Аналітыка

Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы – дакумент з антызаходнім характарам

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія і беларускія салдаты назіраюць за вайсковымі вучэннямі «Захад-2017» на ваенным палігоне пад Асіповічамі, Беларусь. 18 верасня 2017 года. Фота: Brendan Hoffman / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія і беларускія салдаты назіраюць за вайсковымі вучэннямі «Захад-2017» на ваенным палігоне пад Асіповічамі, Беларусь. 18 верасня 2017 года. Фота: Brendan Hoffman / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У канцы 2024 года Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Найвышэйшага дзяржаўнага савету зацвердзілі Канцэпцыю бяспекі Саюзнай дзяржавы. Больш як праз месяц у медыях адначасова выйшлі два вялікія матэрыялы, прысвечаныя гэтаму дакументу. «Белсат» паспрабаваў прааналізаваць канцэпцыю і разабрацца, чаму яе пачалі прасоўваць менавіта цяпер. 

Захад нам не таварыш

Дакумент, падпісаны ў пачатку снежня 2024-га, з’явіўся на змену канцэпцыі, якая існавала з 1999 года.

Складаецца з шасці асноўных частак: «Агульныя палажэнні», «Саюзная дзяржава ў сучасным свеце», «Стратэгічныя інтарэсы Саюзнай дзяржавы», «Прыярытэтныя кірункі гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы», «Механізмы гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы» і «Заключныя палажэнні».

Яшчэ на этапе падпісання канцэпцыі шмат казалася пра тое, што яе з’яўленне абумовілі моцныя змены вайскова-палітычнай абстаноўкі і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне. Гэтыя змены, паводле аўтараў, сталіся вынікам узмацнення санкцыйнага ціску з боку Захаду і вядзення беспрэцэдэнтнай інфармацыйнай вайны супраць Саюзнай дзяржавы.

Зыходзячы з гэтага, няцяжка здагадацца, што новы дакумент цалкам пабудаваны на антызаходняй платформе. У другім раздзеле аўтары адзначаюць, што Захад «ва ўмовах зніжэння ўласнай канкурэнтаздольнасці» абвастрае сітуацыю вакол і ўнутры краінаў-канкурэнтаў, правакуе і развязвае міжнародныя канфлікты, стварае гуманітарныя крызісы, прыцягвае да развязання замежнапалітычных заданняў тэрарыстычныя, экстрэмісцкія, нацыяналістычныя і радыкальныя нацысцкія групоўкі.

Акрэсліваючы сітуацыю, у якой апынулася Саюзная дзяржава, аўтары канцэпцыі сцвярджаюць, што «фармаванне поліцэнтрычнага свету набыло незваротны характар», а галоўным рухавіком пераменаў у свеце стаўся «дынамічны рост у Еўразіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы».

Таксама аўтары мяркуюць, што сёння адбываецца відавочнае зніжэнне дамінавання Захаду. Ягоная гегемонія ў эканоміцы, палітыцы і міжнародных стасунках слабее. Захад, на іхную думку, не здольны знайсці новыя крыніцы эканамічнага росту, што прыводзіць да нутраных супярэчнасцяў.

Вядома, што для самой Саюзнай дзяржавы тут бачыцца шэраг пагрозаў: бо ЗША ды іхныя хаўруснікі імкнуцца не дапусціць фармавання Саюзнай дзяржавы як цэнтру палітычнага і эканамічнага прыцягнення, распрацоўваючы планы для абмежавання яе патэнцыялу і стварэння канфліктаў на постсавецкай прасторы.

Расейскія і беларускія войскі прымаюць удзел у вучэннях «‎Захад-2021» у Брэсцкай вобласці, Беларусь. 14 верасня 2021 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images
Расейскія і беларускія войскі прымаюць удзел у вучэннях «‎Захад-2021» у Брэсцкай вобласці, Беларусь. 14 верасня 2021 года. Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images

Незалежнасць ці адзінства?

У стратэгічных інтарэсах Саюзнай дзяржавы аўтары прапісалі «абарону цэласнасці, недатыкальнасці тэрыторыі і вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы, суверэнітэту, незалежнасці і канстытуцыйнага ладу дзяржаваў-удзельніц». То бок тут Беларусь (як, у прынцыпе, і Расея) запісаная як суверэнная і незалежная краіна.

У той жа час далей чытаем пра «фармаванне і развіццё адзінай прававой сістэмы Саюзнай дзяржавы», фармаванне і развіццё адзінай эканамічнай, адзінай інфармацыйнай і нават гуманітарнай прасторы. Пытаннем застаецца, колькі незалежнасці і суверэннасці застанецца ў Беларусі, калі гэтыя прасторы будуць у выніку сфармаваныя.  

Сярод прыярытэтных кірункаў фармавання бяспекі канцэпцыя называе павелічэнне насельніцтва і паляпшэнне дабрабыту грамадзянаў, умацаванне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы і забеспячэнне ўнутранай стабільнасці і ўстойлівасці. Не абышлося без абароны традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, а таксама захавання культурна-гістарычнай супольнасці і самабытнасці народаў.

У сферы ўмацавання ваеннай бяспекі прадугледжваецца «паглыбленне вайскова-тэхнічнай і вайскова-эканамічнай супрацы», «забеспячэнне ўмоваў для аператыўнага перамяшчэння прадукцыі вайсковага прызначэння», «узгадненне праграм рыхтавання вайсковых кадраў і спецыялістаў». У сферы забеспячэння ўнутранай стабільнасці і ўстойлівасці дзяржаваў-удзельніц збіраюцца фармаваць і развіваць адзіную прававую сістэму і гарманізаваць заканадаўства, выяўляць злачынныя замахі на асновы канстытуцыйнага ладу.

Таксама дэкларуецца намер выяўляць выведную ды іншую дэструктыўную дзейнасць спецслужбаў замежных дзяржаваў, няўрадавых арганізацыяў і фізічных асобаў, скіраваную на нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам дзяржаваў-удзельніц. 

Звяртаюць аўтары ўвагу і на неабходнасць папярэджваць і нейтралізоўваць сацыяльныя, міжканфесійныя і міжнацыянальныя канфлікты, сепаратысцкія праявы, а таксама распаўсюд тэрарыстычнай і экстрэмісцкай ідэалогіі, дэструктыўных рэлігійных ды ідэалагічных плыняў і ўцягненне ў іх моладзі. У той жа час добра вядома, што пад паняткі «тэрарыстычны» і «экстрэмісцкі» як у Расеі, так і ў Беларусі часта трапляюць менавіта тыя, хто не згодны з афіцыйнаю палітыкай уладаў.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас падпісання Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. 6 снежня 2024 года. Фота: БелТА
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас падпісання Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. 6 снежня 2024 года. Фота: БелТА

Усё на абарону духоўных каштоўнасцяў!

Даволі вялікую частку дакументу прысвяцілі абароне традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў, захаванню і развіццю культурна-гістарычнай супольнасці і самабытнасці народаў Саюзнай дзяржавы.

Знайшлося тут месца фармаванню і развіццю агульнай гуманітарнай прасторы, выпрацоўванню адзіных поглядаў і гарманізацыі навуковых падыходаў ды ацэнак гістарычнага мінулага, супрацьдзеянню фальсіфікацыі гісторыі. Трэба сказаць, што некаторыя з гэтых заданняў ужо рэалізуюцца: мы бачым, як з гісторыі Беларусі фактычна выкідаюцца постаці, звязаныя з памкненнямі беларусаў да незалежнасці: напрыклад, Кастусь Каліноўскі, а кнігі беларускіх пісьменнікаў, якія апісваюць змаганне беларусаў за незалежнасць, прызнаюцца экстрэмісцкімі.

Запісалі ў канцэпцыі намер супольна захоўваць і ўмацоўваць «агульную духоўную спадчыну, традыцыйныя рэлігійныя, этнакультурныя і сямейныя каштоўнасці» абедзвюх дзяржаваў Саюзу. Тут жа згадваецца неабходнасць супрацоўнічаць у сферы адраджэння аб’ектаў рэлігійнага шанавання. Нягледзячы на тое, што ў дакуменце няма дакладнага акрэслення, што гэта за аб’екты, трэба разумець: найперш маюцца на ўвазе тыя з іх, што належаць да праваслаўнай канфесіі – як супольнай для беларусаў і расейцаў. Але варта адзначыць, што побач з праваслаўнаю канфесіяй у Беларусі шырока распаўсюджаныя каталіцызм і пратэстантызм: ці будуць клапаціцца ў межах Саюзнай дзяржавы пра аб’екты шанавання, якія адносяцца да гэтых канфесіяў, у канцэпцыі таксама не згадваецца.

Чарговы раз традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці ўсплываюць у дакуменце падчас гаворкі пра рэалізацыю ўзгодненых падыходаў у галіне адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі. У гэтай сферы будзе таксама надавацца ўвага захаванню і развіццю культурна-гістарычнай агульнасці народаў Саюзнай дзяржавы. Варта заўважыць, што менавіта такі падыход практыкаваўся за часоў СССР, калі ўсё, што было звязана з Расеяй і расейскім, прызнавалася станоўчым, а ўсё астатняе – наўмысна выстаўлялася як варожае.

Тут жа дэкларуецца падтрыманне расейскай мовы як мовы міжнацыянальных стасункаў, што выглядае крыху дзіўна ў сістэме каардынатаў татальнай русіфікацыі – як у Беларусі, гэтак і ў Расеі (праблема моваў нацыянальных меншасцяў там таксама стаіць вельмі востра). Хаця для справядлівасці варта заўважыць, што побач усё ж дэкларуецца падтрыманне беларускай мовы, а таксама абарона ўнікальнай моўнай культуры народаў Саюзнай дзяржавы. Як гэта можа выконвацца на практыцы – можна меркаваць паводле той палітыкі, якую праводзяць сучасныя ўлады ў нашай краіне.

Прапісалі ў канцэпцыі бяспеку супрацьдзеянне спробам рэабілітаваць нацызм, распаўсюду ідэалогіі фашызму, неанацызму, тэрарызму і экстрэмізму. Як працуе гэтае супрацьдзеянне, відаць на прыкладзе таго, як, з аднаго боку, фашысцкім і нацысцкім прызнаецца ўсё, звязанае з Украінай, а з другога – наладжваюцца кантакты з рэжымам талібаў у Афганістане, які да нядаўна быў у спісе тэрарыстычных арганізацыяў у той жа Расеі.

Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (3-і справа) і намеснік міністра замежных спраў урада «Талібану» Амірхан Мутак (2-і злева) падчас сутрэчы ў Маскве, Расея. 4 кастрычніка 2024 года. Фота: Sefa Karacan / Anadolu via Getty Images
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (3-і справа) і намеснік міністра замежных спраў урада «Талібану» Амірхан Мутак (2-і злева) падчас сутрэчы ў Маскве, Расея. 4 кастрычніка 2024 года. Фота: Sefa Karacan / Anadolu via Getty Images

Супольнае супрацьдзеянне санкцыям і адзіная прапаганда

Адным з заданняў бяспечнага эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы аўтарам бачыцца ва ўзгодненай палітыцы супрацьдзеяння вонкавым абмежавальным захадам (санкцыям), у развіцці імпартазамяшчэння (у тым ліку ў галіне мікраэлектронікі, транспартавага, аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, авіябудавання і касмічнай дзейнасці).

У сферы інфармацыйнай бяспекі дэкларуецца правядзення ўзгодненай дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, змаганне з «дэструктыўным інфармацыйна-тэхнічным уздзеяннем на інфармацыйныя рэсуры», абарона расейскага і беларускага грамадста «ад дэструктыўнага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння», а таксама (ізноў!) умацаванне традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў.

Тут жа гаворыцца пра развіццё медыяў Саюзнай дзяржавы, стварэнне супольных медыярэсурсаў, новых медыяплатформаў, рэсурсаў і сэрвісаў у інтэрнэце, пра «данясенне да грамадзянаў Саюзнай дзяржавы, а таксама міжнароднай грамадскасці праўдзівай інфармацыі пра ўнутраную і вонкавую палітыкі дзяржаваў-удзельніц». Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, тэндэнцыя на блакаванне замежных медыяплатформаў працягнецца і будзе распаўсюджвацца па ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы (на гэты момант такія платформы, як Facebook ці Instagram, забароненыя толькі ў Расеі).

Адным з пуктаў наўпрост прапісалі, што заданні Саюзнай дзяржавы – паглыбіць інтэграцыю на постасавецкай прасторы, правесці ўзгоднены курс у межах СНД, АДКБ, ЕАЭС, ШАС. А таксама супрацьдзеянне палітыцы ЗША, несяброўскіх краінаў – удзельнік NATO і ЕЗ, «скіраванай на раз’яднанне народаў дзяржаваў-удзельніц, на знішчэнне духоўных асноваў іх гістарычнай еднасці».

Гэта далёка не ўсе заданні, прапісаныя ў 30-старонкавай канцэпцыі, але і гэтага дастаткова, каб зразумець агульны настрой дакументу.

Паседжанне Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы ў Менску, Беларусь. 6 снежня 2024 года. Фота: president.gov.by
Паседжанне Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы ў Менску, Беларусь. 6 снежня 2024 года. Фота: president.gov.by

«Гэта нездарма…»

24 студзеня ў расейскай медыяпрасторы з’явіліся два матэрыялы, прысвечаныя Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы, якія пазней падхапіліся і беларускімі прапагандысцкімі СМІ. На гэтую тэму ў інтэрв’ю ТАСС выказаўся сакратар Савету бяспекі РФ Сяргей Шайгу, з беларускага боку думкамі падзяліўся дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч (погляд беларускага чыноўніка апублікавалі ў расейскім выданні «Национальная оборона»).

У цэлым гэтыя выступы моцна перагукаліся. У той час як Сяргей Шайгу казаў, што Захад будзе рабіць стаўку на дэстабілізацыю сітуацыі ў Саюзнай дзяржаве знутры, Аляксандр Вальфовіч заяўляў, што «дэструктыўныя сілы любымі шляхамі імкнуцца разбурыць Саюзную дзяржаву, прычым робіцца гэта на фоне актыўнага нарошчвання вайсковай прысутнасці NATO каля межаў Саюзнай дзяржавы».

Але нам стала цікава, чаму PR канцэпцыі з’явіўся менавіта цяпер? Пра гэта мы спыталі ў палітычнага аналітыка Вадзіма Мажэйкі.

На думку эксперта, тут можа быць некалькі нагодаў. Паколькі публікацыі з’явіліся напярэдадні так званых выбараў, то Беларусі гэта дае магчымасць прадэманстраваць рашучае братэрства з Расеяй. Тых людзей, якія прытрымліваюцца прарасейскіх поглядаў, гэта натхняе, а тых, хто стаіць на антырасейскіх пазіцыях, наадварот, запужвае. І рэжым Лукашэнкі, мяркуе палітычны аналітык, у гэтым зацікаўлены.

Расея таксама зацікаўленая ўсяляк дэманстраваць, што ў яе ёсць хаўруснікі і што гэта не толькі Паўночная Карэя ды Іран, але і Беларусь. Сюды ж дадаецца кантэкст перамогі Доналда Трампа ў ЗША, а таксама будучых магчымых перамоваў у пытанні вайны ва Украіне – на фоне чаго Расеі неабходна дэманстраваць сілу. Адсюль, думае Вадзім Мажэйка, і з’явіліся згадкі пра гэты дакумент.

Уласна ж канцэпцыя, на думку палітычнага аналітыка, пабудаваная паводле прынцыпу «wishful thinking», або проста хацелак. Гэта значыць, аўтары канцэпцыі свае жаданні выдаюць за факты, кажучы, што Захад ледзь не распаўся і губляе сваю ўплывовасць у свеце, але ніякімі аргументамі гэта не падмацавана.

«Гэты дакумент слабы, ён нічога прынцыпова не мяняе ў беларуска-расейскіх стасунках у вайсковай сферы. Бо калі глядзець на іншыя дамовы, то і так, дзякуючы АДКБ і Саюзнай дзяржаве, Беларусь з Расеяй мусяць адна адну абараняць. Разам з тым Расея сама гэта ўсур’ёз не ўспрымае і не патрабуе, каб беларускае войска пайшло абараняць Курскую вобласць, хаця з пункту гледжання таго, што запісана ў дамовах, яно акурат мае яе бараніць», – адзначае Вадзім Мажэйка.

І наадварот, адзначае суразмоўца, мы бачым, што ў Канстытуцыі Беларусі быў запісаны яе бяз’ядравы статус, што не перашкодзіла Расеі размясціць на яе тэрыторыі такую зброю.

На гэтых прыкладах відаць, кажа Мажэйка: тое, што, паводле дамоваў, мусіць выконвацца, не выконваецца, а тое, што рабіць забаронена, наадварот, робіцца.

«Таму ў такой сітуацыі мы бачым, што ў сваіх вайсковых дзеяннях Беларусь з Расеяй кіруюцца дакладна не дасягнутымі дамовамі», – кажа Вадзім Мажэйка.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10