7 лютага дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзелі і ўхвалілі ў першым чытанні законапраект «Аб змяненні законаў у пытаннях забеспячэння правоў дзяцей». Гэтым дакументам уносіцца шэраг зменаў у заканадаўства ў сферы абароны правоў дзяцей і ўзмацнення гарантыяў дзяржаўнай абароны іхных законных інтарэсаў. «Белсат» паглядзеў уважліва, што гэта за змены і да чаго яны могуць прывесці.
Правоў у дзяцей больш, але больш і абавязанняў
Змены, што прапануюць дэпутаты, закрануць адразу некалькі заканадаўчых актаў, прынятых у нашай краіне. Так, у спісе фігуруюць кодэксы Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, аб адукацыі, а таксама законы «Аб правах дзіцяці», «Аб гарантыях сацыяльнай абароны дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асобаў з ліку дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў» і «Аб фізічнай культуры і спорце».
Стракаціць цікавымі зменамі Закон «Аб правах дзіцяці» ад 19 лістапада 1993 года. У артыкуле 11 закону прыводзіцца новая фармулёўка, што «дзяржава забяспечвае доступ дзяцей да інфармацыі, што адпавядае іхнаму ўзросту». У той жа час далей нідзе не прыводзіцца тлумачэння таго, як вызначаецца адпаведнасць інфармацыі таму ці іншаму ўзросту. Роўна як не даецца ніякіх спасылак на іншыя заканадаўчыя акты, якія б гэта маглі патлумачыць, што ў перспектыве стварае магчымасць неадназначнага і вельмі шырокага трактавання гэтае нормы.
Дадалося ў дзяцей акрамя правоў яшчэ і абавязанняў. Так, цяпер дзеці абавязаныя «паважаць дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь», «захоўваць гістарычную памяць пра гераічнае мінулае беларускага народу» – фармулёўкі прыгожыя, але па факце мы бачым як аднабока трактуецца ў беларускай дзяржаве «гераічнае мінулае», калі адны факты (асабліва датычныя супольнай беларуска-расейскай гісторыі) выпінаюць, а другія (звязаныя, напрыклад, з нацыянальным рухам), наадварот, хаваюць і перакручваюць (гісторыя БНР, паўстанне 1863 года і інш.).
З’явіліся дадатковыя абавязанні і ў бацькоў (артыкул 17), якія цяпер мусяць не толькі ствараць неабходныя ўмовы для паўнавартаснага развіцця, выхавання, адукацыі, умацавання здароўя дзіцяці і забяспечваць падрыхтаванне яго да самастойнага жыцця ў сям’і і грамадстве, але і прывучаць да грамадска карыснай працы, прывіваць ім культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцыяў Беларусі.
Не абышлося і без згадак «экстрэмізму» і «тэрарызму», пад якімі сёння разумеецца любая апазіцыйная дзейнасць. Так, гэтыя азначэнні з’явіліся ў артыкуле 26, у якім дзецям гарантуецца права аб’ядноўвацца ў грамадскія аб’яднанні, калі яны «не маюць мэтаў ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці».

Правяранне на экстрэмізм
Фігуруе «экстрэмізм» і ў іншых месцах законапраекта – гэтым разам датычна педагогаў, якія працуюць з дзецьмі. Так, да выкладчыцкай дзейнасці не будуць дапускацца людзі, якія мелі непагашаную або нязнятую судзімасць або якія здзейснілі злачынствы «экстрэмісцкага» кірунку. Гэта прапісваецца ў артыкуле 27.
Адметна, што ў законапраекце не прыводзяцца спасылкі на «экстрэмісцкія» артыкулы ў заканадаўстве, што, зноў жа, дае магчымасць больш шырокага трактавання гэтага пункту.
Не будуць дапускаць да педагагічнай дзейнасці тых, хто асуджаны паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: напрыклад, асобаў, звязаных са злачынствамі супраць палавой недатыкальнасці або распаўсюдам наркотыкаў і псіхатропных рэчываў.
,,«Карэктуецца адпаведны артыкул, што прадугледжвае пісьмовае папярэджанне педагагічных і іншых работнікаў, якія будуць беспасярэдне працаваць з дзецьмі, пра нормы заканадаўства аб плоцевай недатыкальнасці, прававых наступствах і пакаранні за гэтыя злачынствы, а таксама тлумачэнне гэтых нормаў іншым работнікам, якія таксама маюць кантакт з дзецьмі», – пракаментаваў змены ў заканадаўстве міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Таксама ў законапраекце прапісана абавязковае патрабаванне выпіскі з адзінага банку звестак аб правапарушэннях пры прыёме на педагагічную працу. Фактычна гэта на заканадаўчым узроўні замацоўвае новую рэальнасць у краіне: на месца працы ты мусіш прынесці доказ таго, што ў цябе няма «воўчага білету».
Як адзначаў міністр адукацыі, з асобамі, якія будуць працаваць з дзецьмі, будзе праводзіцца псіхалагічнае сумоўе. Адпаведныя змены прадугледжаныя папраўкамі, унесенымі ў артыкул 51 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ад 13 лютага 2011 года.
,,«Цяпер створаная міжведамасная рабочая група, што прадугледжвае ўдзел як медычных работнікаў, так і педагогаў-псіхолагаў для таго, каб праводзіць гэтую працэдуру. Мы мяркуем, што гэтая норма павінна закрануць у першую чаргу тых асобаў, якія будуць прымацца на працу. Для таго, каб кожны працадаўца, няхай гэта будзе ўстанова адукацыі, культуры, фізічнай культуры і спорту, дзе працуюць адпаведныя работнікі ў непасрэдным кантакце з дзецьмі, быў упэўнены ў тым, што гэтыя работнікі цалкам усведамляюць ступень адказнасці пры рабоце з дзецьмі», — падкрэсліў міністр.
Абарона ад шкоднай інфармацыі і іншыя Хагі-Вагі
У законапраекце таксама прапісаныя нормы, якія, як падкрэсліваецца, удасканальваюць механізм абароны дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іхнаму здароўю і развіццю. Адказнасць за гэта наўпрост усклалі на бацькоў (артыкул 372 Закона «Аб правах дзіцяці»): цяпер яны абавязаныя забяспечваць абарону дзяцей ад шкоднай інфармацыі, што распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Сюды ж падключаюцца і дзяржаўныя органы, якія мусяць надаваць інфармацыйна-кансультацыйную дапамогу бацькам у абароне дзяцей ад такой інфармацыі. Якія канкрэтна дзяржаўныя органы павінны гэта рабіць – у законапраекце не ўдакладняецца.
Да ліку прадукцыі, што можа нанесці шкоду здароўю і развіццю дзяцей, дадаліся «цацкі, якія ёсць узнаўленнем герояў камп’ютарных гульняў і фільмаў» (раней сюды ўваходзілі толькі друкаваныя выданні, аўдыёвізуальныя творы, фанаграмы, камп'ютарныя гульні і праграмы). Такім чынам, як аказалася, чыноўнікі спрабуюць абмежаваць беларускіх дзяцей ад дзіўных, на іхную думку, герояў. У першую чаргу дасталася незабыўнаму Хагі-Вагі.
«На жаль, мы бачым, што сёння ў адкрытым продажы ёсць цацкі, якія, відавочна, не могуць быць прызначаныя для дзяцей. Адзін з яркіх прыкладаў – цацка Хагі-Вагі, што фактычна прапаведуе гвалт, скажонае ўяўленне пра лялькі, цацку, дзіця. І яна, безумоўна, наносіць шкоду псіхалагічнаму здароўю дзяцей. Можна таксама прывесці ў прыклад цацкі, якія адкрыта дэманструюць адпаведныя інтымныя часткі чалавека. І гэта таксама павінна мець адпаведны ўзроставы грыф абмежаванняў», – заявіў Андрэй Іванец.

Маніпуляцыі на тэме дзяцей
На думку юрыста Арцёма Праскаловіча, ахова дзяцінства, правоў дзіцяці – вельмі чуллівая тэма. І на жаль, беларускі рэжым часта маніпулюе ёй. Ён мяркуе, што некаторыя з уведзеных зменаў сапраўды могуць станоўча спрацаваць на практыцы.
,,«Але на гэтым слове "практыка" і палягае галоўная праблема лукашэнкаўскага рэжыму. Спачатку будзем жыць "не да законаў", потым будзем падганяць законы пад тое, што нам трэба. Так і ў дадзеным выпадку. Нормы, што ў дэмакратычнай краіне працавалі б на карысць грамадства, у Беларусі ў неабходных рэжыму выпадках будуць выкарыстоўвацца ў якасці рэпрэсіўных, для ціску на людзей. Усе гэтыя характарыстыкі, псіхалагічныя анкеты, забарона на працу для так званых экстрэмістаў, хутчэй за ўсё, будуць выкарыстоўвацца менавіта для забеспячэння лаяльнасці работнікаў. З іншага боку, пры існым дэфіцыце педагагічных кадраў будуць браць лаяльных, але ці прафесійных? І так цяпер ува ўсіх сферах», – разважае суразмоўца «Белсату».
На думку Арцёма Праскаловіча, Лукашэнка амаль заўсёды змагаецца з наступствамі, а не з прычынамі: пачынаючы ад барацьбы з карупцыяй і заканчваючы барацьбою з алкагалізмам ці парушэннямі Правілаў дарожнага руху.
«Так і тут: у краіне не ствараюцца ўмовы для нармальнага жыцця сем'яў, развіцця дзяцей і іхных талентаў, а толькі запісваюцца новыя абавязанні, патрабаванні і забароны. Але ў выніку гэта не спрацуе. Думаю, многія ведаюць Дэкрэт № 18, што нібыта скіраваны на ахову дзяцей, але фактычна ўсе рэсурсы дзяржавы сканцэнтраваныя на тым, каб збіраць з бацькоў, чые дзеці апынуліся ў інтэрнатах, грошы за ўтрыманне дзяцей у дзяржаўных установах. Прафілактыка, паляпшэнне дабрабыту, псіхалагічная праца – усё гэта паводле рэшткавага прынцыпу», – лічыць юрыст.

Ён таксама адзначае, што вельмі сімвалічна, што з прэамбулы Закону «Аб правах дзіцяці», які «скіраваны на забеспячэнне яго [дзіцяці] фізічнага, маральнага і духоўнага здароўя, фармавання нацыянальнай самасвядомасці на глебе агульначалавечых каштоўнасцяў сусветнай цывілізацыі», выключаюцца словы «сусветнай цывілізацыі». Гэта адпавядае даўняму тэзісу Лукашэнкі, што ён сваю краіну за цывілізаваным светам не павядзе, адзначае Арцём Праскаловіч.
Раман Шавель belsat.eu