Офіс пракурора ў Гаазе распачаў папярэдняе вывучэнне сітуацыі ў Беларусі. Працэс ідзе паводле двух кірункаў: расследуецца датычнасць рэжыму Лукашэнкі да прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, а таксама злачынствы супраць чалавечнасці, што закранулі беларусаў, вымушаных пакінуць краіну.
Кожны з гэтых кірункаў тэарэтычна можа прывесці да выдачы ордэру на арышт Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля таго як Літва скіравала запыт у МКС, грамадскія арганізацыі, якія маюць інфармацыю пра меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці, таксама могуць звярнуцца ў суд са сваімі доказамі.
Гэтай магчымасцю скарысталіся «Рэпарцёры без межаў». Як патлумачылі прадстаўнікі арганізацыі DW, іх скарга зарэгістраваная і будзе разгледжаная Офісам пракурора ў межах літоўскага запыту.
RSF адзначае, што са жніўня 2020 года Лукашэнка арганізаваў сістэмную кампанію пераследу журналістаў, скіраваную на поўнае вынішчэнне незалежных медыяў.
Беларусь цяпер на чацвёртым месцы ў свеце паводле колькасці зняволеных журналістаў пасля Кітаю, М’янмы і Ізраілю і на першым – паводле колькасці зняволеных журналістаў на душу насельніцтва.
Хаця строгіх тэрмінаў для пачатку расследавання і выдачы ордэру не існуе, практыка паказвае, што такая пастанова можа быць прынятая да лета 2025 года.
«На сёння сам факт падачы матэрыялаў у МКС супраць рэжыму Лукашэнкі мае больш палітычнае значэнне. Ці ператворыцца гэта ў юрыдычную працэдуру – пакуль невядома. Але мы дакладна ведаем, што суд адкажа на запыт Літвы», – адзначае міжнародны юрыст Кацярына Дэйкала.
Нагадаем, Міжнародная платформа для Беларусі дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці (IAPB) паведаміла, што 31 студзеня 2025 года перадала матэрыялы ў ICC. Гэта яшчэ не азначае, што Міжнародны крымінальны суд распачне справу супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага рэжыму.
Беларусь не ёсць чальцом ICC і не давала суду юрысдыкцыю над сваёй тэрыторыяй, але злачынствы могуць закранаць дзяржавы, над якімі суд мае юрысдыкцыю. Матэрыялы дазволяць ацаніць, ці мае суд юрысдыкцыю для расследавання меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненыя беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з 1 траўня 2020 года.
Паведамленне было падрыхтаванае ў сувязі з перадачай Літвою пытання пра сітуацыю ў Беларусі Пракурору МКС 30 верасня 2024 года і зваротам (PDF) 13 праваабарончых арганізацыяў, разам з Платформаю, да іншых дзяржаваў – удзельніц МКС з заклікам далучыцца да яе.
У матэрыялах, паводле IAPB, выкладзены фактычны і юрыдычны аналіз доказаў, сабраных Платформаю падчас інтэрв’ю са сведкамі і пацярпелымі, а таксама матэрыялаў з адкрытых крыніцаў, што мае Платформа. Паведамленне Платформы, заснаванае на артыкуле 15 (2) Рымскага статуту, змяшчае фактычныя звесткі, у тым ліку пра грамадзянскія пратэсты і рэакцыі дзяржавы, жорсткае абыходжанне падчас пратэстаў, затрыманні, ператрусы і ўтрыманне пад вартаю, іншыя парушэнні асноўных правоў, прымусовы выезд грамадзянскіх асобаў з Беларусі і парушэнні правоў чалавека пасля выезду з Беларусі. Акрамя таго, быў рэпрэзентаваны юрыдычны аналіз пытанняў юрысдыкцыі, асноватворных актаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці і прымальнасці справы, а таксама адпаведныя дадаткі пра месцы ўтрымання пад вартаю і дзяржаўныя структуры ў Беларусі.
«Акрамя магчымага расследавання Міжнародным крымінальным судом захоўваецца вострая неабходнасць барацьбы з беспакаранасцю таксама шляхам правядзення нацыянальных расследаванняў і судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, з тым, каб забяспечыць перамогу правасуддзя, – заявіла кіраўніца IAPB Андрэа Губэр. – Платформа гатовая падаць доказы і аналіз нацыянальным пракурорам, якія вядуць расследаванне парушэнняў міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі».
Надзея Вольная belsat.eu