У чэрвені ў беларускіх школьнікаў пачнуцца вакацыі, а выпускнікоў чакаюць уступныя іспыты і пачатак паступлення ў ВНУ. Таксама ўступная кампанія закране першакласнікаў. Для іншых жа беларусаў чэрвень стане месяцам, калі падаражэюць камунальныя паслугі і зменяцца законы аб будаўніцтве, куплі і рэгістрацыі маёмасці.
Вакацыі і выпускныя
1 чэрвеня ў школах пачнуцца летнія вакацыі. А выпускныя вечары для 11-класнікаў з уручэннем атэстатаў адбудуцца 13 чэрвеня.
Экзамены і ўступная кампанія 11-класнікаў
2 і 5 чэрвеня пройдзе цэнтралізаванае тэставанне, акрамя расейскай і беларускай моваў, па прадметах для ўсіх абітурыентаў. Для дзяцей, якія з уважлівай прычыны не прайшлі ўступных іспытаў у асноўныя дні, рэзервовымі днямі для правядзення цэнтралізаванага тэставання прызначаныя 19, 21 і 23 чэрвеня, цэнтралізаванага экзамену – 21 і 23 чэрвеня.
27 чэрвеня пачнецца ўступная кампанія ў ВНУ, але пакуль толькі для абітурыентаў у межах мэтавага рыхтавання.
Іспыты ў дзявятых класах
Выпускныя іспыты для дзявятых класаў пройдуць з 2 да 13 чэрвеня. Школьнікі здаюць беларускую і расейскую мовы, матэматыку і гісторыю Беларусі.

Прыём у першыя класы школаў
12 чэрвеня стартуе прыём у першыя класы. Падаць дакументы (заяву, медычную даведку і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці) могуць бацькі, чые дзеці жывуць у замацаваным за школаю мікрараёне. Тым, хто не жыве ў мікрараёне, але хоча запісаць дзіця на вольныя месцы, трэба запісацца на прыём да дырэктара школы з 12 чэрвеня да 15 жніўня.
Паступленне ў Ліцэй БДУ
З 12 да 15 чэрвеня будуць прымаць дакументы ў Ліцэй БДУ для навучання ў 10 і 11 класах. Абітурыенты, якія зарэгістраваліся загадзя ў асабістым кабінеце на сайце ўстановы, павінны прынесці ў прыёмную камісію заяву, пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі, медычную даведку і пацвярджэнне наяўнасці ільготаў. Уступныя экзамены пройдуць з 16 чэрвеня да 5 ліпеня.
Забарона прадаваць алкаголь
У звязку з выпускнымі ў школах 13 чэрвеня і 14 чэрвеня ў Беларусі абмяжуюць продаж алкаголю. У розных рэгіёнах канкрэтны час абмежаванняў можа адрознівацца. Абмежаванні не датычаць продажу алкагольных напояў для пахаванняў і вяселляў.
Язда з запаленымі фарамі
Адмысловая акцыя МУС «Увага: дзеці!» праходзіць у Беларусі да 5 чэрвеня ў звязку са сканчэннем навучальнага года і пачаткам вакацыяў. У гэтыя дні транспартавыя сродкі ў светлы час павінны ездзіць з запаленым блізкім святлом фараў або дзённымі агнямі.
У дзяцей забяруць ільготу
30 чэрвеня на два месяцы скончыцца тэрмін бясплатнага праезду навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю, у гарадскіх аўтобусах, тралейбусах, трамваях і метро.
У сваю чаргу Беларуская чыгунка з 1 чэрвеня да 31 жніўня ўвядзе зніжкі да 25 % ад кошту паездкі на паездкі ў кірунку расейскіх Адлеру, Самары і Анапы. Ільготны квіток змогуць набыць падлеткі ад 10 да 17 гадоў пры паездцы ў купэйных вагонах.

Паспець заплаціць падатак
2 чэрвеня заканчваецца тэрмін выплаты падаходнага падатку фізічнымі асобамі, якія падавалі падатковыя дэкларацыі аб даходах за 2024 год. Падатак выплачваецца на падставе паведамлення на яго выплату, што скіроўвае падатковы орган.
Камуналка падаражэе
З 1 чэрвеня павышаюцца гранічна дапушчальныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Павышэнне на цеплавую энергію для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг складзе Br 3,95.
Змены падыходаў да будаўніцтва і крэдытавання жытла
З 1 чэрвеня ўводзяцца тры формы дзяржаўнага падтрымання пры будаўніцтве або набыцці жытла:
ільготныя крэдыты на будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў, кватэраў у блакаваных жылых дамах, а таксама на набыццё аднакватэрных жылых дамоў, кватэраў у шматкватэрных або блакаваных жылых дамах, пабудаваных паводле дзяржаўнай замовы (21 катэгорыя грамадзянаў);
аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жытла (17 катэгорыяў);
фінансавая дапамога ў вяртанні запазычанасці паводле ільготных крэдытаў (для шматдзетных і маладых сем'яў, пры нараджэнні дзяцей).
Навацыі выключаюць грамадзянаў з удзелу ў долевым будаўніцтве і надаюць льготныя крэдыты толькі на куплю кватэраў у шматкватэрных жылых дамах, пабудаваных паводле дзяржаўнай замовы (адносна індывідуальных дамоў захоўваецца крэдытаванне на будаўніцтва і набыццё). Субсідыі на пагашэнне доўгу і адсоткаў паводле камерцыйных крэдытаў на будаўніцтва жытла заменяць льготнымі крэдытамі.
У мястэчках з колькасцю жыхароў да 20 тысяч асобаў ільготныя крэдыты будуць выдавацца для куплі жытла таксама на другасным рынку.
Будзе магчыма будаваць у шматкватэрным жылым доме часткі кватэраў паводле дзяржаўнай замовы і частку за кошт сродкаў бюджэту для надання грамадзянам у якасці арэнднага і сацыяльнага жытла. Таксама стане магчымы продаж жытла, пабудаванага паводле дзяржаўнай замовы, усім грамадзянам, што стаяць на ўліку тых, хто патрабуе паляпшэння жыллёвых умоваў (цяпер яны маюць права толькі на дзяржаўнае падтрыманне).

Змены ў рэгістрацыю маёмасці
З 11 чэрвеня ўводзіцца экстэрытарыяльнасць дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці: звярнуцца па паслугу можна будзе ў любое агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі незалежна ад таго, дзе месціцца маёмасць. Выпраўленні ж у рэгістр, звязаныя са змяненнем персанальных звестак грамадзянаў або найменняў юрыдычных асобаў – праваўладальнікаў, будуць уносіцца аўтаматычна, а не ўручную і не паводле заявы зацікаўленай асобы за плату, як цяпер.
Таксама ўводзіцца абавязковае дасудовае абскарджанне дзеянняў або бяздзейнасці рэгістратара толькі ў Нацыянальнае кадастравае агенцтва, выключаючы зварот у мясцовае агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі, і толькі пасля гэтага – у суд. Апроч таго, змяняецца парадак узаемадзеяння паміж натарыусамі і рэгістратарамі ў пытаннях, звязаных з рэгістрацыяй нерухомасці.
Змены ў працы банкаў
«Белгазпрамбанк» з 1 чэрвеня знізіць камісію за абмен пашкоджанай валюты. Яна складзе 9 % ад сумы, але не менш як Br 3 рублёў. Цяпер яна складае 12 %.
«Беларусбанк» з 2 чэрвеня ўводзіць узнагароду за адкрыццё бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку ў замежнай валюце. Для рэзідэнтаў яго памер складзе Br 100, для асобных катэгорыяў грамадзянаў – Br 20, для нерэзідэнтаў – Br 200.
Адкрыць базавы рахунак
Да 20 чэрвеня атрымальнікі сацыяльных выплатаў ад органаў працы, занятасці і сацыяльнай абароны павінны звярнуцца ў банк для адкрыцця базавага рахунку або пераафармлення наяўнага рахунку ў базавы. Калі ён будзе адкрыты пазней, выплаты правесці згодна з графікам не паспеюць. Адкрыць рахунак можна паводле генеральнай даверанасці.
Замена еўрааблігацыяў
26 чэрвеня адбудзецца чарговая замена еўрааблігацыяў Беларусі з пагашэннем 29 чэрвеня 2027 года (Беларусь-2027) на лакальныя дзяржаўныя аблігацыі з аналагічнымі параметрамі. Намінальны кошт адной аблігацыі – $ 1000. Правесці замену могуць толькі тыя ўладальнікі еўрааблігацыяў, якія купілі іх да 26 ліпеня 2024 года і забяспечаць іх блакаванне на рахунках Міністэрства фінансаў.
Дзюдаістам вернуць чырвона-зялёны сцяг
З 1 чэрвеня беларускія дзюдаісты вернуцца да выступлення на турнірах Міжнароднай федэрацыі дзюдо (IJF) пад дзяржаўным сцягам і з дзяржаўным гімнам.
Пасведчанні для лясной аховы
Да 1 чэрвеня ўсе работнікі аддзелаў аховы лесу Міністэрства лясной гаспадаркі павінны атрымаць пасведчанні на права палявання.
Падоўжанае маркіраванне ювелірных вырабаў
Да 30 чэрвеня падоўжаны пілотны праект маркіравання ювелірных вырабаў. Юрыдычныя асобы і ІП добраахвотна могуць маркіраваць кодамі ідэнтыфікацыі, наносячы на этыкетку знак абароны, які змяшчае код ідэнтыфікацыі, альбо код ідэнтыфікацыі, які змяшчае элементы абароны ад фальшавання.
Змяняецца рух транспарту
У Менску з 2 чэрвеня да 29 жніўня змяняецца расклад прыгарадных аўтобусных маршрутаў. Змены звязаныя з сезонным зніжэннем пасажыраплыні ў будні. Аналагічныя захады будуць рабіцца і ў іншых рэгіёнах.

Палёты ў Батумі і паездкі ў Мюнхен
«Белавія» ў звязку з рамонтам узлётна-пасадачнай паласы ў міжнародным аэрапорце Батумі (Грузія) да 15 чэрвеня вымушаная перанесці ў Кутаісі аэрапорт прылёту некаторых рэйсаў з Менску ў Батумі і назад.
Акрамя таго, з 1 чэрвеня з Менску ў Сочы (Расея) можна будзе лётаць тры разы на тыдзень – у аўторкі, чацвяргі, суботы. Таксама ў гэты горад з беларускай сталіцы з 26 чэрвеня запусцяць аўтобусны маршрут. Час у дарозе – 34 гадзіны.
З 4 чэрвеня «Менсктранс» запускае аўтобусны рэйс у Мюнхен.
Макар Мыш belsat.eu