18 сакавіка – у чаканні тэлефоннай размовы Доналда Трампа з Уладзімірам Пуціным з нагоды спынення вайны ва Украіне – на фронце ўсё так жа вядуцца інтэнсіўныя баі на знясіленне за вялікія і малыя населеныя пункты. Расказваем, якая сітуацыя адбываецца на фронце ў 1119-ы дзень з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну.
Расейскія войскі атакуюць
Паводле інфармацыі Генштаба ЗСУ цягам содняў было зафіксавана 155 сутыкненняў украінскіх войскаў з праціўнікам. Найбольш частыя атакі былі засяроджаныя на Торацкім і Пакроўскім кірунках, дзе было зафіксавана 25 і 44 штурмы адпаведна.
Асабліва актыўна расейская армія задзейнічае авіяўдары – усяго на працягу содняў было зафіксавана 90 выпадкаў. Расейская авіяцыя скінула 139 КАБаў, было таксама задзейнічана для 2506 дронаў-камікадзэ.
Паводле Генштабу ЗСУ, за содні расейцы здзейснілі 5771 артылерыйскі абстрэл, у тым ліку 145 – з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Штурм Белгарадскай вобласці – было ці не было?
Паводле расейскіх прапагандысцкіх каналаў, ЗСУ паспрабавалі здзейсніць прарыў у Белгарадскай вобласці.
,,«Напярэдадні перамоваў Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна ўкраінскія войскі, як і меркавалася, паспрабавалі здзейсніць новы прарыў мяжы, гэтым разам – у Белгарадскай вобласці», – напісаў вядомы расейскі Z-акаўнут «Рыбарь».
Згодна з інфармацыяй «Рыбаря», украінскія войскі пачалі масаваны абстрэл Краснаяружскага раёна (Белгарадская вобласць, РФ). Аперацыя, паводле Z-блогера, нагадвае ранейшыя спробы пранікнення дыверсійна-разведвальных груп, але з меншымі сіламі, чым у Курскай вобласці паўгода таму. Украінскае камандаванне можа выкарыстоўваць тактыку дробных атак для адцягнення ўвагі або рыхтаваць больш маштабны прарыў, адзначае блогер-прапагандыст.
Расейскі тэлеграм-канал Baza таксама паведамляе, што ў ноч на 18 сакавіка была зафіксавана перакідка тэхнікі і асабовага складу да ўчастка мяжы паміж Белгарадскай і Курскай абласцямі.
Прарыў лініі абароны, згодна са звесткамі расейскіх блогераў, не адбыўся, а спробы ўкраінскай пяхоты прайсці былі спыненыя. Пазней, пішуць яны, у раёне актыўна працавала расейская артылерыя. Атаку ў Белгарадскай вобласці таксама пацвердзіў губернатар Вячаслаў Гладкоў.
У той жа час з украінскага боку абвяргаюць атакі, пра якія пішуць расейскія СМІ.
,,«Самі прыдумалі, самі перамаглі – так часта бывае з расейцамі», – напісаў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка ў сваім Telegram-канале.
Каваленка адзначыў, што баі ў памежных раёнах працягваюцца з пачатку поўнамаштабнай вайны, у асноўным з-за актыўнасці расейскіх дыверсійна-разведвальных груп. Ён таксама падкрэсліў, што адбываюцца «артылерыйскія дуэлі» ў выніку абстрэлаў з боку Расеі па тэрыторыі Украіны.
Паводле словаў Каваленкі, расейцы нагнятаюць сітуацыю напярэдадні тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным.
«Іх галоўная інфармацыйная стратэгія – абвінаваціць Украіну ў нежаданні скончыць вайну, хоць насамрэч яны атакуюць як з фронту, так і з паветра. І менавіта Пуцін адцягвае прапанову Трампа аб спыненні агню. Усё вельмі прымітыўна, але даволі тыпова для расейцаў», – дадаў Каваленка.

Курскі кірунак
Паводле інфармацыі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), станам на 17 сакавіка расейскія войскі працягвалі наземныя аперацыі, спрабуючы выціснуць украінскія сілы з Курскай вобласці. У той жа час пацверджаных поспехаў у наступе зафіксавана не было.
Гэта супярэчыць інфармацыі, якую актыўна прапагандуюць у Крамлі, пра акружэнне ўкраінскіх войскаў каля Суджы Курскай вобласці і якую актыўна рэтранслюе Доналд Трамп.
Згодна з непацверджанымі заявамі, піша ISW, расейскія сілы 17 сакавіка абвясцілі, што ўзялі кантроль над Гогалеўкай (сяло на захад ад Суджы). Таксама, Інстытут спасылаецца на заявы аднаго з расейскіх ваенных блогераў аб тым, што расейскія войскі прасунуліся на поўдзень ад гэтага населенага пункта. Таксама, згодна з заявамі чачэнскага генерал-маёра Апці Алаудзінава, войскі РФ працягваюць наступленне ў некаторых раёнах Сумскай вобласці, спрабуючы стварыць «буферную зону» пасля поўнага захопу Курскай вобласці.
Прэс-сакратар Дзяржпамежслужбы Украіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што расейскія дыверсійна-разведвальныя групы працягваюць атакі ў раёне Новенькае-Жураўка ўздоўж мяжы.
У той жа час выданне «The Economist» сцвярджае, што ўсё ж адбыўся частковы вывад украінскіх войскаў з Курскай вобласці РФ. Яно адзначае, што гэта нанесла ўдар па ваенным кіраўніцтве Украіны, але не стала катастрафічнай паразай, якую прапаганда Расеі імкнецца перабольшыць. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп таксама зрабіў акцэнт на нібыта поўным акружэнні байцоў ВСУ, што не адпавядае рэчаіснасці.

Выданне адзначае, што Украіна страціць менш расейскай тэрыторыі, чым разлічвала, у спробе абмяняць яе на мір. Украінскія сілы на Курскім плацдарме апынуліся ў пастцы, паколькі расейскія войскі пры падтрымцы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў адрэзалі шляхі забеспячэння і заціснулі флангі, сцвярджае выданне. Расея сканцэнтравала каля 50 тысяч салдат, што прыкладна ў чатыры разы перавышае колькасць украінскіх войскаў на гэтым кірунку. Пры гэтым застаецца незразумелым, як расейцам удалося ажыццявіць такі манеўр, і якой была роля рашэння Доналда Трампа аб прыпыненні абмену разведдадзенымі.
Некаторыя афіцэры ўкраінскай разведкі былі шакаваныя тым, што адбылося. Паводле аднаго з іх, «амерыканцы хлусяць, калі кажуць, што ў нас было ўсё неабходнае для абароны».
«The Economist» таксама падкрэслівае, што для ўкраінскіх вайскоўцаў на лініі фронту ціск з боку ЗША супаў з інтэнсіўнымі авіяцыйнымі ўдарамі Расеі, уключаючы атакі беспілотнікаў, бамбардзіроўшчыкаў і выкарыстанне бомбаў.
Нягледзячы на сур'ёзныя страты і хаатычны характар вываду войскаў, украінцы змаглі захаваць значныя сілы, якія застаюцца на расейскай тэрыторыі, у тым ліку на больш абароненых пазіцыях на ўзвышшах. Выданне адзначае, што няма прыкметаў намеру Украіны пакінуць занятыя ў Расеі тэрыторыі.
Раман Шавель belsat.eu