навіны

Патанулыя расейскія танкеры выклікалі экалагічную катастрофу ў Чорным моры

Крушэнне танкера ў Керчанскай пратоцы. 15 снежня 2024 года. Скрыншот: ukrpravda_news / Telegram
Крушэнне танкера ў Керчанскай пратоцы. 15 снежня 2024 года. Скрыншот: ukrpravda_news / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У выніку патаплення з прычыны шторму расейскіх нафтавых танкераў у Керчанскай пратоцы нафтавыя плямы дабраліся да курортнай «перліны Расеі» – гораду Анапа.

«Экалагічная катастрофа накрыла пляжы Анапы. Шторм прынёс велізарную колькасць мазуту з танкера, што расклаўся ў Керчанскай пратоцы», – паведамляе тэлеграм-канал «Типичная Анапа» і публікуе адпаведнае відэа.

Паводле яго, «неабходна тэрмінова прымаць захады ў ачышчэнні пляжнай тэрыторыі. І выставіць рахункі за нанесеную шкоду сквапным гандлярам нафтаю, якія выпусцілі старыя танкеры, прызначаныя для рэк, у штармавое мора».

ТАСС паведамляе, што Азоўска-Чарнаморская міжраённая прыродаахоўная пракуратура зарганізавала правяранне ў сувязі са з’яўленнем інфармацыі пра забруджванні прыбярэжнай паласы мазутнаю сумессю з танкераў.

Таксама нафтавая пляма захоўваецца каля акупаванага Расеяй Крыму. Звесткі спадарожнікавага маніторынгу выявілі плямы мазуту агульнай плошчаю каля 100 кв. м за межамі Керчанскай пратокі, паведаміў загадчык аддзелу дыстанцыйных метадаў даследаванняў марскога гідрафізічнага інстытуту РАН у Севастопалі Сяргей Станічны.

Якімі будуць наступствы для экалогіі

Эколагі Краснадарскага краю ў гутарцы параўналі крушэнне танкераў у Керчанскай пратоцы з буйною экакатастрофаю, што адбылася ў гэтай самай ваколіцы ў 2007 годзе, калі пацярпелі бедства восем буйных суднаў.

«Тэарэтычна, мора здольнае аднаўляцца пасля такіх забруджванняў, але для жывёлаў і мікраарганізмаў гэта ў любым выпадку велізарная шкода. На мой погляд, наступствы экакатастрофы 2007 года для біясферы і біялагічнай разнастайнасці ў рэгіёне дагэтуль не скончыліся, а цяпер да іх далучыліся і наступствы цяперашняй катастрофы», – паведаміў член экалагічнай камісіі савету пры губернатары Краснадарскага краю Яўгеній Віцішка.

Паводле яго, найбольш пацерпяць берагавыя птушкі ў Азоўскім моры і Керчанскай пратоцы, у тым ліку чырванакніжныя. Шкода для рыбаў і марскіх жывёлаў будзе мінімальнаю, але планктон і мікраарганізмы, якімі яны харчуюцца, пацерпяць моцна. Таксама наступствы здарэння закрануць пералётных птушак, якія пралятаюць цяпер над гэтай тэрыторыяй на поўдзень, у бок Турцыі.

,,

«Усё гэта прывядзе да фундаментальных зменаў у экасістэме Керчанскай пратокі», – сказаў Віцішка.


Асноўныя наступствы будуць для Чарнаморскага ўзбярэжжа Краснадарскага краю, мяркуе рэгіянальны эксперт, кіраўнік выдання «Акценты» Антон Чаблін.

15 снежня моцныя хвалі разламалі два танкеры ў Керчанскай пратоцы. Прычынаю здарэння сталася непагадзь з моцным ветрам. Хвалі, што ўзняліся на моры, разламалі два танкеры: «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239». У выніку здарэння адбыўся разліў нафтапрадуктаў, адзін з маракоў загінуў.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10