Калісьці Беларусі давядзецца рэфармаваць армію. Але як? «Белсат» спытаў экс-міністарку абароны Літвы, былога намесніка начальніка Генштабу Збройных сілаў Украіны і прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне.
Рэйтынг «Global Firepower» ставіць армію Беларусі на 70-е месца ў свеце: беларускае войска лічаць крыху мацнейшы за славацкае, крыху слабейшым за аўстрыйскае. Колькасць актыўнага вайсковага персаналу ацэньваюць у 63 тысячы, рэзервістаў – у 145 тысяч, а на дадатак 55 тысяч чалавек у парамілітарных арганізацыях. У колькасці авіяцыі беларускае войска на 48-м месцы ў свеце, у танках на 26-м, у самаходнай артылерыі на 17-м. На паперы выглядае моцна, ды эфектыўнасць беларускай арміі пад пытаннем: тэхніка састарэлая, структура і ідэалогія савецкая (нават Дзень абаронцы айчыны савецкі), баявога досведу няма, армія непапулярная.
Цяперашняя Беларусь – у «саюзнай дзяржаве» і вайсковым саюзе з Расеяй, суагрэсар у расейскай вайне супраць Украіны. Расея дагэтуль займае ў рэйтынгу «Global Forepower» другое месца, хоць мае вялізныя праблемы ў вайне з «дваццатай арміяй свету» – украінскай. Як любяць жартаваць украінцы, «другая армія свету» паказвае сябе як «другая армія ва Украіне».
А калі Беларусь стане напраўду незалежнай і дэмакратычнай, што рабіць з арміяй? І што, калі ўсходняя суседка застанецца такой жа агрэсіўнай?
Мо Беларусі трэба армія, як літоўская памножаная на тры?
Суседняя Літва ўтрая меншая за Беларусь у тэрыторыі і колькасці насельніцтва, але займае ў тым рэйтынгу не такое і далёкае 88-е месца. Можа, Беларусі трэба мець такое ж войска, як у Літвы, толькі ўтрая большае? Гэтак жа можна будзе і ў топ-30 увайсці! Якраз на 30-м месцы Грэцыя, а на 27-м Швецыя, у якіх насельніцтва на паўтара-два мільёны большае за беларускае, а на 29-м – Сінгапур, дзе насельніцтва нават на траціну менш, чым у Беларусі.

Колішняя міністарка абароны Літвы (2008–12), дэпутатка Еўрапарламенту Раса Юкнявічыене кажа «Белсату», што для Беларусі будзе больш рэлевантны прыклад Польшчы, якая рэфармавала сваю армію, а не Літвы, якой сваю армію давялося ствараць пасля атрымання незалежнасці. Яна лічыць вялікім дасягненнем, што Чырвоная армія сышла з Літвы ў 1993 годзе – нават раней, чым сышла з Усходняй Нямеччыны, ды адзначае:
,,«Мы будавалі сваю армію з нуля, і нават лягчэй нам было, таму што туды ішлі людзі, тыя, якія былі настроеныя бараніць сваю радзіму».
Польшчы, на думку Юкнявічыене, рэфармаваць армію было цяжэй, бо цяжка «пераламіць мысленне чалавека». У новую літоўскую армію, працягвае яна, прыйшлі і тыя літоўцы, якія служылі ў савецкай арміі. Яны былі карыснымі, але былі пэўныя праблемы якраз з тым, што яны мелі савецкі досвед. Таму Літве ад пачатку дапамагалі Злучаныя Штаты, Злучанае Каралеўства, Нямеччына і іншыя саюзнікі: большасць маладых літоўскіх афіцэраў прайшла падрыхтоўку на Захадзе – і Літва пераняла прынцыпы арміяў дэмакратычных краінаў. Юкнявічыене згадвае, што калі стала міністаркай абароны ў 2008 годзе, літоўцаў ужо не пужала, што такую пасаду зойме жанчына: ужо тады не было стэрэатыпаў, што адказваць за стратэгію і вайсковую палітыку павінен абавязкова мужчына.
«А вось Беларусь пайшла іншым шляхам, на жаль, – кажа Юкнявічыене. – Але я ўсё роўна веру, што нашая агульная мэта – гэта свабодная, мірная Еўропа, адзіная. І каб менш было б такой агрэсіўнай дзяржавы, як Расея. Я хацела б, вядома, каб і Расея стала нармальнай дзяржавай, якая не пагражае суседам, але для гэтага, напэўна, далёка яшчэ. Так што калі казаць пра Беларусь, то ўсе дзяржавы [могуць быць прыкладам]: і Латвія, і Эстонія, і Літва, і Польшча».
,,«Калі хочаце ўзяць найлепшы прыклад, якую армію будаваць і дэмакратычную, і падрыхтаваную, гэта Фінляндыя».
Фінляндыя, даводзіць яна, не так далёка ад Літвы і Беларусі, сутыкаецца з тымі самымі пагрозамі і мае падобны гістарычны досвед. Фіны шануюць традыцыі свайго войска, ахвотна ідуць служыць у армію. А тая армія, дарэчы, на 48-м месцы ў рэйтынгу «Global Firepower» – на 22 месцы вышэй за Беларусь пры насельніцтве, меншым на траціну.

А якая канкрэтна трэба будзе армія, залежыць ад абставінаў, кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі па абароне і нацыянальнай бяспецы, былы баец палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Ён заўважае, што вайскоўцы заўсёды кажуць, што ім трэба больш тэхнікі і рэкрутаў. Але глядзець трэба на тое, як скончыцца вайна ва Украіне, ці захавае Расея цяперашнюю палітыку экспансіі, а таксама якой будзе беларуская эканоміка.
Расея, лічыць ён, застанецца для Беларусі галоўнай пагрозай. А значыць, трэба будзе будаваць армію, якая можа хутка мабілізавацца, будзе мець прафесійны касцяк і будзе гатовая да асіметрычных дзеянняў, бо ў лінейным супрацьстаянні з Расеяй будзе мець мала шанцаў. Ён ужо ўяўляе, якой можа быць такая армія:
,,«Гэта можа быць мадэль швейцарскай ці ізраільскай арміі, дзе праз вайсковую службу праходзяць фактычна ўсе грамадзяне».
Ён нагадвае, што ў Швейцарыі і Ізраілі вайскоўцы пасля службы захоўваюць зброю, у Швейцарыі за рэзервістамі застаецца замацаваная пэўная тэхніка, у Ізраілі прызываюць нават жанчын. Любы, хто прайшоў падрыхтоўку ў швейцарскай ці ізраільскай арміі, ведае, як абыходзіцца са зброяй, і можа хутка быць у баявой гатовасці ў складзе свайго падраздзялення, калі трэба рэагаваць на пагрозы. Разам з тым, вайна ва Украіне паказала, што армія хукта рабатызуецца: робаты замяняюць людзей у задачах сачэння і ідэнтыфікацыі, у паветры масава выкарыстоўваюцца дроны, хутка могуць стаць масавымі і наземныя беспілотныя сістэмы… Трэба не капіяваць арміі сённяшняга дня, але і прадбачыць, якімі будуць заўтрашнія арміі.
А галоўнае, паводле Кабанчука, каб жаўнеры разумелі, якую краіну і якія каштоўнасці яны бароняць. Так казаў Густаф Манэргэйм, галоўнакамандуючы сіламі абароны Фінляндыі ў час савецка-фінскай вайны: ваяры павінны разумець, за што яны змагаюцца і чаму іхная справа правільная. Гэта спрацавала: хоць на Фінляндыю напала непараўнальна большая дзяржава, фіны змаглі адстаяць незалежнасць.
Кантрактнай арміяй не абысціся?
Украінскі вайсковы эксперт, былы намеснік начальніка Генштабу ЗСУ (2006–10) Ігар Раманенка кажа «Белсату», што будучая армія вольнай Беларусі можа быць адносна малалікай і мабільнай, калі будзе мець сучаснае ўзбраенне і ўваходзіць у калектыўную сістэму бяспекі. Але для рэалізацыі такога падыходу трэба ўвесь час мадэрнізаваць армію. І не адводзіць армію на другі план, як калісьці рабіла Украіна – і за што давялося плаціць страшную цану.

Раманенка не выключае, што калі-небудзь у Беларусі можа быць і выключна прафесійная, кантрактная армія. Але трэба ўлічваць бягучыя і будучыя пагрозы:
,,«Мы бачым, якім чынам разгортваюцца падзеі ў свеце. То я думаю, пачатковую падрыхтоўку большасць мужчынскага насельніцтва павінна ўсё ж праходзіць».
Ва Украіне, кажа ён, трэба было б праводзіць пачатковую вайсковую падрыхтоўку са школьных лаваў. Дадае: «Ва ўмовах, калі побач такі імперскі сусед тэрарыстычны, ёсць адпаведныя патрабаванні». Ён таксама згадвае Ізраіль: там служба ў войску, за некаторымі выключэннямі, абавязковая і для жанчын.
Кабанчук завочна пагаджаецца: досвед вайны ва Украіне паказаў, што з такім суседам, як Расея, кантрактнай арміі будзе недастаткова. Ад тэрміновай службы не сысці.
Але ж Злучаныя Штаты, як лічыцца, маюць самую магутную армію ў свеце – і яна кантрактная, прызыву не было з 1973 года! Юкнявічыене нагадвае: у іх па два бакі акіян і яшчэ па два бакі краіны, якія Штатам не пагражаюць, дык там «нават не думаць, што ім трэба будзе змагацца на сваёй зямлі».

Літва ў 2008 годзе адмяніла абавязковы прызыў у армію і перайшла да цалкам прафесійнай арміі. Але ў 2015-м вярнула прызыў, з 2026 года будзе прызываць юнакоў у войска адразу пасля сканчэння школы. Юкнявічыене падкрэслівае: адмена прызыву была тады, калі яна была ў апазіцыі – яшчэ да таго, як стала міністаркай. Яна лічыць гэта памылкай тагачасных уладаў: тады, праз чатыры гады далучэння Літвы да NATO, «усе думалі, што гісторыя скончылася», што Літве нішто не пагражае і што NATO ў выпадку чаго абароніць. Але калі Расея анексавала Крым і распачала вайну на Данбасе, стала зразумела, што кантрактнай арміяй не абысціся. Прафесійная армія не абавязкова павінна быць вялікай у мірны час, але трэба фармаваць рэзерв, каб у выпадку пагрозы мець падрыхтаваны «мабілізацыйны пул».
Юкнявічыене прыводзіць яшчэ адзін аргумент за прызыў: пасля сапраўднай вайсковай падрыхтоўкі чалавек «закаляецца», адчувае сябе спакойней і больш упэўнена ў крызісы, нават не ваенныя. І лепш разумее, што адбываецца вакол, якія ёсць пагрозы.
Колькі будзе каштаваць рэформа арміі?
Цяпер Беларусь выдаткоўвае на абарону параўнальна мала: 1,62 % ад валавага ўнутранага прадукту. Дзяржавы NATO ў 2014 годзе дамовіліся выдаткоўваць па 2 %, і хоць усё яшчэ не ўсе саюзнікі дасягнулі гэтага паказніку, ужо ідуць актыўныя размовы аб павелічэнні выдаткаў да 5 % ВУП (Польшча ўжо набліжаецца да такіх выдаткаў). Расея ж толькі афіцыйна выдаткоўвае на абарону, паводле розных ацэнак, ад 6,3 % да 7,5 % ВУП.
Дык колькі трэба будзе заплаціць за войска вольнай Беларусі?
,,«Незалежнасць каштуе даражэй, чым утрыманне арміі», – адказвае Кабанчук.
Расея разагнала вайсковыя выдаткі да 30–40 % бюджэту, кажа ён. Той бюджэт, калі параўноўваць з Еўразвязам, не такі і вялікі, але Расея мае ваенны досвед і цынічную перавагу перад любой еўрапейскай арміяй: мае вялікае насельніцтва і не бачыць каштоўнасці ў чалавечых жыццях. Каб бараніцца ад такой пагрозы, Еўропе трэба памнажаць свае вайсковыя выдаткі на два ці на тры.

Выдаткі на рэформу будуць залежыць ад сітуацыі на момант пачатку рэформы, адзначае Раманенка. Першае пытанне – якія будуць пагрозы бяспецы і шляхі нейтралізацыі пагрозы. Наступнае – дзе змогуць прыкрыць саюзнікі, а што трэба зрабіць самастойна. Затым трэба глядзець, якая менавіта армія патрэбная, якая камбінацыя тэрміновай і кантрактнай службы. Пасля гэтага – пытанні ўзбраенняў, тэхнікі, боепрыпасаў…
Знайсці грошы – яшчэ не самая вялікая праблема, лічыць Юкнявічыене. Вінтоўку ці танк яшчэ можна хутка купіць, але даць адукацыю і змяніць мысленне немагчыма імгненна, колькі не плаці. Яна расказвае, як працавала ў парламенцкай асамблеі NATO, калі Літва далучылася да альянсу: была ашаломленая інтэлектуальным узроўнем заходніх афіцэраў: з імі цікава размаўляць пра геапалітыку, літаратуру, кіно, тэатр… Экс-міністарка згадвае, як сустракалася з беларускімі генераламі ў 2010 годзе, калі Літва спрабавала наладзіць стасункі з Беларуссю:
,,«Я зразумела, як шмат адрозненняў у дэмакратычнай дзяржавы і дзяржавы, дзе вайскоўцы ніколі не жылі ў дэмакратычных умовах».
У савецкім разуменні вайсковы кіраўнік павінен быць «чалавекам у футарале», кажа яна. А каб падрыхтаваць годнага афіцэра для арміі дэмакратычнай краіны, трэба не менш як 15 гадоў. Але гэта не немагчыма: літоўцы таксама жылі ў Савецкім Саюзе, «свету не бачылі, нельга было, але ўсё ж выйшлі нармальнымі людзьмі з гэтай турмы». Толькі, кажа, трэба было шмат вучыцца. Будучаму кіраўніцтву дэмакратычнай Беларусі яна раіць найперш прыняць законы, якія заклалі б падмурак для арміі дэмакратычнай дзяржавы, а потым выпраўляць людзей у нармальныя вайсковыя вучэльні.
Беларускія ваяры, якія бароняць Украіну, гэта гатовая вайсковая эліта?
З чаго пачынаць рэформу арміі, Кабанчуку цяжка сказаць. Кажа, трэба распрацаваць ваенную дактрыну, стварыць комплексны падыход з улікам сацыяльных і эканамічных аспектаў… Ды інтуіцыя яму падказвае, што транзітны перыяд у Беларусі будзе ў складаных ці нават экстрэмальных умовах. А значыць, трэба будзе рабіць стаўку на падраздзяленні, у якіх каштоўнасці незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі вышэй за адданасць «нейкаму фюрэру». І такія людзі ўжо ёсць – як мінімум, гэта тыя беларусы, якія цяпер бароняць Украіну, лічыць Кабанчук:
,,«Я спадзяюся, што з палка Каліноўскага і іншых добраахвотных падраздзяленняў выйдуць будучыя камандзіры беларускай арміі і іншых сілавых структураў Беларусі».
Людзі з рэальным баявым досведам будуць вельмі каштоўнымі для арміі вольнай Беларусі, але і ім спатрэбіцца адукацыя, канстатуе Кабанчук: беларусы ва Украіне займаюць у асноўным салдацкія ці сяржанцкія пасады.
З другога боку, калі фармавалася Савецкая Расея, у Чырвоную армію набіралі царскіх афіцэраў, нагадвае Раманенка. Так і дэмакратычная Беларусь мода пакінуць спецыялістаў з цяперашніх Узброеных сілаў: галоўнае, каб гэта былі патрыёты Беларусі і беларускага народу.

,,«Усё гэта каштуе нямала, – рэзюмуе Раманенка. – Таму кожнай дзяржаве трэба не страусам хавацца ад гэтага ўсяго, а закасаць рукавы і ў цяжкай працы дасягаць мэты».
У NATO адразу не возьмуць, а мо возьмуць у Балта-Чарнаморскі саюз?
Юкнявічыене згадвае: калі Літва далучалася да Еўразвязу і NATO, ніхто не думаў, што ў Еўропе можа быць такая вайна, як цяпер трывае ва Украіне. Але ў Літве разумелі, што трэба запэўніць сваю бяспеку – перадусім ад Расеі. Яна расказвае, што з пачатку незалежнасці Літвы была ў палітыцы – і адразу разумела:
,,«Калі мы не далучымся да гэтых альянсаў, асабліва да NATO, то нашая незалежнасць, нашая дзяржаўнасць адноўленая будзе часовай».
Дзяржавам Балтыі спатрэбілася 14 гадоў незалежнасці, каб далучыцца да NATO. Вугоршчына, Польшча і Чэхія абагналі іх на пяць гадоў, але гэта ўсё адно дзесяцігоддзе між дэмакратызацыяй і далучэннем да Паўночнаатлантычнага альянсу. Украіна хацела б у NATO, ды не бяруць. А пра далучэнне Беларусі да NATO і не вядзецца.
Можа, замест NATO мог бы сфармавацца нейкі альянс дзяржаваў Балтыі, Польшчы, Украіны і Беларусі, як прыдуманы сотню гадоў таму Балта-Чарнаморскі саюз?

Раманенка згадвае, што нешта падобнае абмяркоўвалі ў 2022–23 гадах: калі прэм’ерам Злучанага Каралеўства быў Борыс Джонсан, сур’ёзна разважалі пра такі альянс, толькі з брытанцамі замест беларусаў. Калі Джонсан сышоў з пасады, ідэя заглохла. Ды нядаўна прэм’ер Польшчы Дональд Туск прапанаваў саюз Польшчы, Брытаніі і Паўночнай Еўропы дзеля абароны Украіны. І краіны Балтыі, калі лічыць выдаткі адносна памераў эканомікі, у топе паводле падтрымкі Украіны.
Кабанчук лічыць, што Балта-Чарнаморскі саюз – зусім не фантастычны сцэнар, а найбольш рэалістычны:
,,«Тут проста сам лёс нас штурхае да яднання! Тым больш, што гістарычна мы жылі ў такім кантэксце, што супрацьстаялі адным ворагам. Будзь то, напрыклад, Арда, ці Маскоўская імперыя, якая фактычна прыйшла на замену Арды».
І дзеля вайсковай інтэграцыі не абавязкова далучацца да NATO, адзначае Юкнявічыене. Можна быць у асацыяцыі, у партнёрстве. Беларусь нават была ў праграме NATO «Партнёрства дзеля міру» з 1995 па 2021 год. Грузія да нядаўняга часу была даволі цесна інтэграваная ў NATO, нават удзельнічала ў аперацыях у Афганістане і Іраку. Добры прыклад узаемадзеяння з NATO – Фінляндыя і Швецыя, якія дзесяцігоддзямі ўдзельнічалі ў вучэннях NATO і «паводзілі сябе як чальцы NATO», хоць былі па-за альянсам, а калі захацелі, даволі хутка далучыліся.
Праўда, ніякі саюз не гарантуе бяспекі. Раманенка нагадвае пра пазіцыю прэзідэнта ЗША Доналда Трампа адносна NATO: саюзнік, які нядаўна здаваўся надзейным, можа раптам сысці. І вунь Польшча ў NATO, а расейская ракета можа забіць палякаў на роднай зямлі. Так ці інакш, трэба дбаць пра сваю бяспеку.
Алесь Наваборскі belsat.eu