Арганізацыя вінаваціць Лукашэнку ў злачынствах супраць чалавецтва, у тым ліку ў масавым пераследзе журналістаў.
Няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (Reporters sans frontières, RSF) паведаміла, што падала пазоў у Міжнародны крымінальны суд (International Criminal Court, ICC) паводле абвінавачання ў злачынствах супраць чалавецтва.
RSF адзначае, што 26 студзеня ў Беларусі пройдзе галоўны дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, а без супрацьвагі ў выглядзе сродкаў масавай інфармацыі можна не сумнявацца ў тым, што «электаральны фарс пройдзе без сучка і задзірынкі», а Аляксандр Лукашэнка будзе названы пераможцам над чатырма «марыянеткавымі кандыдатамі».
З набліжэннем выбараў беларускія дзяржаўныя медыі вядуць прапаганду, якая паказвае незалежных журналістаў і медыі як «экстрэмістаў», адзначае RSF і згадвае нядаўнія відэа са зняволенымі журналістамі Ігарам Лосікам, Андрэем Кузнечыкам і Ігарам Карнеем.
RSF адзначае, што са жніўня 2020 года Лукашэнка арганізаваў сістэмную кампанію пераследу журналістаў, скіраваную на поўнае вынішчэнне незалежных медыяў:
«Асабліва сур'ёзныя факты, прааналізаваныя RSF у межах Статуту і судовай практыкі Міжнароднага крымінальнага суда, відавочна ўяўляюць сабой злачынствы супраць чалавецтва ў выглядзе пазбаўлення волі, пераследу і прымусовага перамяшчэння беларускіх журналістаў за іхную працу».
З дапамогай Беларускай асацыяцыі журналістаў «Рэпарцёры без межаў» налічылі 589 выпадкаў адвольных арыштаў 397 працаўнікоў медыяў у Беларусі і як мінімум 43 журналістаў, зняволеных цяпер. Паводле гэтых падлікаў, у выгнанні цяпер 500–600 беларускіх журналістаў, з якіх каля 200 асобаў у Літве і каля 300 асобаў у Польшчы.
Беларусь цяпер на чацвёртым месцы ў свеце паводле колькасці зняволеных журналістаў пасля Кітаю, М’янмы і Ізраілю – і на першым паводле колькасці зняволеных журналістаў на душу насельніцтва.
RSF заклікала пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ўлічыць гэтыя злачынствы супраць журналістаў у папярэднім расследаванні. Арганізацыя таксама вітала зварот Літвы ў гэтую судовую інстанцыю і заклікала іншыя дзяржавы далучыцца да Літвы ў справе супраць Лукашэнкі.
Літоўскі ўрад летась у верасні звярнуўся да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда на просьбу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і на падставе матэрыялаў, сабраных арганізацыяй на чале з Паўлам Латушкам. Частка злачынстваў, якія закідаюць Лукашэнку, мае трансмежны характар, бо здзяйсняецца не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў краінах – удзельніцах Рымскага статуту.
Алесь Наваборскі belsat.eu