навіны

ЗША ўвялі санкцыі супраць расейскіх нафтавых гігантаў. А Украіне далі крэдыт пад замарожаныя расейскія актывы

Бочка з лагатыпам «Газпром Нефть»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бочка з лагатыпам «Газпром Нефть». Фота: Maxence / Flickr, CC BY 2.0
podpis źródła zdjęcia

Пад новыя санкцыі трапілі «Газпром Нефть» і «Сургутнефтегаз». А Украіна пачала атрымліваць грошы, вяртаць якія мае з замарожаных расейскіх актываў.

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: fanjianhua / Freepik

Буйны кітайскі порт адмовіўся ад расейскай нафты пад ціскам ЗША

Дэпартамент скарбніцы – міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў – абвясціла 10 студзеня аб новых санкцыях, скіраваных супраць нафтавай галіны Расеі. Пад санкцыі трапілі расейскія нафтавыя гіганты «Газпром Нефть» і «Сургутнефтегаз», а таксама іхныя падраздзяленні ў Расеі, Таджыкістане, Казахстане, Кыргызстане, Сербіі і Люксембургу, у ліку якіх «Сургутнефтегазбанк».


Таксама пад санкцыі трапілі «Совкомфлот» і «Роснефтефлот», іхныя падраздзяленні і караблі пад сцягамі Расеі, Барбадосу і Панамы; шэраг кампаніяў і караблёў з трэціх краінаў, якіх аднеслі да расейскага «ценявога флоту»; дзве расейскія марскія страхавыя кампаніі; нафтавы трэйдар «Black Pearl Energy Trading» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і звязаныя з ім кампаніі; шэраг кампаніяў і кіраўнікоў энергетычнага сектару Расеі…

,,

«Злучаныя Штаты прымаюць шырокія захады супраць галоўнай крыніцы даходаў Расеі для фінансавання ейнай жорсткай і незаконнай вайны супраць Украіны», – патлумачыла Сакратарка скарбніцы ЗША (міністарка фінансаў) Джэнэт Елен.


Дзяржаўны дэпартамент ЗША (міністэрства замежных справаў) тым часам прымае іншыя захады для скарачэння прыбыткаў Расеі ад энергетыкі: блакуе два актыўныя праекты, звязаныя са звадкаваным прыродным газам; буйны расейскі нафтавы праект; кампаніі трэціх краінаў, якія падтрымліваюць экспарт расейскіх энерганосьбітаў; увёў санкцыі супраць расейскіх пастаўнікаў нафтавых сэрвісаў, шэрагу кіраўнікоў «Росатома» і гэтак далей.


Злучанае Каралеўства абвясціла, што далучаецца да санкцыяў ЗША супраць «Газпром Нефти» і «Сургутнефтегаза». У мінулым месяцы Каралеўства наклала санкцыі на больш як два дзясяткі караблёў, звязаных з транспартаваннем расейскай нафты.


У канцы мінулага года пайшлі чуткі аб тым, што краіны «Вялікай сямёркі» таксама думаюць аб больш жорсткім абмежаванні цэнаў на расейскую нафту ці аб нейкіх новых забаронах адносна яе.

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sputnik

«Reuters»: Дамінаванне Расеі на газавым рынку Еўразвязу заканчваецца

Украіна тым часам атрымала ад Еўразвязу першыя 3 млрд еўра з крэдыту на каля 18 млрд, які «Вялікая сямёрка» выдала пад фінансаванне з замарожаных расейскіх актываў, паведаміла старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.


Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль выказаў падзяку ад імя Украіны: напісаў, што гэтыя грошы ёсць «сведчаннем непахіснай падтрымкі Еўразвязу ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі, забеспячэнні макраэканамічнай стабільнасці і аднаўленні крытычнай інфраструктуры».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10