У аўторак, 14 студзеня, на дзяржаўным тэлеканале ОНТ выйшаў сюжэт пра журналіста радыё «Свабода» Андрэя Кузнечыка. На 15 студзеня анансаванае інтэрв’ю з Ігарам Лосікам, на наступныя дні – з іншымі зняволенымі журналістамі радыё «Свабода». Акрамя таго, стала вядома пра шэраг палітычна матываваных судоў над беларусамі. Падрабязней апавядаем у нашым аглядзе рэпрэсіяў.
Журналіст Андрэй Кузнечык у першай серыі прапагандысцкага фільму ОНТ «Свабода слова» выглядае схуднелым і стомленым. Яго затрымалі 25 лістапада 2021-га і засудзілі на 6 гадоў зняволення. Сюжэт з Андрэем запісваўся ў турэмных умовах, калі менавіта – сказаць цяжка.
У канцы сюжэту было анансаванае інтэрв’ю з іншым журналістам «Свабоды», Ігарам Лосікам, засуджаным на 15 гадоў калоніі, яго абяцаюць паказаць 15 студзеня. Таксама маюць выйсці відэа з былым журналістам Ігарам Карнеем і палітыкам Юрасём Зянковічам, фігурантам «справы змоўцаў».
У БДМУ забаранілі адпачынкі для выкладчыкаў і пераздачы для студэнтаў да выбараў, паведамляюць «Белыя халаты». Гэта робіцца дзеля таго, каб іншагароднія студэнты адразу здалі ўсе залікі і экзамены, як мага хутчэй выехалі з Менску і галасавалі ўдома.
14 студзеня папоўніўся «экстрэмісцкі» спіс Міністэрстав інфармацы. У яго залучаныя:
• Telegram-каналы і чаты «Священный Белавуд», «BIEŁARUSKI ČAT»;
• Instagram-старонкі «belkrainec», «intermarium_belsat», «venger1991», dylevskiis», olga_zazik», kedyshkosergei», «golosbelarus», «bykaciarynka», «fuckdictator», «shalyginblr», «ded_salik»;
• сайт і сацыяльныя сеткі платформы «Gronka»;
• сайт і сацыяльныя сеткі ініцыятываў «Галасы праз межы», а таксама «Народныя навіны Віцебска | Народные новости Витебска»;
• YouTube-канал «За усами»;
• песня «ИЛЬИЧ feat А.Г. Лукашенко – Дайте газу!»;
• кнігі «Нарыс гiсторыi Беларусi (1795–2002)», «Тайны белорусской истории»;
• старонка ў Facebook «# ЖывеБеларусь!»;
• старонкі «УКантакце» «Litwiny», «Герои Беларуси 2020»;
• Viber-чат «ГАИ Ельск»;
• старонкі ў Х «Правакатар», «Алесь», «Наша Маша», «Буслик has left the буслянку», «придворный советник Ушба»;
• TikTok-старонкі «bessmertnii7291», «belarus.prо», «sciapan.garadokski», «yauhenlatan», «pozirk_online», а таксама TikTok-публікацыі «Лукашенко про удушение Беларуси», «Лукашенко хочет стать миллионером».

Палітычнага вязня Міхаіла Лабаня, гаспадара ювелірнай майстэрні «Самародак», засуджанага на 4 гады калоніі, ізноў будуць судзіць. Міхаіл вырабляў аздобы для ўдзельнікаў рэканструктарскіх суполак, вывучаў гісторыю Сярэднявечча. Яго абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (ч. 1 арт. 367 КК РБ), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
У траўні 2022 года Міхаіл ужо быў асуджаны да 4 гадоў калоніі. Пакаранне адбываў у Івацэвіцкай калоніі № 22, але ў траўні 2024-га быў пераведзены на турэмны рэжым у Магілёў.
Разгляд новай справы паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання») пачнецца 29 студзеня ў Віцебскім абласным судзе.
У Наваполацку 13 студзеня за «несанкцыянаванае пікетаванне» асудзілі Дзмітрыя Аношку. Справу разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. Дзмітрый – спартовец-аматар, практыкуе бег на розныя дыстанцыі і фігурнае катанне, папулярызуе здаровы лад жыцця, здымаецца ў фільмах, піша блог пра свае падарожжы.
Ужо больш за месяц двух беларусаў – Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку – у закрытым рэжыме працягваюць судзіць за спробу падарваць чыгунку каля Стоўбцаў. Працэс ідзе з 12 снежня. Мужчынаў вінавацяць паводле чатырох артыкулаў КК, у тым ліку – у замаху на акт тэрарызму і ў здрадзе дзяржаве. Беларусам пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
У прапагандысцім фільме ўвосень 2023 года сцвярджалася, што мужчынаў затрымалі за спробу паставіць на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне выбуховую прыладу, «якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ».

У Хойніках 9 студзеня за «экстрэмізм» судзілі вядомага ў горадзе прадпрымальніка Уладзіслава Дубікоўскага. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Працэс узначальваў суддзя Станіслаў Іванюценка.
У Калінкавіцкім раёне 11 студзеня за «экстрэмізм» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП) асудзілі «бездакорнага» лесніка, жыхара адной з вёсак раёну Пятра Іёвіна. Працэс узначальвала суддзя Святлана Кугейка. Вынік пасяджэння высвятляецца.
Пётр Іёвін больш за 10 гадоў працаваў лесніком у Крукавіцкім лясніцтве Калінкавіцкага лясгасу. Быў у ліку найлепшых работнікаў – у верасні 2023-га мужчыну ўзнагародзілі нагрудным знакам адрознення Міністэрства лясной гаспадаркі «10 гадоў бездакорнай службы ў Дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь».
У Рэчыцы 15 студзеня будуць судзіць музыку найстарэйшага метал-гурта Беларусі «Evtanazia» Андрэя Старушэнку. Яму інкрымінаваная ч. 2 арт. 19. 11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Працэс узначаліць суддзя Юліяна Лунцэвіч.
Гурт Андрэя выпусціў шэраг кліпаў на свае сінглы на беларускай мове. Музыка ладзіў у Рэчыцы шматлікія фестывалі цяжкай музыкі. Працуе мужчына галоўным энергетыкам Рэчыцкага метызнага заводу – аднаго з горадаўтваральных прадпрыемстваў. У 2021 годзе ён быў узнагароджаны ганаровай граматаю Рэчыцкага райвыканкаму і раённага Савету дэпутатаў «за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўнёсак у развіццё метызнай вытворчасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці заводу».
Марыя Міхалевіч belsat.eu