Урад Літвы 25 верасня ўхваліў праект дэнансацыі дамоваў аб мытнай супрацы з Беларуссю і Расеяй. Беларускія чыноўнікі ці то шкадуюць, ці то пагражаюць.
Літоўскі ўрад 25 верасня ўхваліў падрыхтаваныя Міністэрствам фінансаў праекты дэнансацыі пагадненняў аб мытнай супрацы Літвы з Расеяй і Беларуссю.
«З улікам беспрэцэдэнтнай ваеннай агрэсіі Расеі і яе памагатага Беларусі супраць Украіны і грубага парушэння міжнароднага права, а таксама таго факту, што на практыцы трансгранічная гандлёва-эканамічная супраца з гэтымі дзяржавамі-агрэсарамі цалкам прыпыненая і немагчымая, прынятая пастанова дэнансаваць пагадненні», – растлумачыла міністарка фінансаў Літвы Гінтарэ Скайсце.
Як падкрэслівае ўрад, яшчэ з пачатку поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну літоўская мытня практычна не ажыццяўляла ніякай супрацы з Беларуссю і Расеяй, не абменьвалася з імі інфармацыяй. А пагадненні аб мытнай супрацы, што Літва заключыла яшчэ да далучэння да Еўразвязу, не маюць практычнага значэння, бо цяпер такая супраца належыць выключна кампетэнцыі Еўразвязу.
Акрамя таго, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа 16 верасня ўнёс у Сейм прапанову дэнансацыі яшчэ трох дамоваў аб эканамічнай супрацы з Беларуссю і Расеяй, падпісаных у канцы 1990-х. Літоўскія палітыкі і медыі нават крытыкавалі нізкія тэмпы дэнансацыі гэтых дамоваў, падазравалі ўплыў на прэзідэнта з боку беларускага калійнага бізнесу.
Што на гэта адказваюць у Беларусі
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі пацвердзіў, што літоўская мытня спыніла супрацу яшчэ ў 2022 годзе. Беларускія мытнікі робяць акцэнт на тым, што «літоўцы пагардліва паставіліся да людзей, у тым ліку грамадзянаў сваёй краіны», і дадалі, што «літоўцы ўсімі спосабамі дэманструюць свае адносіны: штучна ствараюць чэргі на мяжы, нерытмічна афармляюць транспарт, перыядычна і зусім не афармляюць».
Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў выказаўся шматзначна:
,,«Беларускі народ вельмі цярплівы і прыязны. У Менску ёсць дакладнае разуменне таго, што, пакуль не позна, трэба адысці ад краю прорвы і вярнуцца да канструктыўнай супрацы».
Ён заклікаў Літву дзейнічаць «ужо сёння», бо «на шматлікіх кірунках як у эканоміцы, лагістыцы, так і ў сферы міжчалавечых кантактаў мы можам проста падысці да пункту невяртання». Што гэта значыць, ён не патлумачыў, а сказаў толькі, што «гісторыя нам гэтага не даруе».
Наўрад ці мелася на ўвазе нейкая эканамічная катастрофа: эканоміка Літвы на ўздыме, істотна абганяе беларускую паводле шматлікіх паказнікаў. Напрыклад, валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці ў Літвы большы, чым у Беларусі, на дзве траціны. А летась Літва абышла Беларусь у простым валавым унутраным прадукце, нягледзячы на значна меншае насельніцтва краіны.
Рыжанкоў падкрэсліў, што літоўскаму боку неаднаразова дэманстравалі гатовасць да кансультацыяў у аднаўленні «добрасуседскага ўзаемадзеяння»: у лініях памежных і спецыяльных службаў, галіновых ведамстваў, міністэрстваў замежных справаў, парламентаў.
Міністр згадаў літоўскія карупцыйныя скандалы і выказаў надзею на тое, што па выніках парламенцкіх выбараў у Літве, запланаваных на кастрычнік, будуць створаныя ўмовы для беларуска-літоўскага дыялогу. Літоўцаў ён заклікаў «сказаць сваё слова ў абарону цывілізаваных стасункаў са сваімі суседзямі».
Штучна створаны ўладамі Беларусі міграцыйны крызіс на межах з Еўразвязам тым часам не спыняецца, але сціхае. Аляксандр Лукашэнка тлумачыць гэта тым, што мігрантаў з трэціх краінаў у Беларусі пачалі «папярэджваць», што ў Еўразвязе «іх заб’юць проста». Літва тым часам выправіла сваіх памежнікаў у Латвію, каб дапамагчы суседзям, да якіх наплыў мігрантаў стаў большым, і павучыцца ў іх.
Алесь Наваборскі belsat.eu