Шуфлядка

DeepSeek: як кiтайскi стартап шакаваў свет i абваліў акцыі

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Justin Sullivan / Getty Images
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Justin Sullivan / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Свет штучнага інтэлекту (ШІ) бурліць. Кiтайскi стартап DeepSeek прымудрыўся ўсяго за некалькі месяцаў распрацаваць рэвалюцыйную мадэль ШІ, якая не толькі рызыкуе стаць канкурэнтам ChatGPT, але i ў цэлым пахіснула фундаментальныя ўяўленні аб распрацоўцы мадэляў штучнага інтэлекту, яшчэ і біржавы абвал выклікала. Разбiраемся разам з экспертам, як такое магло здарыцца.

Што адбылося?


На мінулым тыдні кітайская кампанія DeepSeek прэзентавала сваю найноўшую мадэль штучнага інтэлекту. DeepSeek-R1 была створана ўсяго за два месяцы пры затратах меней чым 6 млн долараў. У адрозненне ад заходніх аналагаў, якiя патрабуюць дзясяткі тысячаў высокапрадукцыйных чыпаў для навучання, R1 працуе прыкладна на 2 000 састарэлых чыпах Nvidia H800.


Адначасова з гэтым з’явілася навіна, што дадатак DeepSeek абагнаў ChatGPT па колькасці загрузак у Apple App Store i стаў самым папулярным бясплатным дадаткам.


Лян Вэньфэн, заснавальнік DeepSeek, стаў ледзьве не нацыянальным героем у КНР. На мінулым тыдні ён быў адзіным кіраўніком кампаніі, якая займаецца распрацоўкай ШІ, запрошаным на сустрэчу з прэм’ер – мiнiстрам Кiтая Лi Цянам.


Паводле ацэнак вытворцы, DeepSeek-R1 можа канкурыраваць з ChatGPT. Цiкава, што дата публiкацыi падрабязнасцей пра DeepSeek супала з інаўгурацыяй Дональда Трампа, што надае падзеі яшчэ i палітычны кантэкст.


Як DeepSeek паўплываў на рынак?


ChatGPT i яго кiтайскi канкурэнт заснаваны на вялiкiх моўных мадэлях, якiя апрацоўваюць велiзарныя аб’ёмы дадзеных, таму для іх навучання патрэбныя магутныя чыпы, у тым ліку ад Nvidia. На момант запуску DeepSeek-R1 капіталізацыя Nvidia складала $3,43 трлн, што рабіла яе самай дарагой кампаніяй у свеце. Значны рост быў дасягнуты дзякуючы няспыннаму павелічэнню кошту акцый – з канца 2022 года іх вартасць вырасла на 850%. Але запуск DeepSeek-R1 прывёў да падзення курсаў акцыяў амерыканскіх тэхналагічных кампаніяў, што спецыялізуюцца на штучным інтэлекце, у тым ліку Nvidia.


27 студзеня акцыі вытворцы графiчных працэсараў абрынуліся на 17%, а капіталізацыя кампанii зменшылася адразу на 600 млрд долараў.

Лян Вэньфэн, заснавальнік DeepSeek (па правы бок). Фота: channelnewsasia.com
Лян Вэньфэн, заснавальнік DeepSeek (па правы бок). Фота: channelnewsasia.com

Адкуль узяўся канкурэнт для ChatGPT?


DeepSeek – гэта стартап з кітайскага гораду Ханчжоу, заснаваны ў 2023 годзе камандай былых інжынераў Tencent i навукоўцаў з Чжэцзянскага ўніверсітэту. Іх флагманская мадэль R1 уразіла экспертаў сваёй эфектыўнасцю, нягледзячы на значна меншыя выдаткі ў параўнанні з заходнімі распрацоўкамі.


Чым DeepSeek адрозніваецца ад ChatGPT?


Распрацоўшчык ChatGPT, амерыканская кампанія OpenAI, трымае прынцыпы працы сваёй мадэлi ў сакрэце, тады як код DeepSeek адкрыты.


«Новая мадэль была распрацаваная камандай праграмістаў i матэматыкаў, якія працуюць з iнвестыцыямi на фондавым рынку. Гэта не дзяржаўная арганізацыя, а iнiцыятыва, што дазволіла прыцягнуць падтрымку інжынераў з усяго свету. Зрабіўшы код адкрытым, яны паказалі, што навучанне i выкарыстанне гэтай мадэлі патрабуе ў разы меней сродкаў. Гэта падштурхнула сусветную супольнасць да распрацоўкі новых, больш даступных варыянтаў ШІ, у тым ліку ў абыход санкцыяў i іншых абмежаванняў», – тлумачыць Майк Ананьін, архітэктар дзяржаўных рашэнняў у сферы лічбавай эканомікі.


Каманда DeepSeek зрабiла стаўку на спрошчаны працэс распрацоўкі. Архiтэктура мадэлi ШІ выкарыстоўвае больш эфектыўныя падыходы да апрацоўкі і аптымізацыі дадзеных, што амаль у дзесяць разоў зніжае выдаткі без страты якасці.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Shutterstock.
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Shutterstock.

Чаму ЗША не змаглі спыніць DeepSeek?


DeepSeek дасягнуў поспеху, нягледзячы на тое, што Вашынгтон забараніў Nvidia экспартаваць найноўшыя чыпы ў Кітай.


«Кiтай мае свае спосабы i магчымасці абыходу санкцый. Як стала вядома, праз сетку кампанiяў, што закупляюць чыпы праз трэція краіны, Кітай атрымаў доступ да неабходных тэхналогіяў. Гэта дазволіла стварыць кампанii накшталт DeepSeek», – кажа Майк Ананьін.


Ён адзначае, што ёсць i iншыя кітайскія кампаніі, якія заявілі пра распрацоўку канкурэнтаздольных мадэляў ШІ.

,,

«Я не думаю, што санкцыi паўплывалі на развіццё кітайскіх версiяў ШІ. Для Амерыкі гэта быў спосаб абмежаваць Кітай i даць перавагу сваiм кампанiям, але, як мы бачым, гэты план не спрацаваў», – дадае эксперт.


Як DeepSeek змяняе правілы гульні?


Паводле словаў Ананьіна, DeepSeek аспрэчвае меркаванне, што распрацоўка ШІ патрабуе мільярдных укладанняў. Дасягненне супастаўных вынікаў пры мінімальных выдатках стварае пагрозу для буйных гульцоў і адкрывае новыя магчымасці для малых кампанiяў.


Эксперт мяркуе, што поспех DeepSeek можа прымусіць гігантаў Сіліконавай даліны перагледзець стратэгіі выдаткаў. Калі аналагічныя мадэлі можна ствараць танней, гэта дасць магчымасць менш заможным краінам узяць удзел у рэвалюцыі ШІ.


Што чакае Nvidia?


«Nvidia ( дарэчы, гэта кампанія з беларускімі каранямі – заўв. рэд.) была лідарам у сваім сегменце. Але зараз ШІ-платформы дэманструюць, што могуць працаваць на розных тыпах абсталявання. Гэта адкрывае магчымасці для розных кампаніяў ствараць уласныя мадэлі і код, якi будзе даступны ўсім», – кажа эксперт.


На ягоную думку, у бліжэйшыя гады з’явяцца новыя стартапы накшталт DeepSeek, i адкрыты код стане галоўнай тэндэнцыяй рынку, бо дазваляе больш эфектыўна рабіць інвестыцыі і зарабляць больш грошай.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10