Няма рэальных звестак пра колькасць палітвязняў у Беларусі. І быць не можа, калі ўлічыць пажаданні сваякоў і сяброў некаторых вязняў, якія чамусьці вераць, што калі пра іхных родных не будуць гаварыць як пра палітычных, то ўмовы ўтрымання для іх не будуць такімі жахлівымі, як для тых, чые імёны ўваходзяць у спіс палітвязняў.
Магчыма, ёсць і іншыя прычыны. Тым не менш усе разумеюць, што ў турмах трымаюць не менш за паўтары тысячы чалавек, якія не забілі, не скралі, не збілі, не згвалтавалі, не змахлявалі. Гэтыя людзі сілай вырваныя са звыклага кола роўных з сабой і змушаныя трываць здзекі і знявагі, не атрымліваць карэспандэнцыі, гадамі не мець спатканняў і звычайных чалавечых зносінаў.
Журналісты, лекары, інжынеры, мастакі, рабочыя, настаўнікі… Якія толькі сацыяльныя групы і прафесіі ні прысутнічаюць у спісе палітвязняў. Турмы, СІЗА, ІЧУ, ізалятары, чэргі перадаць пасылку, спісы дазволенага і забароненага, у якія дні прымае начальнік… Такая рэчаіснасць. Беларусы ўступілі ў новы перыяд «зачысткі». Ніхто не можа сказаць, колькі ён будзе доўжыцца. Але, здаецца, надышоў той момант, калі невыносна робіцца ўсім – і тым, хто быў за перамены, і тым, хто назіраў з акна, ці ўдасца першым чагосьці дабіцца. Як у 1930-ыя: нібы і зразумела, па каго можа прыехаць «варанок», але ўжо не факт, што не па цябе.
,,Сітуацыя склалася парадаксальная: сотні грамадзянаў краіны апынуліся ў закладніках, а перамоваў пра іхнае вызваленне ніхто не пачынае і ніякіх умоваў не выстаўляе.
Як дабіцца вызвалення ні ў чым не вінаватых людзей, не ведае ніхто. Сесці за стол перамоваў з Лукашэнкам, якога палітыкі даўно не называюць прэзідэнтам, можа і азначала б ягоную легітымізацыю, як сцвярджаюць некаторыя эксперты, але ж ніхто не прапаноўвае ніякіх паседжанняў.
Еўрапарламент яшчэ летась 19 верасня ў чарговай рэзалюцыі заклікаў улады Беларусі выпусціць усіх палітвязняў. Але нічога не змянілася. Выпускалі адных, і на іхныя месцы адразу ж прыходзілі іншыя. Быў заклік даць інфармацыю пра стан палітвязняў і дазволіць доступ да іх адвакатаў, сваякоў ці сябраў Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. І зноў ніякай рэакцыі.
А наведаць вязняў проста неабходна. Нават з урыўкавых звестках зразумела, што ўсё страшна. Выйшла чарговая малюсенькая, як кропля ў моры, «партыя» палітвязняў, і аналітыкі зноў пачынаюць шукаць у гэтым нейкія сігналы, якія, магчыма, Аляксандар Лукашэнка цяпер ужо дакладна пасылае Захаду. А можа, ніхто нічога не пасылае? У беларускіх турмах сядзяць больш за 30 тысяч зняволеных. Нашая краіна займае першае месца ў Еўропе паводле колькасці вязняў на душу насельніцтва. Гэта звесткі арганізацыі «Wisevoter». А тут яшчэ і «варанкі» ўва ўсёй краіне па палітычных. Як кажуць, турмы ў нас не гумовыя, але месца ўсім хопіць. Што тамака адбываецца?
Днямі, 1 лютага, выйшла на волю Паліна Шарэнда-Панасюк. Па заканчэнні тэрміну. 3 студзеня 2021 года сілавікі выламалі дзверы ў ейную кватэру, правялі там ператрус і даставілі жанчыну, маці дваіх дзяцей, у СІЗА. У абвінавачанні фігуравалі тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Знявага Лукашэнкі»), арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»). Ужо адбываючы тэрмін, Паліна была першай жанчынай, да якой ужылі арт. 411, той самы, якая дазваляе адміністрацыі калоніі дадаваць тэрміны заняволення столькі, колькі ёй захочацца.

Каб зразумець, да якой ступені самавольства даходзіць на зонах, дастаткова прачытаць фармулёўкі з рапартаў абвінавачання Паліны: «спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення», або «выконвала фізічныя практыкаванні, лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне». Ці вось яшчэ: «расшпіліла пінжак», «была няветлівая з працаўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў камунікацыю з іншымі асобамі».
З цяжкасцю наогул верыцца, што гэта пісалі людзі, якія хадзілі ў школу, якія глядзяць фільмы, «ТыкТокі», чытаюць нейкія навіны. Ну, гэтыя напісалі, але тыя людзі з вышэйшай адукацыяй, якая абавязвае homo sapiens не толькі валодаць пэўнымі ведамі, але і выконваць маральныя нормы, гэта ўсё ў судзе агучылі і папрасілі пакараць чалавека дадатковым тэрмінам заняволення. І іншыя людзі з вышэйшай адукацыяй пагадзіліся з імі і пакаралі.
І хоць усё прадказальна, ад «я ж выконваў загад, бо чалавек маленькі» да «дык я ж дзейнічаў у рамках закону», усё роўна хочацца зразумець. Зразумець, ці вагаўся хаця б гэты чарговы цвічок сістэмы перад тым, як сыграць сваю ролю ў лёсе чалавека. Бо не можа ён не ведаць, што нават паўгода ў тых умовах – гэта ўжо гаворка не пра нейкія нязручнасці, а пра лёс чалавека.
Вось у гэтай канкрэтнай справе Паліны – падарванае здароўе з сур'ёзным дыягназам і замест лячэння новыя катаванні. І яшчэ невядома, якія могуць быць наступствы.
Дык яшчэ ж і дзеці, якія таксама пацярпелі, не бачачы мамы, муж, які вымушаны быў усё гэта выносіць на сваіх плячах, сваякі… І гэта гісторыя толькі адной жанчыны. А колькі такіх гісторыяў? А колькі мужчынаў сядзіць ва ўмовах, калі з імі месяцамі, гадамі ніхто не бачыцца, калі яны не атрымліваюць нават інфармацыі пра тое, што адбываецца ў свеце за сценамі камеры?
,,Што зрабіць, каб выйшлі на волю палітвязні? Што? Якія круглыя сталы арганізаваць? Каго туды запрасіць? З кім абмеркаваць? Пакуль на вачах усяго свету Беларусь усё больш ізалюецца. Рэпрэсіі не спыняюцца, і ад іх стаміліся ўсе. Усе без выключэння.
Якое выйсце? Усе палітыкі, аналітыкі, назіральнікі і проста нармальныя людзі кажуць ва ўнісон: неабходна тэрмінова выпусціць усіх палітвязняў. Але калі б Лукашэнка хацеў зблізіцца з Захадам, дык даўно б так і зрабіў. Цяпер нават не мае значэння, сам ён хоча ці вымушаны яшчэ больш зблізіцца з Масквой. Відавочна, што нашая краіна цяпер у небяспечным стане. Але палітзэкі працягваюць сядзець у невыносных умовах, спецыяльна створаных для таго, каб максімальна ўкараціць вязням жыццё. І ніхто не ведае, як выратаваць людзей, якія не забілі, не скралі, не збілі…
Да чаго можа прывесці стомленасць насельніцтва? Падчас сталінскіх рэпрэсіяў нават не ўсе былі ў курсе таго, што адбываецца ў гарадах. Тады ў сельскай мясцовасці жыло значна больш насельніцтва, чым цяпер. Не было стомленасці, бо народы перажывалі дзве сусветныя вайны, голад, эпідэміі, грамадзянскую вайну і індустрыялізацыю. Пра палітвязняў не гаварылі пад пагрозай, каб самому не апынуцца на нарах. Увесь лагерны кашмар спыніўся пасля смерці Сталіна, да таго ж СССР быў велізарнай краінай. А тут маленькая Беларусь, на якую абрынуліся ўсе няшчасці. І як вызваліць палітвязняў, мы дагэтуль не ведаем. Толькі ведаем, што іх трэба вызваліць, таму што прамаруджванне да смерці падобнае ў літаральным сэнсе гэтага слова.