Вайна

Расейцы атачаюць Пакроўск. Што вядома?

Украінскія вайскоўцы 111-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны едуць на амерыканскім агульнавайсковым аўтамабілі падвышанай праходнасці «Humvee», абсталяваным савецкай пускавой сістэмай «Град», у кірунку Тарэцку, Данецкая вобласць, Украіна
Украінскія вайскоўцы 111-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны едуць на амерыканскім агульнавайсковым аўтамабілі падвышанай праходнасці «Humvee», абсталяваным савецкай пускавой сістэмай «Град», у кірунку Тарэцку, Данецкая вобласць, Украіна. 23 студзеня 2025 года. Фота: Wolfgang Schwan / Anadolu / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 27 студзеня чытайце ў нашым матэрыяле.


На мінулым тыдні нечакана павялічылася актыўнасць Узброеных сілаў РФ на поўначы Харкаўскай вобласці, дзе яны намагаліся пераправіцца цераз раку Воўчую ў горадзе Ваўчанск і замацавацца на іншым беразе, але поспеху не дасягнулі. Гэты ўчастак фронту працяглы час адзначаўся адноснай стабільнасцю, і цяперашняя актывізацыя расейцаў, імаверна, ёсць спробай палепшыць іхныя пазіцыі перад будучымі перамовамі паміж краінамі. Нагадаем, што афіцыйна РФ не прэтэндуе на тэрыторыі Харкаўшчыны, таму яны могуць быць выкарыстаныя для абмену на занятыя ўкраінцамі тэрыторыі Курскай вобласці Расеі.

На поўначы Данецкай вобласці асноўная актыўнасць бакоў па-ранейшаму лакалізуецца ў ваколіцах зруйнаванага сяла Тэрны, дзе Збройныя сілы Украіны ўсё яшчэ ўтрымліваюць невялікі плацдарм на левым беразе ракі Жарабец. На пачатку тыдня ўкраінскія крыніцы паведамілі, што праціўніку ўдалося заняць паўднёвыя ўскрайкі сяла, але ўжо праз некалькі дзён з’явілася інфармацыя, што ЗСУ правялі ўдалую контратаку, у выніку якой яны зноў зачапіліся за Тэрны.

Між тым асноўная небяспека для ўкраінцаў на кірунку цяпер ідзе з правабярэжжа, дзе расейцы ўжо кантралююць сяло Іванаўка, з ваколіцаў якога яны намагаюцца развіць поспех на паўднёвы захад. Адсюль, у выпадку далейшага прасоўвання, войскі РФ змогуць абысці плацдарм украінцаў, а таксама, што больш імаверна, пайсці на горад Ліман. Кантроль над гэтым населеным пунктам адкрые для расейцаў дарогу на Славянск і Краматорск з поўначы.

На краматорскім кірунку асноўныя баі па-ранейшаму лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Часаў Яр. Большая частка гэтага населенага пункту ўжо пад кантролем расейцаў, якія цяпер вядуць баі за два апошнія раёны гораду: Новапаўночны і Шаўчэнка. Акрамя гэтага, на поўдні ад гораду УС РФ праводзяць рэгулярныя пяхотныя штурмы ў ваколіцах трасы на суседні горад Касцянтынаўка, але пакуль не маюць поспеху.

Украінскі вайсковец 24-й механізаванай брыгады ЗСУ падчас вучэнняў на палігоне непадалёк лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 21 студзеня 2025 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Украінскі вайсковец 24-й механізаванай брыгады ЗСУ падчас вучэнняў на палігоне непадалёк лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 21 студзеня 2025 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Разам з тым перспектывы ЗСУ ў гэтым населеным пункце неўзабаве могуць істотна пагоршыцца, бо на суседнім, тарэцкім кірунку расейцы фактычна захапілі аднайменны горад, з ваколіцаў якога адкрываецца дарога да паўднёвых ускраінаў Касцянтынаўкі.

У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці робіцца крытычным становішча ЗСУ на пакроўскім кірунку. Так, на ўсходзе цягам апошняга тыдня войскі РФ істотна прасунуліся ў ваколіцах сяла Ваздзвіжанка (Воздвиженка) і амаль дасягнулі ўчастку трасы Касцянтынаўка – Пакроўск, да якой застаецца ўжо менш за кіламетр. Існуе імавернасць, што адсюль войскі РФ паспрабуюць абысці Пакроўска-Мірнаградскую агламерацыю з поўначы. Акрамя гэтага, магчымы рух на паўночны ўсход у бок Касцянтынаўкі.

На захадзе кірунку расейцы сур’ёзна прасунуліся ў бок суседняй Днепрапятроўскай вобласці. Акрамя гэтага, важна звярнуць увагу на поспехі расейцаў у населеным пункце Котліна (на паўднёвым захадзе ад Пакроўску), адкуль цяпер адкрываецца дарога да трасы М-30, пераразанне якой на гэтым участку дазволіць ліквідаваць маршрут забеспячэння ўкраінцаў паміж гарадамі Пакроўск і Паўлаград.

На курахаўскім кірунку расейцы працягваюць штурмаваць населены пункт Дачнае, але пакуль не маюць істотных поспехаў. У гэты ж час ім удалося прасунуцца з поўначы да сяла Андрэеўка, што ставіць пад пагрозу пазіцыі ЗСУ не толькі ў Дачным, але і ў суседніх Улаклах. Мабыць, далей УС РФ паспрабуюць атачыць пазіцыі праціўніка на лініі Андрэеўка – Касцянтынопаль – Зялёнаўка.

На суседнім, урэмаўскім кірунку расейцы фактычна захапілі буйны пасёлак Вялікая Навасілка. Імаверна, што далей яны працягнуць рух на паўночны захад уздоўж ракі Мокрыя Ялы ў бок мяжы Данецкай вобласці.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення. 


Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10