Падчас сустрэчы ў Крамлі кіраўнік Беларусі выглядаў прыгнечаным і нервовым. На думку журналіста Яўгена Валошына, цяпер Лукашэнка ў вельмі цяжкім становішчы, і беларусы павінны рыхтавацца да найгоршых сцэнароў. Пра гэта ішла гаворка ў студыі «ПраСвету». Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву Сяргей Пеляса абмеркаваў з Яўгенам Валошыным і Змітром Міцкевічам.
Сяргей Пеляса: На сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка выглядаў, як хуліган, які апраўдваецца перад гаспадаром Крамля за спробы наладзіць дачыненні з Захадам. Як ты гэта бачыш, Яўгене?
Яўген Валошын: Я апошні раз бачыў Лукашэнку ў такой сітуацыі, калі ён у пачатку вайны ўказкаю паказваў чатыры кірункі. Яшчэ падобны выпадак быў, калі пасля 2020 года на сустрэчы ў Сочы ён ледзь на каленях перад Пуціным не стаяў. Там такая мова жэстаў была, маўляў, ты толькі не дэстабілізуй майго рэжыму. Назапасілася вельмі шмат праблемаў. Я думаю, расейцы былі незадаволеныя так званымі выбарамі ў Беларусі. Ёсць нейкія дамоўленасці. На Лукашэнку ціснуць. Відавочна нешта сур’ёзнае адбываецца. Ён спрабуе давесці Пуціну, што выбараў не было, а калі б яны і былі, вось такая сітуацыя. Даказаць, што мы з Расеяй, я, можа быць, вас абыграў. Быў сігнал, што для Лукашэнкі будаваўся ў Прымор’і порт. У выніку сказалі, гэты порт будаваць не будзем. І ён даказвае, маўляў, я абыграў вас. Падчас гэтых выбараў вы мяне не хацелі, але я з Расеяй, не перажывайце. Мне здаецца, Лукашэнка цяпер у вельмі цяжкім становішчы.
Сяргей Пеляса: Пуцін пачаў размову, як гаспадар, Лукашэнка яму адказваў. Пуцін падкрэсліў дзве рэчы, акрамя эканомікі. Пра вайскова-прамысловы комплекс: што беларуская авіяцыя развіваецца, натуральна, дроны на патрэбы расейцаў. Ён сказаў і пра культурную расейскую экспансію Беларусі. Ён казаў пра дні расейскай культуры і кіно ў Беларусі. Наколькі гэта важна ў кантэксце паўзучай акупацыі Беларусі расейцамі?
Зміцер Міцкевіч: Па-першае, гэта кірункі, якія Пуціна цікавяць асабіста. Мы бачым у іншых краінах, дзе Расея распускае свае тэнтаклі, у першую чаргу робяць менавіта гэта. Нават пачатак вайны супраць Украіны яны пракаментавалі такім чынам, што гэта абарона «русского мира». Для яго гэта асабіста важна.
,,Пуцін выдатна разумее, што расейская культура, расейская мова – выдатны інструмент прасоўвання крамлёўскіх інтарэсаў. Таму ён яго абараняе. Вайскова-прамысловы комплекс – тое, што цяпер важна практычна, тое, што працуе на яго ў Беларусі. Мы ведаем, што, калі не памыляюся, 287 беларускіх прадпрыемстваў працуюць на патрэбы расейскага ВПК. Гэта вельмі шмат і вельмі для яго важна.
Сяргей Пеляса: Нагадаем, што гэтую лічбу, 287 беларускіх прадпрыемстваў, якія працуюць на патрэбу расейскай вайсковай машыны, агучвала Святлана Ціханоўская. Уладзімір Жыгар з «BelPol» сказаў, што прынамсі 287.
Зміцер Міцкевіч: Гэта паказвае тую ступень важнасці для Расеі і гэтага кірунку, на які яна ўскладае надзеі ў Беларусі. Пуцін кажа, што важна, каб гэта працавала. У Лукашэнкі вельмі цікавыя паводзіны. Не тое, каб ён апраўдваецца. Я б сказаў, што ён прабуе даказаць Пуціну сваю патрэбнасць, каб на перамовах паміж Расеяй і ЗША пра далейшую глабальную ўкладанку яго ні на што не памянялі. Ён спрабуе даказваць, маўляў, глядзіце, гэта ж наш народ робіць геапалітычны выбар, мы з Расеяй. Гэта старая добрая песня Лукашэнкі, што ён галоўны прадстаўнік Расеі ў Беларусі. Ён сябе такім чынам паказвае, што ён галоўны абаронцы расейскіх інтарэсаў на тэрыторыі Беларусі, што без яго б нацыяналісты ўчынілі, а ён усё абараняе. Чарговы раз ён гэта падкрэслівае. Маўляў, я гэты выбар народу прасунуў, а ты, Пуцін, мяне за гэта падтрымай.

Сяргей Пеляса: Пытанне да Яўгена: Лукашэнка даволі адважна, улічваючы ўсю псіхалагічную цяжкасць сустрэчы, упэўнена сядзеў, але па твары было бачна, што на ім няма твару. Нягледзячы на гэту цяжкасць ён крыху атакаваў, сказаў, што Расея і Беларусь суверэнныя і незалежныя дзяржавы. Пуцін троху ў адказ нагадаў яму, што ў Лукашэнкі выступ у Савеце Федэрацыі. Лукашэнку гэта яшчэ больш прыбіла. У Савеце Федэрацыі выступаюць губернатары. Што гэта, калі не публічнае прыніжэнне Лукашэнкі ў Крамлі перад камерамі?
Яўген Валошын: Гэта не толькі публічнае прыніжэнне Лукашэнкі, што ўжо неаднойчы праварочвалі хаця б візітамі губернатараў да Лукашэнкі. Нават кіраўнік ДНР прыязджаў. Гэта і ёсць публічнае прыніжэнне.
,,Я думаю, калі вядуцца перамовы датычна спынення вайны ва Украіне мы, беларусы, павінны сыходзіць з найгоршых сцэнароў. Складана зразумець на сто адсоткаў, бо паўсюль прапаганда, на якіх пазіцыях цяпер увогуле Расея, ЗША, Украіна. Я б сыходзіў з найгоршых сцэнароў. Калі мы гаворым пра варыянты анексіі, што Беларусь можа страціць суб’ектнасць, што расейцы гэта могуць паказаць у свеце, што Беларусь у пенаты Расейскай імперыі вяртаецца, я думаю, гэта рэальныя сцэнары, і час цяпер вельмі небяспечны. Вось да чаго Пуцін Лукашэнку падштурхоўвае.
Лукашэнка адбіваецца, хоць па сутнасці ён ужо ўсё, што магчыма, здаў. Усё, ды не ўсё. Я думаю, што цяпер цікавы вызначальны час. Не 2020-ы, не 2022-і, калі атака на Украіну здарылася, а ўсё асноўнае разварочваецца менавіта цяпер. Дзякуй Богу, што ёсць іншыя гульцы, якія могуць быць зацікаўленыя ў суб’ектнасці Беларусі. Украіна і ЗША найперш.
Сяргей Пеляса: Ці супадзенне гэта, што ў той жа дзень у Маскве прызямліўся Стыў Ўіткаф, адмысловы пасланнік Доналда Трампа?
Зміцер Міцкевіч: Я думаю, гэта невыпадкова. Пуціну трэба цалкам перагледзець карты, якія ў яго на руках. Раз мы з падачы Трампа карыстаемся гэтымі дэфініцыямі картачнымі і высветліць, ці ёсць у яго нейкія козыры. Тыя ўмовы, якія яны выстаўляюць, абсалютна нерэалістычныя. Цікава тое, што яму важна паглядзець на стан Лукашэнкі і давесці, што ён збіраецца ў амерыканцаў патрабаваць і якім чынам выглядае роля Лукашэнкі ў гэтым. Можа зрабіць наганяй, каб не ўздумаў нешта выкінуць і сепаратныя перамовы весці, бо гэта нічым добрым не скончыцца. Лукашэнка, калі вернецца, будзе расказваць, што з Пуціным вялі перамовы з амерыканцамі, бо Лукашэнка ў інтэрв’ю расейскім журналістам ужо пачаў весці такую рыторыку яшчэ да сустрэчы з Пуціным. Маўляў, мы з Пуціным усё вырашым, гэта нашыя ўмовы. Ён гэта так і назваў: хай яны паглядзяць, што нам трэба. Нібыта Лукашэнку нехта збіраецца пытаць, што ён думае пра ўмовы замірэння Расеі і ЗША.
Больш у нашым відэа: