамоцтвы».
Лукашэнка сваімі пастановамі і ўказамі рэгулярна парушаў дзейныя законы. На падставе гэтага восенню 1996 года дэпутаты Вярхоўнага Савету ініцыявалі імпічмент. Аднак ціск на парламентарыяў і Канстытуцыйны Суд плюс падтрыманне з боку Масквы дазволілі Лукашэнку пазбегнуць імпічменту. Рэферэндум адбыўся, Вярхоўны Савет быў распушчаны. Фактычна ў Беларусі здарыўся дзяржаўны пераварот.
Рэжым пускае карані. 1996–2006 гг.
Пасля 1996 года Лукашэнка працягнуў узмацняць вертыкаль улады і павялічваць ролю спецслужбаў. Асабістыя загады ўсё часцей падмянялі сабою закон. У межах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю Лукашэнка ўвёў практыку расстрэлаў без суда, у чым пазней неаднаразова публічна прызнаваўся. Спачатку «эскадроны смерці» знішчалі бандытаў, а потым заняліся палітычнымі апанентамі Лукашэнкі. У 1999–2000 гг. бясследна зніклі апазіцыйныя лідары Юры Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітрый Завадскі.

Стасункі Лукашэнкі з Крамлём у тыя гады перажывалі «залаты век». 8 снежня 1999 года была падпісаная Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. І хаця інтэграцыйны праект амаль адразу ператварыўся ў даўгабуд, Менск яшчэ доўга карыстаўся амаль неабмежаваным патокам датацыяў і ільготаў, што ішлі з РФ. Магчымасць купляць расейскую нафту танней за рынкавыя цэны, а потым прадаваць нафтапрадукты на Захад за сусветныя забяспечыла ў 2000-х рост нацыянальнай эканомікі.
Эканамічны рост узмацніў пазіцыі Лукашэнкі. У 2004 годзе быў праведзены рэферэндум, што зняў абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Значная частка грамадства выступала супраць унясення паправак у Канстытуцыю, аднак масава пратэставаць беларусы не сталі.
Калі Лукашэнка пайшоў на трэці тэрмін, то сутыкнуўся са значна маштабнейшымі пратэстамі. У сакавіку 2006 года пасля завяршэння галасавання ў цэнтры Менску сабраліся некалькі дзясяткаў тысяч прыхільнікаў пераменаў, на Кастрычніцкай плошчы паўстала намётавае мястэчка. Аднак цягам тыдня ўлады здолелі цалкам здушыць пратэсты. Сотні дэманстрантаў прайшлі праз адміністратыўныя арышты, а Аляксандра Казуліна пакаралі 5,5 года зняволення – гэта быў першы выпадак, калі Лукашэнка пасадзіў свайго апанента з выбараў.
Лукашэнка шукае новы баланс. 2006–2010 гг.
Пасля выбараў 2006 года за Беларуссю канчаткова замацавалася рэпутацыя «апошняй дыктатуры Еўропы». Сітуацыя з правамі чалавека працягвала пагаршацца, міжнародная ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі паглыблялася.
Тым часам Расея паступова скарачала аб’ёмы датацыяў, ціснула на Менск эканамічна: пачаліся так званыя нафтагазавыя ды іншыя гандлёвыя войны. У студзені 2007 года Лукашэнка прызнаў, што дапусціў «дзікі нахіл на Усход». Сітуацыя ў эканоміцы не радавала: інфляцыя вырасла ўдвая, рубель за адзін дзень дэвальваваў на 20 %. Усё гэта падштурхнула Лукашэнку да размарожвання стасункаў з Захадам.
У другой палове 2008 года дзяржаўны курс пачаў змякчацца. Казулін ды іншыя палітвязні былі вызваленыя, рэпрэсіі часова спыніліся. Пры адміністрацыі Лукашэнкі нават стварылі Грамадска-кансультатыўную раду, куды запрасілі адкрытых крытыкаў рэжыму – гэты дэкаратыўны орган мусіў імітаваць грамадскі дыялог. Медыі загаварылі пра адлігу і лібералізацыю.
Захад прыпыніў санкцыі. МВФ даў крэдыт на 2,5 мільярда долараў. Беларусь была ўключаная ў праграму «Усходняе партнёрства», а Лукашэнку нават запрасілі на саміт ЕЗ (праўда, ён туды ўсё ж не паехаў). Збліжэнне з Захадам выклікала вялізарную незадаволенасць Масквы. У эфір расейскага тэлебачання пусцілі серыю дакументальных фільмаў «Хросны бацька», што стала самай магутнай інфармацыйнай атакай Крамля на рэжым Лукашэнкі за ўвесь час.

Восенню 2010 года Менск наведалі кіраўнік МЗС Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле і кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі. Яны патлумачылі Лукашэнку, што калі прэзідэнцкія выбары пройдуць без фальсіфікацыяў і гвалту, то ўжо ў наступныя тры гады Беларусь атрымае ад ЕЗ каля трох мільярдаў еўраў. Аднак Лукашэнка выбраў не Захад, а Усход: 9 снежня 2010 года ён падпісаў дакументы пра стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй і Казахстанам. Гэты крок забяспечыў яму падтрыманне Масквы на прэзідэнцкіх выбарах.
Адліга скончылася 19 снежня 2010 года: Плошча была жорстка разагнаная сілавікамі, каля 700 пратэстоўцаў кінулі на содні, дзясяткі людзей (у тым ліку 7 з 9 кандыдатаў у прэзідэнты) былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы.
Зона турбулентнасці. 2010–2014 гг.
Пасля выбараў 2010 года ў Беларусі пачаўся перыяд працяглых палітычных замаразкаў. Рэпрэсіі, разгорнутыя ўладамі, на той момант былі самымі жорсткімі за ўвесь час кіравання Лукашэнкі: у 2011 годзе за кратамі трымалі каля 50 палітвязняў.
Краіна ў 2011 годзе перажыла шэраг узрушэнняў. У красавіку адбыўся тэракт у менскім метро, у якім загінулі 15 асобаў. Улетку 2011 года прайшлі маўклівыя акцыі пратэсту і пратэсты аўтамабілістаў супраць росту цэнаў на паліва. Папулісцкая эканамічная палітыка ўладаў справакавала беспрэцэдэнтны фінансавы крызіс. Рубель у 2011 годзе сумарна дэвальваваў на 189 %, адбыўся вялікі скачок цэнаў, упаў узровень жыцця. На піку крызісу ў верасні 2011 года рэйтынг Лукашэнкі апусціўся да гістарычнага мінімуму, 20,5 %. Каб утрымацца на плаве, ён мусіў прадаць РФ стратэгічна важны актыў – «Белтрансгаз».
Аднак паступова сітуацыя стабілізавалася. Каб зняць напружанне ў стасунках з Захадам і ўнутры краіны, Лукашэнку давялося знізіць размах рэпрэсіяў. Большасць палітвязняў выйшлі на свабоду ўжо жніўні – верасні 2011 года. Ужо ў пачатку 2012 года іхная колькасць скарацілася да 15, у 2014-м – да 6. Апошніх палітвязняў, у тым ліку кандыдата ў прэзідэнты Міколу Статкевіча, Лукашэнка памілаваў у жніўні 2015 года.
Эпоха цывілізаванага аўтарытарызму. 2015–2019 гг.
Падзеі 2014 года ва Украіне знізілі планку патрабаванняў да афіцыйнага Менску. На фоне Уладзіміра Пуціна, які анексаваў Крым і распачаў вайну на Данбасе, Лукашэнка выглядаў меншым злом. Лукашэнку таксама турбаваў рост імперскіх апетытаў Масквы, таму ён пастанавіў шукаць новыя пункты апоры.

Улетку 2015 года распачалася новая адліга. Усе палітвязні ў Беларусі былі памілаваныя, апазіцыі дазволілі правесці серыю вулічных акцыяў, а прэзідэнцкая кампанія 2015 года ўпершыню за доўгі час не суправаджалася рэпрэсіямі. Пасля гэтага Захад спачатку замарозіў, а затым амаль цалкам зняў санкцыі. Рэжым Лукашэнкі выйшаў з ізаляцыі.
Рэжым дэманстраваў новыя падыходы ў самых розных сферах жыцця. Улады не супрацьдзеялі пашырэнню практыкі выкарыстання беларускай мовы і папулярызацыі нацыянальнай культуры (так званая мяккая беларусізацыя), быў уведзены бязвіз і ўхваленае прагрэсіўнае заканадаўства ў IT-сферы. Кульмінацыяй адлігі стала святкаванне 100-годдзя БНР 25 сакавіка 2018 года – дазволены мітынг-канцэрт «Свята Незалежнасці» наведалі да 50 тысяч асобаў.
Перыядычна ўлады чынілі новыя акты рэпрэсіяў, аднак кожны раз стараліся мінімізаваць негатыўныя наступствы: людзей досыць хутка адпускалі або выносілі выракі, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Рэжым у 2015–2019 гг. не выглядаў крыважэрным.
Курс на таталітарызм. 2020–2024 гг.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Лукашэнка нечакана сутыкнуўся з масавай палітызацыяй грамадства і беспрэцэдэнтным ростам пратэставых настрояў. У краіне фактычна адбылася электаральная рэвалюцыя: так званая маўклівая большасць актыўна залучылася ў палітычнае жыццё паводле прынцыпу «хто заўгодна, абы не Лукашэнка». Прыхільнікі пераменаў аб’ядналіся вакол Святланы Ціханоўскай, якая сталася ідэальнай кандыдаткай, здольнай кансалідаваць людзей.
Пасля фальсіфікацыі выбараў масавыя пратэсты ахапілі ўсю Беларусь. Неабмежаваны тэрор сілавікоў 9–12 жніўня прывёў толькі да пашырэння пратэстаў: 16 жніўня на вуліцы Менску выйшлі 200 тысяч асобаў. Каб утрымаць уладу, Лукашэнка распачаў масавыя рэпрэсіі, якіх Беларусь не ведала з часоў сталінізму. Прычым згасанне пратэстаў не прывяло да змякчэння рэжыму, наадварот – улада толькі павялічыла інтэнсіўнасць і лютасць тэрору.

Лукашэнка ўзяў курс на трансфармацыю свайго рэжыму з аўтарытарнага ў таталітарны. «Калі б не было 2020 года, яго трэба было б прыдумаць!» – сказаў ён у аднойчы. Любая праява іншадумства цяпер прыраўноўвалася да экстрэмізму, усе апазіцыйныя партыі і НДА былі зліквідаваныя, незалежныя медыі – забароненыя. Наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу фактычна замацавала за прыхільнікамі Лукашэнкі манаполію на ўладу. Выбары сталі безальтэрнатыўнымі: да парламенцкай кампаніі 2024 года не дапусцілі ніводнага апазіцыйнага кандытата і, хутчэй за ўсё, аналагічным чынам улады будуць дзеяць падчас прэзідэнцкай кампаніі 2025 года. Яшчэ адной адметнай рысай новага курсу стала агрэсіўныя паводзіны на міжнароднай арэне, што ўключала ў сябе штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з ЕЗ і суўдзел у поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.
Усё гэта пацягнула за сабой крытычнае павелічэнне залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Масквы, што спарадзіла сумневы ў ягонай самастойнасці і су’ектнасці. «Уявіце сабе, што заўтра няма Расеі – пацярпела паразу, крах і іншае. У гэты вір каго зацягне? Нас не будзе назаўтра імгненна», – шчыра прызнаўся ён на нарадзе з сілавікамі ў першыя гадзіны пасля пачатку расейскага ўварвання 24 лютага. Гэтую думку Лукашэнка потым паўтараў неаднаразова.
Глеб Нержын belsat.eu