Спыненне рэпрэсіяў, вызваленне ўсіх палітвязняў з правам застацца ў Беларусі, дэкрыміналізацыя палітычнай і грамадскай дзейнасці – і пасля гэтага паэтапнае зняцце санкцыяў. На такое пагадзіўся б Аб’яднаны пераходны кабінет.
Аб’яднаны пераходны кабінет правёў 19 лютага паседжанне, на якім узгадніў пазіцыю ў пытаннях санкцыяў і патэнцыйнага вызвалення палітвязняў. Гэтую пазіцыю Кабінет апублікаваў ранкам 21 лютага.
Кабінет падкрэсліў, што ўвядзенне санкцыяў з боку міжнародных партнёраў у дачыненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ёсць «адным з важных інструментаў для прымусу рэжыму змяніць унутраную палітыку і забяспечыць выкананне міжнародных абавязкаў».
Адносна зняцця санкцыяў Кабінет назваў тры перадумовы.
1. Рэжым Лукашэнкі мусіць цалкам спыніць палітычныя рэпрэсіі.
2. Рэжым Лукашэнкі мусіць вызваліць усіх палітычных вязняў і спыніць іх крымінальны і адміністратыўны пераслед, адмяніць незаконныя прысуды. Вызваленыя палітвязні мусяць мець выбар: застацца ў Беларусі ці выехаць за яе межы.
3. Палітычная і грамадская дзейнасць, праца незалежных медыяў мусяць быць цалкам дэкрыміналізаваныя. У Рэспубліцы Беларусь мусіць быць адноўленае дзеянне прававой сістэмы, якая забяспечвае належную павагу да правоў чалавека.
Пры выкананні гэтых умоваў, піша АПК, «частка санкцыяў ЗША можа быць паэтапна прыпыненая, каб пераканацца ў тым, што рэжым належным чынам выконвае ўзятыя на сябе абавязальніцтвы».
Кабінет адзначыў, што адначасова «падтрымлівае дзеянні Еўразвязу, скіраваныя на працяг санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі за парушэнне правоў чалавека і суўдзел у агрэсіі супраць Украіны».
Чаму АПК кажа асобна пра санкцыі ЗША і асобна пра санкцыі Еўразвязу, не ўдакладняюць. Ды на мінулым тыдні пайшлі чуткі пра магчымую вялікую ўгоду між Беларуссю і ЗША аб вызваленні палітвязняў у абмен на скасаванне санкцыяў супраць угнаенняў і банкаў. Дзяржаўная прапаганда намякала, што пры вызваленні палітвязням трэба ставіць умову выезду з Беларусі.
АПК на паседжанні 19 лютага таксама прыняў заяву адносна месца і будучыні Беларусі ў архітэктуры рэгіянальнай бяспекі ў Еўропе.
Алесь Наваборскі belsat.eu