Павел Латушка ў інтэрв’ю «Белсату» параўноўвае справу супраць Аляксандра Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе з цягніком, які ўжо не спыніць – яго можна толькі падганяць.
Літоўскі ўрад 30 верасня на просьбу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і на падставе матэрыялаў, сабраных камандай на чале з Паўлам Латушкам, перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) ў Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. 1 кастрычніка Латушка з выбранай прэзідэнткай Святланай Ціханоўскай і прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Літвы далі прэс-канферэнцыю аб гэтым звароце.
Вечарам 30 верасня Павел Латушка падрабязна расказаў вядоўцу «Белсату» Ігару Кулею, што значыць зварот у Міжнародны крымінальны суд. Каротка пераказваем паўгадзіннае інтэрв’ю.
Чаму гэта важна, калі Лукашэнку яшчэ нават не абвясцілі ў вышук?
Павел Латушка называў 30 верасня «гістарычным днём». Ён тлумачыць:
«Упершыню ў гісторыі Беларусі справы, звязаныя са злачынствамі супраць беларускага народу, перададзеныя афіцыйна ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Гэта ўпершыню адбываецца ў нашай гісторыі: калі кантэкст беларускі будзе разглядацца Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда».
Офіс пракурора за некалькі гадзінаў да размовы пацвердзіў, што матэрыялы прынятыя да разгляду. Аб справе выказаўся асабіста пракурор ICC Карым Хан. Гэта, па словах Латушкі, азначае, што ўжо ніхто не забярэ гэтыя матэрыялы з ICC, яны ўжо «пайшлі ў працэс». Ды важна, каб справа не проста «ляжала», а каб рухалася:
,,«Мы кажам пра гэты цягнік, адмысловы цягнік „Менск–Гаага“, які рушыў са станцыі „Менск-Пасажырскі“. І ў гэтым цягніку ўжо знаходзіцца Лукашэнка».
Бо і на яго, і на вышэйшых кіраўнікоў палітычных, вайсковых, праваахоўных установаў, сабраныя доказы аб здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі. Гэты цягнік рушыў са станцыі. Але наколькі хутка ён будзе рушыцца, залежыць таксама ад некалькіх фактараў. На гэтыя фактары мы павінны зараз вельмі моцна працаваць. Але ўжо спыніць яго немагчыма».
Латушка дадае, што гістарычны момант яшчэ і ў тым што ўрад іншай краіны, то бок іншая дзяржава, распачынае справу супраць Лукашэнкі – тады як ён здзяйсняе злачынствы супраць беларусаў дзесяцігоддзямі.
Чаму справа не за катаванні і забойствы ў Беларусі?
Злачынствы, у якіх абвінавачваюць дзейныя ўлады Беларусі, гэта дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні і «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці». Латушка называе гэта дасягненнем юрыстаў, якія знайшлі такое прававое рашэнне, бо на злачынствы супраць беларусаў на тэрыторыі Беларусі юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда не распаўсюджваецца.
У кантэксце звароту ўлічваюцца беспадстаўныя затрыманні, палітычна матываваныя прысуды і забойствы, але прыцягнуць да адказнасці Міжнародны крымінальны суд можа тады, калі злачынства тычыцца тэрыторыі адпаведнай краіны.
,,«Мы ведаем, што Лукашэнка ніколі не хацеў падпісаць Рымскі статут, ён ніколі не хацеў, каб Беларусь была чальцом Міжнароднага крымінальнага суда, бо ён разумеў, што адказнасць прыйдзе, гэты інструмент можа быць скарыстаны супраць яго», – адзначае Латушка.
Рашэнне было ў тым, каб разглядаць трансгранічныя злачынствы: на тэрыторыі Беларусі рэпрэсіі і гвалт вымушаюць людзей уцякаць у іншыя краіны. Сотні тысяч чалавек сталі, паводле Латушкі, ахвярамі фактычнай дэпартацыі. Пазней, калі беларусы выехалі ў іншыя краіны, супраць іх працягнуўся пераслед – ужо за межамі Беларусі.
Лукашэнка і ягоныя прапагандысты, заўважае Латушка, зрабілі «падарунак» для ахвочых прыцягнуць іх да адказнасці: праціўнікаў уладаў называюць «беглымі», «востракапытнымі», «нелаяльнымі», то бок падкрэсліваюць, што пераследуюць групу і катэгорыю людзей.
Як дапамагчы «цягніку» даехаць?
Паскорыць «цягнік», паводле Латушкі, можа падтрымка арганізацыяў, якія працягваюць збіраць доказы злачынстваў супраць чалавецтва ў Беларусі ад 1 траўня 2020 года (ад гэтай даты – матэрыялы ў заяўцы Літвы). Гэта Платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) ў Даніі, у якую ўваходзяць беларускія Камітэт супраць катаванняў і праваабарончы цэнтр «Вясна», брытанскі «Чырвоны крыж», дацкая «Dignity» і іншыя.
Міжнародны крымінальны суд таксама заклікаў перадаваць матэрыялы наўпрост яму праз бяспечную платформу «OPTLink» (з Беларусі – толькі праз VPN!).
А яшчэ важна, каб зварот Літвы ў ICC падтрымалі іншыя краіны, падкрэслівае Латушка. Дэмакратычныя сілы Беларусі звяртаюцца таксама да партнёраў з Польшчы, Нідэрландаў, Латвіі, Швецыі і іншых краінаў. У справе, кажа Латушка, ужо шмат доказаў, але іншыя дзяржавы могуць дапамагчы: «Калі падтрымае большасць краінаў-чальцоў Міжнароднага крымінальнага суда, цягнік пойдзе хутчэй». Прыклад адной дзяржавы, якая «перайшла гэты рубеж», як кажа Латушка, адкрывае большыя магчымасці для прававых рашэнняў іншых краінаў.
Лукашэнка спрабуе запужаць Літву?
У кантэксце звароту Літвы ў ICC шмат кажуць аб магчымым разрыве Беларуссю дыпламатычных адносінаў з Літвой. Латушка перакананы, што такога не адбудзецца, бо «дыктатар слабы». А калі пойдзе на разрыў стасункаў з Літвой, тое будзе вялікай памылкай і фіяска міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова. Ва ўладах Беларусі адбывалася ўжо не адна нарада на тэму ICC, сцвярджае Латушка, і «нейкія дзеянні рыхтуюць». Але падкрэслівае: Літва цвёрда стаіць на сваёй пазіцыі.
Рыжанкоў ужо спрабаваў дэматываваць Літву, абражаў урад Літвы, спрабаваў распаліць канфлікт. Латушка згадвае, што калі ён сам быў міністрам замежных справаў, Рыжанкоў быў ягоным намеснікам – і шкадуе, што «не навучыў яго дыпламатыі». Літва ж адказала рашуча: умовы нармальных адносінаў – вызваліць усіх палітвязняў і пакараць усіх вінаватых у рэпрэсіях, спыніць падтрымку вайны супраць Украіны, кампенсаваць страты за штучны міграцыйны крызіс. Разам з тым, у паветраную прастору Літвы сталі залятаць паветраныя шары з Беларусі – хоць яны былі з цыгарэтамі, але гэта магло быць намёкам.
,,«Разрыў дыпламатычных адносінаў з Літвой будзе азначаць фактычна разрыў адносінаў з Еўрапейскім звязам», – тлумачыць Латушка.
Дэмакратычныя сілы ўжо адчувалі супраціў спецслужбаў Лукашэнкі. Так, у кантэксце справы аб выкраданні ўкраінскіх дзяцей і іхнай дэпартацыі ў Беларусь, расказвае Латушка, звярталіся быццам бы прадстаўнікі Міністэрства абароны Украіны, якія хацелі атрымаць інфармацыю пра дэпартацыю дзяцей, нават прапаноўвалі грошы і шантажавалі. Але яны не ведалі, што ішла паралельная праца з Літвой і ICC – і што ідуць «іншыя дзеянні», якія Латушка пакуль не раскрывае.
,,«Я сказаў калісьці, што мы будзем наносіць удар левай – і мы гэты ўдар зрабілі, і справа ўкраінскіх дзяцей не заканчваецца, яна працягваецца, – запэўнівае Латушка. – Мы нанеслі сёння ўдар правай. Але будзе яшчэ ўдар па цэнтры».
Калі і які будзе «ўдар па цэнтры», Латушка не раскрывае.
Чаму Лукашэнка ведаў пра Літву і ICC за два тыдні да падачы?
Латушка і ягоныя паплечнікі даўно казалі пра тое, што хочуць дамагчыся выдачы міжнароднага ордару на арышт Лукашэнкі, ды і Літва раней пісала ў ICC пра злачынствы Лукашэнкі супраць Украіны. Ды ўсіх дэталяў пра цяперашні зварот не раскрывалі загадзя. Яшчэ на выступе 17 верасня Аляксандр Лукашэнка казаў, што менавіта Літва ініцыюе разгляд «беларускага пытання» ў ICC. 18 верасня ягоная прэс-сакратарка Наталля Эйсмант ледзь не слова ў слова пераказала фармулёўкі з літоўскага звароту.
Як так сталася, Латушка не ведае: кажа, рабілі разам з літоўскімі партнёрамі ўсё, каб інфармацыя засталася канфідэнцыйнай, цяпер пытанне да тых органаў, якія павінны адсочваць гэтую сітуацыю. Ды галоўнае, што не ўдалося спыніць працэс падачы заяўкі ў Міжнародны крымінальны суд. Да таго ж прапаганда яшчэ не дала на гэта годнага адказу.
«Я думаю, што гэта шок для Лукашэнкі, – разважае Латушка. – Ён хацеў увайсці ў гісторыю як першы прэзідэнт незалежнай Беларусі. Ён выканае сваю мару, ён войдзе ў гісторыю, але ён войдзе сапраўды як апошні дыктатар у Еўропе, ён войдзе ў гісторыю як міжнародны злачынец, які здзейсніў сотні тысяч злачынстваў супраць беларускага народу».
,,«Ён войдзе ў гісторыю, як тая асоба, якая панясе адказнасць за гэтыя злачынствы. Пытанне толькі часу».
Латушка лічыць, што Лукашэнка баіцца паўтарэння лёсу югаслаўскага дыктатара Слабадана Мілошавіча. Праўда, Мілошавіч не дачакаўся прысуду, памёр у турме Гаагскага трыбуналу. Латушка спадзяецца, што Лукашэнка, ягоныя паплечнікі і прапагандысты дажывуць да суда, а беларусы змогуць паглядзець суд у жывым эфіры.
Калі ўжо будзе вынік?
Ордар на арышт Лукашэнкі можа з’явіцца і заўтра, кажа Латушка, і Лукашэнка – не кіраўнік ядравай дзяржавы, як Уладзімір Пуцін, на якога ўжо выдалі такі ордар. Але трэба быць рэалістам: справа складаная. Раней у інтэрв’ю «Белсату» казаў, што чакае ордару на Лукашэнку ў 2024 годзе, а калі гэтага не адбудзецца, моцна выкажацца пра замежных партнёраў. Сёння Латушка кажа, што ўжо не мае падставаў крытыкаваць партнёраў у гэтай справе.
Ордар на арышт Лукашэнкі «можа справакаваць выбух», лічыць Латушка. Ён тлумачыць, якой можа быць рэакцыя чыноўнікаў вакол іх кіраўніка. З аднаго боку, ён побач і можа пакараць. З другога боку – Гаага далёка, але пагрозу крымінальнай адказнасці будуць узважваць і будуць адсоўвацца ад дзеянняў, якія могуць трактавацца як міжнародныя злачынствы супраць чалавечнасці. Хтосьці будзе спіхваць адказнасць на намеснікаў, хтосьці сыдзе з сістэмы. Той, хто будзе прыходзіць, яшчэ дзесяць разоў падумаюць, ці варта.
,,«Гэта будзе перманентна разбураць сістэму, – прагназуе Латушка. – Гэта не будзе так, што на нашых вачах пачне рассыпацца, але калі прыйдзе крытычны момант […], тыя, хто побач з ім дзеля таго, каб уратаваць сябе – я лічу, што гэта верагодны сцэнар – затрымаюць Лукашэнку і выдадуць яго міжнароднаму правасуддзю».
Латушка дадае: можа, тыя людзі, якія гэта зробяць, яшчэ самі не ведаюць, што яны будуць у стане гэта зрабіць.
Ігар Кулей, Алесь Наваборскі belsat.eu