Рыгор Алексіевіч, які 8 верасня сёлета абвясціў галадаванне, бо Літва не аддавала яму набыты ў ЗША аўтамабіль, скончыў акцыю пратэсту і вярнуўся ў Беларусь.
Галадаванне цягнулася 12 поўных дзён, 21 верасня яно было спыненае. Галадаць мужчына пачаў у Клайпедзе, а потым пераехаў у Вільню, дзе працягнуў акцыю пратэсту і выходзіў да будынку Сейму Літвы, піша ABW.
«Я быў запрошаны ў будынак Сейму. Тут са мной сустрэўся вельмі спраўны, вельмі разумны чалавек. Мы з ім доўга гутарылі. Я выклаў сутнасць нашай праблемы і маёй асабіста, што, калі беларусы будуць тут губляць грошы і аўтамабілі, гэта сее недавер беларусаў да Літвы. Ён усё ўважліва выслухаў, я зразумеў, што ў яго ёсць магчымасці данесці гэтую думку да самых высокіх лідараў. Таксама ён параіў усё выкласці ў пісьмовым выглядзе і перадаць у Сейм, што я і зрабіў. Ён запэўніваў мяне, што найлепшае, што я магу зрабіць у гэтай сітуацыі, – выйсці з галадавання, бо тое, чаго я мог дасягнуць, я дасягнуў», – сказаў Рыгор Алексіевіч.
У сваім відэа ён папрасіў усіх, хто яго падтрымліваў, больш не пісаць лістоў у падтрыманне. Мужчына вярнуўся ў Беларусь, а ягоны аўтамабіль надалей застаецца ў Клайпедзе.
Беларусы сутыкнуліся з праблемамі пасля 4 чэрвеня, калі набылі моц новыя правілы вывазу аўтамабіляў з Літвы ў нашую краіну. І пад гэтыя абмежаванні трапілі купленыя раней аўты, якія ў той момант плылі ў Клайпеду.
Літоўская мытня пачала патрабаваць, у прыватнасці, дэкларацыю вытворцы. Дакумент мае пацвярджаць, што пакупнік не парушыць санкцыяў, то бок аўтамабіль не трапіць у Расею. Беларусы, якія купілі аўтамабілі, сцвярджаюць, што атрымаць такую дэкларацыю ад вытворцы немагчыма.
Аднак без гэтай паперы машынаў беларускім грамадзянам не аддаюць.
У Міністэрстве фінансаў Літвы сітуацыю тлумачаць тым, што багата аўтамабіляў, купленых і вывезеных беларусамі, потым прадаюцца ў Расею. Цяпер у Клайпедзе захраслі 2700 аўтаў. У ведамстве мяркуюць, што толькі 10 % з іх купленыя для выкарыстання ў Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu