Польскае Міністэрства замежных справаў абмежавала масавую выдачу гуманітарных візаў беларусам: зараз іх змогуць атрымаць толькі тыя, каму рэальна пагражае страта здароўя ці жыцця ці палітычна матываваная крымінальная адказнасць, піша «Rzeczpospolita».
Гуманітарныя візы былі ўведзеныя ў адказ на рэпрэсіі, якія разгарнуліся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Са жніўня 2020 года Польшча выдала грамадзянам Беларусі больш за 53,5 тысячы гуманітарных візаў. Пры гэтым у 2024 годзе былі выдадзеныя толькі 518 візаў.
Дагэтуль гуманітарныя візы выдаваліся без асаблівага кантролю і верыфікацыі.
,,«Цяпер сітуацыя такая, што не прынята пад увагу ніводнай нашай просьбы аб выдачы такой візы для канкрэтных, правераных асобаў, – кажа ў каментары «Rzeczpospolita» кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк і падкрэслівае, што новы падыход польскай дзяржавы да візаў моцна абмяжоўвае дапамогу тым беларусам, якім яна патрэбная. – Гэта насамрэч вялікая праблема. Польшча заўсёды выказвала вялізную салідарнасць з намі, але сёння ў нас такое пачуццё, што гэтая дапамога была абмежаваная».
Змяненне правілаў выдачы гуманітарных візаў выкліканае «занадта свабодным падыходам да іх атрымання з боку грамадзянаў Беларусі», растлумачыла польскае МЗС. Паводле міністэрства, беларусы часта выкарыстоўвалі гуманітарныя візы з іншай мэтай: для вандровак па краінах Шэнгенскай зоны і для перамяшчэння паміж Беларуссю і Польшчай.
Акрамя таго, польскія спецслужбы непакояцца, што механізм гуманітарных візаў можа быць выкарыстаны беларускімі спецслужбамі. У якасці прыкладу прыводзіцца гісторыя Дар’і Астапенкі, асуджанай у Польшчы за шпіянаж.
Гуманітарная віза цяпер аднаразовая і выдаецца адзін раз з мэтай гарантаваць магчымасць бяспечна пакінуць краіну паходжання. Каб прэтэндаваць на візу, трэба даказаць наяўнасць рэальных пагрозаў для жыцця і здароўя заяўніка ці ягоных сваякоў, ці пагрозаў крымінальнага пераследу ў Беларусі за ўдзел у пратэстах і апазіцыйную дзейнасць.
У выпадку падачы на гуманітарную візу з іншай краіны патрэбная дадатковая аргументацыя. Паўторная выдача візы будзе магчымай толькі ў выключных выпадках – у жыццёвых сітуацыях, якія зрабілі немагчымым перамяшчэнне ў Польшчу ў перыяд дзеяння раней выдадзенай візы.
У 2020 годзе Польшча таксама запусціла праграму PBH, якая спрашчала атрыманне візаў для ІТ-спецыялістаў, але гэтая праграма была спыненая ў 2024 годзе.
Марыя Міхалевіч belsat.eu