Неўзабаве распачнецца турыстычны сезон – час вакацыяў і адпачынкаў. Значная частка некалі папулярных сярод беларусаў кірункаў для паездак і пляжнага рэлаксу знаходзіцца ў Еўропе, куды трапіць усё цяжэй, бо каб аформіць шэнгенскую візу, часам трэба прайсці зусім няпросты квэст. Паглядзелі, якія краіны і на якіх умовах адкрываюць шэнгенскія візы беларусам у 2025 годзе.
Беларусы ездзяць у Еўразвяз радзей, чым да ковіду
Беларусы цяпер ездзяць у краіны Еўразвязу ў 4 разы менш, чым у 2019 годзе, да пандэміі ковіду. За апошнія 6 гадоў сур’ёзна скараціліся лічбы турыстаў з Беларусі, што едуць у Балгарыю (у дзясяткі разоў), Іспанію (у 5 разоў), Грэцыю (у 2,7 разоў).
Польшчу ў 2019 годзе наведалі 28,4 тысячы арганізаваных турыстаў, у 2024-м – усяго 7,95 тысячаў. У Літве ў 2019 годзе пабыло 18,3 тысячы беларускіх турыстаў, у 2024-м – 382 чалавекі. Такія лічбы прыводзіць выданне «Беларусы і рынак».
А што з візамі ў гэтыя ды іншыя еўрапейскія краіны?
Іспанія
Менскія фірмы – «памагатары» запісацца на падачу дакументаў на візы ў адзін голас кажуць, што самы бяспройгрышны варыянт для атрымання заветнай налепкі ў пашпарт – Іспанія.
,,«Іспанскі турыстычны шэнген, мінімальны адсотак адмоваў – менш за 2%», – распавялі нам у адной з такіх фірмаў.
На іспанскую візу беларусам можна падавацца ў Менску і ў Маскве. Каб запісацца на падачу, трэба прайсці фотаверыфікацыю. Адна з фірмаў-пасярэднікаў распавяла, як яны гэта робяць:
«Тут нічога складанага, мы вам усталюем тг-бот і тг-канал на тэлефон. Канал будзе абвяшчаць аб пачатку рэгістрацыі, а ў бот будуць прыходзіць спасылкі. Верыфікацыя заключаецца ў тым, што вам трэба будзе зрабіць сэлфі і загрузіць апошнюю старонку пашпарту, перайсці па спасылцы. Пацвердзіць сваю асобу ў сістэме».
Пасярэднікі за падачу ў Менску просяць да 790 рублёў, у Маскве – да 450. Ёсць паслуга тэрміновага запісу на падачу ў Менску – на заўтра ці бліжэйшыя дні – каштуе 1000 рублёў. Адна з фірмаў прапаноўвае нават магчымасць растэрміноўкі – аплату картай «Халва».
Тэрмін вырабу іспанскай візы ад моманту падачы – 45 дзён. Консульскі збор – 35 еўраў, сэрвісны візавага цэнтру – 15. Шэнген можна атрымаць аж трохгадовы, але толькі ў тым выпадку, калі ў заяўніка ўжо была любая іспанская віза цягам апошніх трох гадоў, і ёсць пацверджанне знаходжання па гэтай візе ў Іспаніі (квіткі, чэкі аплатаў, штампы ў пашпарце і т.п.). Калі ў пашпарце ўвогуле не было шэнгенскіх візаў ці была адна любая, але не іспанская цягам апошніх трох гадоў, тады можна разлічваць толькі на тэрмін да 6 месяцаў.
,,«Вы атрымаеце паўгадавую візу ў Іспанію ў 70% выпадкаў нават у чысты пашпарт. Калі ў вас ужо стаяць шэнгенскія візы ў пашпарце, то верагоднасць атрымання мульцівізы – 90%. Наяўнасць у пашпарце іспанскай мульцівізы і дакументальных пацверджанняў аб паездках у Іспанію па гэтай візе дае вам шанец атрымаць іспанскую візу на год на 180 дзён знаходжання», – абяцае адна з менскіх фірмаў.
Камплект дакументаў – стандартны: пашпарт, фотаздымкі, медстрахоўка, даведка з месца працы з указаннем пасады і заробку, выпіска з банку з рухам сродкаў за апошнія тры месяцы, бронь гатэлю і квіткоў.
Польшча
Польскія візы – самыя папулярныя сярод беларусаў, самыя дарагія, калі рабіць іх праз «памагатараў», і самыя праблемныя – апошнім часам даволі шмат адмоваў, а некаторыя віды польскіх візаў цяпер ці зусім немагчыма (PBH) ці вельмі цяжка (гуманітарныя) атрымаць.
Афіцыйны партнёр польскай амбасады ў Беларусі – візавы цэнтр VFS Global: праз яго можна запісацца на падачу дакументаў на візу. Калі пашанцуе. А шанцуе няшмат каму (ёсць беларусы, якія кажуць, што тры гады не могуць самастойна запісацца).
Каб злавіць слоты, трэба спачатку шмат часу правесці на сайце, які перыядычна завісае, выдае памылкі, перастае працаваць. У тэлеграм-чаце zapisvc беларусы апісваюць, праз што даводзіцца праходзіць падчас запісу: гэта і спробы зайсці праз розныя браўзеры, прылады, выкарыстанне ботаў, змяненне ІР-адрасоў і т.п. Аднак злавіць свабодны слот – гэта яшчэ не ўсё. Падчас запісу трэба яшчэ паспяхова прайсці фотаверыфікацыю (абавязкова для ўсіх дарослых да 60 гадоў), на якой таксама часта штосьці ламаецца.
Візавыя цэнтры прымаюць заяўнікаў у адпаведнасці з рэгіёнам рэгістрацыі. У Берасцейскай вобласці, як сведчаць у адмысловых чатах, запісацца прасцей за ўсё, таму беларусы пачалі нават змяняць месца рэгістрацыі, каб атрымаць візу ў ЕЗ. У Берасці, аднак, не заўсёды ўсё так проста – у адным з чатаў беларуска распавяла, як спрабуе запісацца на падачу дакументаў у мясцовым консульстве:
,,«Я пісала, прыходзіў аўтаадказ. У трэці і чацвёрты раз не прыйшоў. Пачакала, потым патэлефанавала па тэлефоне «Візавыя пытанні». Сказалі: усе роўныя, запісвайцеся самі, як усе. А што калі ўжо 5 месяцаў запісваемся? Адказ: Нічым дапамагчы не можам. Усе так».
Абыйсці ўсе гэтыя цяжкасці абяцаюць фірмы-«памагатары», якія таксама сцвярджаюць, што візу зробяць за 10 працоўных дзён. Трэба, аднак памятаць, што гэта тэрмін ад моманту падачы. А перад гэтым яшчэ трэба дачакацца, пакуль для вас зловяць свабодны слот. Гэтыя фірмы таксама абяцаюць вырашыць усе праблемы з фотаверыфікацыяй.
Дапамога з афармленнем дакументаў і запісам на падачу на польскі турыстычны шэнген каштуе ў сярэднім ад 900 да 1300 рублёў у залежнасці ад фірмы і месца падачы. Самыя дарагія – Менск, Магілёў, Гомель – там верхняя мяжа як раз 1300 рублёў. У Горадні, Лідзе, Берасці, Баранавічах, Пінску – да 1000 рублёў. Тэрмін дзеяння візы абяцаюць да 5 гадоў, але апошнім часам такія візы амаль не выдаюць.
Консульскі збор за польскую турыстычную візу складае 35 еўраў. Дадаткова трэба даплаціць сэрвісны збор у памеры 18 еўраў.
Спіс дакументаў на польскую візу даволі ўнушальны. Гэта пашпарт, фотаздымкі, медычная страхоўка, дакументы аб даходах (даведка з месца працы з указаннем пасады і заробку, арыгінал выпіскі з банку з рухам сродкаў за тры месяцы), тэхпашпарт на аўтамабіль і пасведчанне кіроўцы, калі ёсць, абавязковая пацверджаная бронь гатэлю.

Пенсіянеры мусяць прадставіць пенсійнае пасведчанне, даведку з сабесу аб налічэнні пенсіі за тры месяцы, індывідуальныя прадпрымальнікі – апошнюю падатковую дэкларацыю ў арыгінале, пасведчанне ІП, выпіску з банку на суму ад 300 еўраў.
Калі падаецца няпоўнагадовы, трэба прадставіць даведку з месца навучання, дзіцячага садку, пасведчанне аб нараджэнні, натарыяльна завераны дазвол аднаго з бацькоў ці прысутнасць на падачы абодвух бацькоў, фінансавыя гарантыі.
Беспрацоўныя мусяць прадставіць доказ прывязкі да Беларусі – пасведчанне аб шлюбе, аб нараджэнні дзіцяці, якое пражывае ў Беларусі, дакументы на нерухомасць у Беларусі, копію старонак працоўнай кніжкі з персанальнымі дадзеным і звесткамі пра працаўладкаванне за апошнія тры гады, выпіску з банку на суму ад 300 еўраў.
Таннейшы запіс на працоўную польскую візу – ад 600 да 1050 рублёў. Аднак тут вышэй консульскі збор – 60 еўраў, дадаткова яшчэ сервісны – 12 – 18 еўраў. Падавацца на гэтую візу могуць асобы да 65 гадоў.
Самы высокі кошт – на дапамогу ў афармленні гасцявой візы з запрашэннем, якое вам арганізуе фірма-«памагатар»: гэта абыйдзецца ў 2500 рублёў.
Італія
Італія, як і Іспанія, даволі добра адкрывае візы беларусам – адмоваў мала.
Тэрмін вырабу ад моманту падачы – 14 працоўных дзён. Консульскі збор – 35 еўраў. Сэрвісны збор візавага цэнтру – 14 еўраў. Запісацца можна самастойна ў візавым цэнтры TLScontact. Консульства папярэджвае, што прыярытэт аддаецца тым, хто мае блізкіх сваякоў – грамадзянаў ЕЗ у Італіі, ці едзе ў Італію ў камандізроўку.
«Памагатары» просяць за запіс на італьянскую візу 400 рублёў.

Пакет дакументаў стандартны: пашпарт, фотаздымкі, медычная страхоўка, даведка з месца працы з указаннем даходу, выпіска з банку, для ІП – пасведчанне аб рэгістрацыі і даведка з падаткавай, якая пацвярджае адсутнасць запазычанасцяў. Калі падаецца няпоўнагадовы, спатрэбіцца дазвол ад аднаго ці абодвух бацькоў, у выпадку маці-адзіночкі патрэбны дакумент, які даказвае гэты стан.
Нямеччына
У Нямеччыны няма візавага цэнтру ў Беларусі, звяртацца трэба ў консульскі аддзел ФРГ у Менску, у тым ліку, калі ехаць збіраешся не толькі ў Нямеччыну, але і ў Аўстрыю, Нідэрланды.
Пасярэднікі абяцаюць двухгадовы нямецкі шэнген за 10 працоўных дзён ад дня падачы. Кошт – 35 еўраў і 300 рублёў за паслугі фірмы. Аднак, кажуць, галоўнае – дачакацца выкліку на падачу дакументаў, а гэта можа зацягнуцца.
Выкліку на падачу дакументаў на нямецкую візу можна чакаць год і даўжэй. Такая статыстыка вынікае з чату deshengenstat. У ім можна прачытаць гісторыі беларусаў, якія запісваліся на візу праз сайт консульскага аддзелу яшчэ ў лістападзе 2023 года, змаглі падаць дакументы толькі ў лютым 2025-га, а атрымаць візы – у сакавіку 2025-га. Большасць пры гэтым атрымлівае візы на тэрмін паездкі ці на паўгода, але тым, у каго раней ужо былі нямецкія візы, ставяць і «мульцік» на два – тры гады.
«У нас былі толькі літоўскія візы. Апошнія скончыліся ў 2020 годзе. <…> Вынік – мульт з 15.05.2025 да 12.08.2025».
Не ўсім шанцуе на доўгія візы, нават калі ў пашпарце ёсць даволі свежы нямецкі шэнген.
,,«Запісваліся 11.11.2023 (я, муж і дзіця). Падача – 13 лютага 2025 года. <…> Нямецкая віза з 15.01.2024 да 15.02.2024. Пацверджанне мэтавага выкарыстання не запытвалі. <…> Візы прасілі на тры гады. Па выніку адкрылі мульцік з 19.05.2025 да 31.12.2025», – распавядае яшчэ адзін удзельнік чату.
А надоечы беларусы сутыкнуліся яшчэ і з выпадкамі, калі пасля доўгага чакання даты падачы атрымалі паведамленне аб адмене запісу. Такой гісторыяй дзялілася мянчанка Алена. Дзяўчына запісалася на падачу ў траўні 2024 года і атрымала слот на красавік 2025 года, але раптам ёй паведамілі пра адмену. Консульскі аддзел адказаў Алене, што аднаўленне ці перанос запісу немагчымы, а запіс па-за чаргой можа быць толькі ў выключных выпадках па медычных паказаннях. Мянчанцы параілі зарэгістравацца наноў, а таксама папярэдзілі, што цяпер тэрміны чакання складаюць да 16 месяцаў.
З адменамі сутыкнуліся яшчэ даволі шмат беларусаў. Прычыну консульскі аддзел так і не патлумачыў.

«Быў запіс на дзелавую візу, у студзені выдалі слот на 23.04.2025 года. 5 сакавіка ў 8:30 прыйшоў ліст з адменай запісу, нібыта я гэта сам зрабіў ці не пацвердзіў запіс цягам трох дзён. На ліст з пытаннем і просьбай удакладніць прычыну адмовы прыйшоў адказ, што амбасада не паведамляе такую інфармацыю», – распавёў адзін з пацярпелых беларусаў.
Літва
Візавы цэнтр Літвы часова прыпыніў прыём дакументаў ад беларусаў на турыстычныя, працоўныя, культурныя і іншыя візы.
У Менску цяпер можна зрабіць гасцявую візу ў Літву, але права на яе маюць толькі блізкія сваякі грамадзянаў Літоўскай Рэспублікі. Даюць такую візу на тэрмін да двух гадоў. Консульскі збор – звычайны: 35 еўраў. Сэрвісны збор – 15,90 еўраў. Турфірмы просяць за дапамогу ў афармленні візы 450 рублёў.
Балгарыя
Балгарыя даволі добра дае візы беларусам, аднак адмовы здараюцца. На візу можна запісацца праз візавы цэнтр VFS Global ці з дапамогай турфірмы (кошт за паслугі – 350 рублёў). Візавыя цэнтры маюцца ў Менску, Берасці, Горадні, Магілёве, Гомлі, Віцебску, Лідзе, Пінску, Баранавічах.
Консульскі збор за візу – 35 еўраў, сэрвісны – 25 еўраў.
Спатрэбіцца стандарты пакет дакументаў: пашпарт, фотаздымкі, медстрахоўка, даведка з месца працы з указаннем заробку, пацверджанне броні квіткоў і гатэлю са 100% аплатай.
Грэцыя
Зварот за візай у консульства Грэцыі таксама будзе, хутчэй за ўсё, паспяховым – у турыстычных візах амаль не адмаўляюць, калі ўсё ў парадку з дакументамі. Пад даты туру Грэцыя выдае візы даволі аператыўна.

Консульскі збор – 35 еўраў, сэрвісны збор – 30 еўраў. Фірмы за дапамогу з грэцкай візай просяць 350 рублёў.
Акрамя стандартнага пакету дакументаў, грэцкая амбасада просіць прадставіць бронь гатэлю і квіткі, у тым ліку – зваротныя.
Венгрыя
Венгрыя добра дае візы беларусам. Калі вы раней ужо былі ў гэтай краіне і маеце яе візы, вам могуць паставіць «мульцік» на год ці тры.
Венгрыя таксама супрацоўнічае з візавымі цэнтрамі VFS Global – з 2023 года падача на турыстычныя візы магчымая толькі праз іх. Консульскі збор за візу складзе 35 еўраў, сэрвісны – 18 еўраў.
Пакет дакументаў тыповы: пашпарт, фотаздымкі, медстрахоўка, даведка з месца працы з пазначэннем заробку, бронь гатэлю і квіткоў.
Праз консульства Венгрыі можна таксама аформіць швейцарскую візу. Усе дэталі па патрэбных дакументах для візы – па спасылцы.
Пасярэднікі просяць за дапамогу ў запісе на венгерскую візу да 900 рублёў.
Францыя
Для афармлення французскай візы трэба звярнуцца ў Візавы аддзел Амбасады Францыі ў Менску. З 2023 года ўсе заяўкі на атрыманне візы павінны быць зарэгістраваныя ў электронным выглядзе на сайце france-visas.gouv.fr.
Усе дакументы, якія прадстаўляюцца для атрымання візы ў візавы аддзел, павінны быць перакладзеныя на французскую ці англійскую мовы. Натарыяльнае завярэнне патрабуецца толькі ў выпадку дазволу на выезд дзіцяці ад бацькоў.
Для візы трэба пацвердзіць даты турыстычнай паездкі ці прадставіць запрашэнне ад сяброў, сваякоў, арганізацыі. Чакаць візу можна некалькі месяцаў, а пасля вашай паездкі амбасада Францыі будзе правяраць, ці вы насамрэч былі ў Францыі.
Праз фірмы-пасярэднікі на дадзеным момант запісацца на французскую візу не атрымаецца – амбасада часова прыпыніла выдачу месцаў на турыстычныя візы. Могуць запісаць на гасцявую візу – за 500 рублёў. Абавязкова патрэбнае запрашэнне.
Ганна Ганчар belsat.eu