Танкер «Koala», на борце якога змешчаны груз мазуту, тоне ў порце Усць-Луга ў Ленінградскай вобласці Расеі. Яшчэ адно грузавое судна села на мель каля расейскага вострава Сахалін на Далёкім Усходзе.
«Фонтанка» паведамляе, што экіпаж танкера «Koala», які ходзіць пад сцягам Антыгуа і Барбуда, эвакуяваны на бераг. Паводле выдання, аварыйным службам перадалі паведамленне, што танкер атрымаў прабоіну і тоне. Нібыта ў машынным аддзяленні прагучалі тры выбухі. Тым не менш, выданне адзначае, што папярэдне выбухі не пацвярджаюцца і гаворка вядзецца пра вонкавыя пашкоджанні.
«BAZA» адзначае, што танкер быў ля прычалу ў марскім порце ва Усць-Лузе. На борце танкера заставаўся экіпаж з 24 асобаў (сярод іх чацвёра расейцаў, восем грамадзянаў Грузіі і 12 – Інданезіі). Бліжэй да дзвюх гадзінаў ночы на борт танкера было пагружана каля 130 000 тонаў мазуту. Судна ўжо рыхтавалася да адплыцця, калі ў машынным аддзяленні прагучалі тры магутныя выбухі. Экіпажу ўдалося выбрацца на бераг, аднак машыннае аддзяленне судна пачало затапляць вадою.
Бліжэй да 5-й раніцы сталася зразумела, што судна кармою села на мель. Работнікі МНС паставілі вакол судна бонавыя агароджы. Паводле папярэдніх звестак, выцеку нафтапрадуктаў у ваду не адбылося. У выніку здарэння ніхто не пацярпеў.
Губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка заявіў, што на танкеры «адбыўся тэхнагенны інцыдэнт падчас запуску рухавіка, у выніку якога пашкоджанае машыннае аддзяленне». Паводле яго, пагроза разліву нафтапрадуктаў адсутнічае.
Таксама 9 лютага сталася вядома, што кітайскае грузавое судна «An Yang 2» села на мель ля берагоў Сахаліна, на яго борце 20 чалавек. Губернатар Сахалінскай вобласці Валерый Лімарэнка заявіў, што пастанова аб зняцці карабля з мелі будзе прынятая пасля паляпшэння ўмоваў надвор'я. На борце балкера 1 тыс. тонаў вугалю, 54 тоны дызелю і 706 тонаў мазуту, перадае РБК.
Караблі тонуць і трапляюць пад санкцыі
Гэта чарговы інцыдэнт з суднамі, звязанымі з Расеяй, за апошнія месяцы. 15 снежня 2024 года моцныя хвалі разламалі два танкеры ў Керчанскай пратоцы. Прычынаю здарэння сталася непагадзь з моцным ветрам. Хвалі, што ўзняліся на моры, разламалі два танкеры: «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239». У выніку здарэння адбыўся разліў нафтапрадуктаў, адзін з маракоў загінуў. Гэта выклікала буйную экалагічную катастрофу на ўзбярэжжы Краснадарскага краю РФ.
А неўзабаве ў Міжземным моры паміж Іспаніяй і Алжырам патануў расейскі гандлёвы карабель «Ursa Major». На караблі адбыўся выбух у машынным аддзяленні, калі ён ішоў на ўсход ад Гібралтарскай пратокі, пасля чаго судна пачало тануць.
10 студзеня Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў абвясціла пра новыя санкцыі, скіраваныя супраць нафтавай галіны Расеі. Сярод іншага пад санкцыі трапілі «Совкомфлот» і «Роснефтефлот», іх падраздзяленні і караблі пад сцягамі Расеі, Барбадосу і Панамы; шэраг кампаніяў і караблёў з трэціх краінаў, што аднеслі да расейскага «ценявога флоту»; дзве расейскія марскія страхавыя кампаніі.
Якуб Хруст belsat.eu