Ваяроў палка Каліноўскага ўшанавалі ў Дзень украінскага добраахвотніка. Беларусы, як і ўсе замежнікі-абаронцы Украіны, атрымалі сталёвы крыж «За вашу і нашу свабоду».
Цырымонія адбылася 14 сакавіка ў Кіеве на міжнародным форуме «Адзінства і падзяка». Як паведамляецца ў Telegram-канале палка Каліноўскага, падчас імпрэзы былі адзначаныя важнасць добраахвотніцкага руху і ўдзел замежных добраахвотнікаў у барацьбе за незалежнасць Украіны.
Форум прымеркавалі да Дня ўкраінскага добраахвотніка. Каліноўцы атрымалі найвышэйшую калектыўную ўзнагароду суседняй краіны – сталёвы крыж «За вашу і нашу свабоду». Узнагароду прыняў камандзір палка Павел (Дзядзька) Шурмей.
Падчас гэтай цырымоніі былі ўшанаваныя ўсе фармаванні, што складаюцца з замежнікаў і абараняюць Украіну ў вайне з Расеяй.
Беларускія добраахвотнікі аб'ядналіся ў батальён імя Каліноўскага 9 сакавіка 2022 года. Неўзабаве фармаванне зрабілася палком.
Паводле розных ацэнак, лік беларусаў, якія загінулі ў баях, можа даходзіць да сямідзесяці. Ва ўмовах рэпрэсіяў, якія пагражаюць на радзіме іхным сваякам, імёны шмат каго з іх невядомыя, як і абставіны іхнай смерці.
Сцяпан Кубік belsat.eu