Колькі палітвязняў і хто канкрэтна выйдзе на волю пасля таго, як урады ЗША і Беларусі пачнуць рэалізаваць пагадненне наконт змякчэння санкцыяў супраць беларускіх банкаў і экспарту калію? Што такі план існуе, грамадскасць даведалася з публікацыі «The New York Times»: «Хуткая ціхая паездка ў Беларусь сведчыць пра паварот у палітыцы ЗША».
Журналісты спаслаліся на інфармаваныя крыніцы, якія паведамілі, што ў Беларусь 12 лютага прыязджалі трое амерыканскіх чыноўнікаў, у тым ліку Крыстафэр Сміт, віцэ-памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША ў еўрапейскіх справах. Яны сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам і шэфам КДБ Іванам Церцелем менавіта для таго, каб абмеркаваць умовы пагаднення. За апошнія пяць гадоў гэта была першая сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі Дзярждэпартаменту ЗША.
Крыстафэр Сміт у Вільні сказаў дыпламатам, што «гэтыя вызваленні могуць стаць першым крокам да шырэйшай угоды паміж Вашынгтонам і Менскам у абмен на паслабленне санкцыяў, многія з якіх звязаныя з падтрыманнем Беларуссю вайны Расеі ва Украіне і з рэпрэсіямі супраць іншадумства ў краіне». Афіцыйных пацверджанняў такой інфармацыі пакуль няма. У артыкуле ўказваецца, што пасля перамоваў з Лукашэнкам амерыканскія чыноўнікі паехалі ў беларускую вёску ля мяжы з Літвою. Там яны забралі траіх зняволеных: працаўніка радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка, Алену Маўшук і грамадзяніна ЗША, імя якога не выдаецца, – і вывезлі іх у Вільню.
З публікацыі вынікае, што ўсіх палітвязняў адначасова не выпусцяць. Не называюць і колькасці людзей, якія выйдуць на волю. Сваякі і сябры палітвязняў абмяркоўваюць сітуацыю. Кожны з іх, вядома, спадзяецца, што ў спісе ён знойдзе запаветнае прозвішча. І тут паўстае пытанне: паводле якога прынцыпу будуць выпускаць людзей? Артыкулы ж у большасці зняволеных аднолькавыя. Праўда, ёсць яшчэ катэгорыя асобаў, абвінавачаных у нібыта тэрарызме і здрадзе Радзіме, а таксама ў спробе ажыццяўлення дзяржаўнага перавароту. Тое, што гэты пераварот адбыўся амаль 30 гадоў таму без іхнага ўдзелу, у абвінаваўчых прысудах, натуральна, не ўказваецца. Але ж і ў турме гэтыя людзі апынуліся менавіта ў выніку таго самага перавароту, інакш жылі б усе яны ў іншай рэчаіснасці і не было б ніякай неабходнасці выходзіць на дэманстрацыі. Зрэшты, гэта іншая гісторыя.
А цяпер галоўнае пытанне: колькі будзе людзей – і хто менавіта? Каго з вядомых палітыкаў, юрыстаў, грамадскіх дзеячаў можна будзе ўбачыць і як хутка гэта адбудзецца? Якія патрабаванні ім будуць выстаўленыя за вызваленне? Ці дазволяць улады застацца гэтым людзям на радзіме – або будзе паўтарацца ўсё той жа кашмарны сцэнар, што перажывала ўжо пакаленне нашых дзядоў пасля Кастрычніцкага перавароту 1917-га і ў новай версіі перажываем мы цяпер?
Гісторыя паўтараецца ў розных варыяцыях. Пасля 2020-га ўжо былі выпадкі гвалтоўнага высылання некаторых непажаданых для ўладаў людзей, але яны яшчэ пакуль не насілі масавага характару. Многія самі выбралі пакінуць свае дамы, каб іх не напаткаў лёс цяперашніх палітвязняў. Дзясяткі, сотні, тысячы, сотні тысяч людзей збеглі з краіны. Сярод іх шмат спецыялістаў у навуцы, медыцыне, літаратуры, адукацыі. Так, цяпер не расстрэльваюць, крыху іншыя норавы, але варта памятаць, што менавіта ў Беларусі смяротнае пакаранне існуе – дарэчы, у выніку таго самага перавароту. Добры дзядуля Ленін у 1922–1923 гадах прыклаў нямала намаганняў, каб пазбыцца «непажаданых элементаў». Смяротнае пакаранне для шмат каго з іх ён, дзеля прызнання заходнімі краінамі бальшавіцкага рэжыму, замяніў на прымусовую высылку. Кожнаму высыланаму дазвалялася ўзяць з сабой пінжак, штаны, дзве пары кальсонаў, дзве пары шкарпэтак, паліто, капялюш і дзве пары абутку. Пры гэтым усе грошы і маёмасць, што заставалася, канфіскоўвалі.

Ленін пісаў тады свайму паплечніку Дзяржынскаму: «трэба паставіць справу так, каб гэтых "ваенных шпіёнаў" злавіць і вылоўліваць паслядоўна і сістэматычна і высылаць за мяжу». А іншы паплечнік Леніна, Троцкі, пра гэтую акцыю напісаў: «Мы гэтых людзей выслалі таму, што расстраляць іх не было нагоды, а цярпець было немагчыма». Так што нічога новага. Гісторыя паўтараецца. І тады неабходнае было прызнанне Захадам краіны – і цяпер даводзіцца дэманстраваць гатовасць да гуманізацыі сістэмы. Тады ў параўнанні са сталінскімі рэпрэсіямі, што пачаліся праз 15 гадоў, яшчэ можна было казаць пра нейкі гуманізм.
А тым часам амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй справаздачы папярэдзіў, што змякчэнне санкцыяў у дачыненні Беларусі пойдзе на карысць толькі Расеі. Аналітыкі ў гэтым выпадку маюць на ўвазе яе ваенныя дзеянні, бо Расея выкарыстоўвае Беларусь «як плацдарм для сваіх вайскоўцаў у канфрантацыі з Украінай і NATO і як найважнейшы інструмент у сваіх схемах ухілення ад санкцыяў».
Як бы там ні было, але на брыфінгу каля сценаў амбасады ЗША ў Літве спадар Сміт заявіў, што галоўная задача змякчэння санкцыяў – дамагчыся свабоды для большай колькасці палітвязняў. Ён заявіў, што Лукашэнка выказаў гатовасць аслабіць рэпрэсіі. Ну, можа і сказаў. Але масавыя арышты цягам апошняга тыдня ў самых розных рэгіёнах краіны не даюць падставаў верыць Лукашэнку на слова. Амерыканскі чыноўнік лічыць не менш важным даць яму крыху свабоды, каб ён у меншай ступені быў залежны ад Расеі. Ну, сказаў і сказаў.
Але ўсіх хвалююць канкрэтныя пытанні: калі і колькі палітвязняў выйдуць на волю? Будзе гэта аднаразовая акцыя – або будуць выходзіць паступова асобнымі спісамі? Ці выйдуць усе без выключэння журналісты і аператары? Ці выйдуць былыя прадстаўнікі штабоў Бабарыкі і Ціханоўскай? Ці выйдуць тыя актывісты, якіх абвінавацілі ў цяжкіх злачынствах і пасадзілі на вялікія тэрміны? Засталося пачакаць, але ніхто не ведае, колькі. Менш за ўсё кагосьці цяпер хвалюе пытанне, каму выгаднае змякчэнне заходніх санкцыяў. Усе чакаюць, што кашмар для сотняў з тых, хто цяпер за кратамі ў нялюдскіх умовах, і для сотняў з тых, хто не за кратамі, неўзабаве скончыцца. Мала хто ў гэта верыць, але ўсё роўна людзі чакаюць. Пакуль нічога іншага не застаецца.
Любоў Лунёва belsat.eu