Для будаўніцтва другой АЭС у Беларусі Лукашэнка разглядае ўсходнія вобласці нашай краіны, на мяжы з Расеяй, каб прадаваць электраэнергію ў Бранскую вобласць, а таксама ў акупаваныя Расеяй украінскія рэгіёны (Лукашэнка назваў іх «новымі рэгіёнамі Расеі»). Пра гэта палітык паведаміў падчас свайго выступу ў Савеце Федэрацыі Расеі 14 сакавіка.
Лукашэнка згадаў, што напярэдадні абмяркоўваў з расейскім бокам будаўніцтва другой АЭС у Беларусі і прасіў даць яму дазвол самастойна будаваць усё, акрамя рэактару: маўляў, у Беларусі ёсць спецыялісты.
,,«Калі будзе патрэба ў Беларусі ў атамнай энергіі, агулам у электрычнасці вялікая, будзем будаваць. Калі не – навошта будаваць?» – сказаў кіраўнік краіны.
13 сакавіка падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка папрасіў «Росатом» пабудаваць другую атамную станцыю ў Беларусі. «Росатом» адказаў, што просьба цяпер на разглядзе.
«Прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка сапраўды ўздымаў пытанне будаўніцтва новых атамных магутнасцяў. І мы гэтае пытанне ўзялі ў распрацоўку. Чакаем ад беларускіх калег удакладнення наконт тэхнічнага выгляду – ці патрэбны дадатковы, трэці энергаблок на пляцоўцы Астравецкай АЭС, ці новая АЭС у іншым раёне», – пракаментавалі ў «Росатоме».
Марыя Міхалевіч belsat.eu