навіны

«Прыбіраць, хаваць, выдзіраць» – «Белсат» даведаўся пра факты правакацыяў супраць бібліятэкараў

Кніга
Ілюстрацыйны здымак. Фота: old.asiaplustj.info
podpis źródła zdjęcia

З пачаткам навучальнага года школьнікі і студэнты часцей сталі карыстацца бібліятэкамі. А праз тое, што ўжо некалькі дзясяткаў кніг у Беларусі на загад рэжыму прызнаныя «экстрэмісцкімі», паход у бібліятэку таксама стаў небяспечным. Як мы высветлілі, даходзіць да правакацыяў і адміністратыўных справаў.

Спадарыня Таццяна (імя суразмоўцы змененае дзеля бяспекі – заўв. рэд.) працуе ў адной бібліятэцы больш за 30 гадоў. І, як прызнаецца, з часоў распаду Саюзу бібліятэкі гораду перажываюць цяпер адныя з самых цяжкіх часоў.

«Як быццам Сталін уваскрос», – кажа пра свае асацыяцыі суразмоўца. – Пасля 2020 года то кнігі, то нейкія асобныя творы аўтараў сталі прызнаваць «экстрэмісцкімі». Ужо некалькі гадоў пачынаю працоўны дзень не з чытання любімых газетаў (іх ужо закрылі), а з вывучэння спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў – правяраю, ці няма чаго новага, за што мяне, маё кіраўніцтва і чытачоў могуць «прыцягнуць». Думала, што ўжо горай за тое, калі нас прымусілі склейваць старонкі кніг з «непажаданымі» творамі Дунін-Марцінкевіча, а потым наогул прыбіраць яго з паліцаў, не будзе. Але не… За апошнія некалькі гадоў «непажаданых» кніг і аўтараў стала так шмат, што бібліятэкі, нават нашыя раённыя, не спраўляюцца склейваць, прыбіраць, хаваць, выдзіраць…»

Кнігі пасадзілі ў ПКТ і надзелі кайданкі



Са словаў нашай суразмоўцы, праблема здабыла настолькі сур’ёзны маштаб, што ў мінулым месяцы бібліятэкараў запрасілі на нараду ў мясцовы гарвыканкам, дзе на поўным сур’ёзе вызначаліся, як паступіць з забароненымі кнігамі.

Забароненая кніга Уладзіміра Каратукевіча «Каласы пад сярпом тваім». Фота: belta.by
Забароненая кніга Уладзіміра Каратукевіча «Каласы пад сярпом тваім». Фота: belta.by

«Адзін з чыноўнікаў прапанаваў утылізаваць, а дакладней, спаліць іх. Мы былі шакаваныя. Сталі пераконваць, абяцаць, што кніг нікому выдаваць не будзем. У выніку пасля яшчэ некалькіх нарадаў, на якія ўжо запрашалі толькі кіраўніцу нашай бібліятэкі, было пастаноўлена, што да лепшых часоў кнігі трэба прыбраць з паліцаў, замкнуць, апячатаць, прызначыць адказнага і «зрабіць справаздачу наконт праведзенай працы». Я разумею, як гэта гучыць, але мы пагадзіліся – гэта быў адзіны спосаб не страціць кнігі і зрабіць так, каб іх не знішчылі», – кажа спадарыня Таццяна.

Як выказалася нашая суразмоўца, у іх бібліятэцы, а таксама ва ўсіх бібліятэках раёну (гаворка ідзе пра адзін з раёнаў Віцебскай вобласці – заўв. рэд.) для кніг прыдумалі і месцы зняволення, і нават кайданкі.
,,

«Для «забаронкі» вызвалілі асобны пакой. У яго згрузілі ўсе «экстрэмісцкія» кнігі, а потым кожную апячаталі. Каб, крый Божа, хтосьці не адважыўся іх дастаць», – з прыкрасцю распавядае жанчына. – Ключ да гэтага памяшкання ёсць толькі ў кіраўніцы бібліятэкі. Гэта значыць, яна адказвае за таемны пакой галавою. Думалі, што на гэтым усё. Што кнігі проста будуць ляжаць і чакаць лепшых часоў. Але не…»



«У найлепшым выпадку страціць пасаду, у найгоршым – сядзе»

Днямі ў бібліятэцы адбылася, як гавораць працаўнікі, правакацыя:

«У нас адносна невялікі горад. Амаль усіх сваіх чытачоў мы ведаем асабіста або ў твар. Прыходзіць, значыць, да нас даўні чытач. Да мінулага года хлопец вучыўся ў суседняй школе, цяпер – у мясцовым тэхнікуме, прапісаны на старым адрасе… Мы ведаем гэта, бо вядзём асабовыя карткі чытачоў. Просіць Джорджа Оруэла «1984». Кніга забароненая, але хлопца ж мы ведаем! Добры хлопец. Калі вучыўся ў школе, у алімпіядах удзельнічаў. Рыхтаваўся ў нас у бібліятэцы. Заўсёды шмат чытаў. Мы да яго, як да роднага, выдалі з уласных сховаў кніжку (па парачцы асобнікаў «забаронкі» на ўсялякі выпадак пакінулі неапячатанымі, на сваю галаву). А праз 30 хвілінаў заходзіць чалавек у цывільным і цікавіцца, як прайсці да дырэктаркі. Паказаў пасведчанне – следчы з міжраённага аддзелу Следчага камітэту».

Дырэктарку бібліятэкі абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле артыкулу 19.11. Працаўнікі ўпэўненыя, што гэта была наўмысная правакацыя.

«Хутчэй за ўсё, хлопец прыйшоў паводле іхнага задання. Як мы пазней высветлілі праз знаёмых, у органах працуе ягоны бацька», – распавядае суразмоўца.

І на дырэктарку, і на бібліятэкарку, якая выдала кнігу, склалі пратакол і сказалі чакаць позвы ў суд. «Далей нашую кіраўніцу выклікалі званком на дыван у гарвыканкам і далі зразумець, што ў найлепшым выпадку яна страціць пасаду, а ў найгоршым – можа і сесці разам з бібліятэкаркай. Артыкул адміністратыўны, магчымы і штраф, і арышт», – кажа спадарыня Таццяна.

«Навесці парадак з экстрэмісцкай літаратурай»

Як са сваіх крыніцаў даведаліся працаўнікі бібліятэкі, у мясцовыя органы ўлады спусцілі дырэктыву «навесці парадак з экстрэмісцкай літаратурай».

Нагадаем, яшчэ летась выдаваць забароненую літаратуру чыноўнікі збіраліся на падставе спецыяльных дазволаў. Нават на высокім узроўні чыноўнікі заяўлялі, што ўсе «экстрэмісцкія» кнігі складана знішчыць, да таго ж, спецыялістам яны часам патрэбныя для напісання навуковых працаў або расследаванняў. Вядома таксама, што ў Нацыянальнай бібліятэцы забароненыя кнігі захоўваюцца ў спецыяльным сховішчы, але ні ў якім законе дагэтуль так і не прапісана, у якіх менавіта выпадках іх можна выдаваць чытачам. Пры гэтым рэжым працягвае сачыць, каб «забароненая» літаратура не даходзіла да чытача – не прадавалася ў крамах, у інтэрнэце і, як мы бачым, не выдавалася ў бібліятэках.

Помнік Станіславу Манюшку і Дунін-Марцінкевічу ў цэнтры Менску. Фота belta.by
Помнік Станіславу Манюшку і Дунін-Марцінкевічу ў цэнтры Менску. Фота belta.by

«Цікавіць наогул уся літаратура, але, вядома, першачарговую ўвагу надаём гістарычнай, бо цяпер такія тэмы на вастрыні, значныя. Гэта рэабілітацыя нацызму, якая часам сустракаецца ў друкаванай прадукцыі. Таму менавіта на такую літаратуру мы звяртаем увагу», – каментавала яшчэ летась прапагандыстам начальніца аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Марына Запрудская.

Выдавецтвы таксама пацвярджаюць, што рэпрэсіі былі і раней, але такога маштабу, што пачаўся пасля 2020 года, не было яшчэ ніколі.

«Гэтая сітуацыя не ўзнікла цяпер. Яна ўзнікла ў 2013, 2014, 2017 годзе. Нейкія кніжкі друкаваліся, якія да падзеяў 2020 года выглядалі спрэчнымі. Але, у прынцыпе, яны не мелі нейкага характару, не ўзгодненага з агульнай лініяй. Пасля 2020 года з гэтымі кнігамі паўсталі пытанні», – пракаментаваў намеснік дырэктара аднаго з выдавецтваў.

Сёння, як мы высветлілі, правяранні з нагоды наяўнасці-выдачы-продажу забароненых кніг пракуратура вядзе не толькі ў бібліятэках. На наяўнасць «экстрэмісцкай» літаратуры актыўна правяраюць у тым ліку кнігарні.

Выяўленую «забаронку» забіраюць, а крамы атрымліваюць прадпісанні. Часцей за ўсё, гаворка ідзе пра адміністратыўную адказнасць, але часам справа можа скончыцца і крыміналкай. У некаторых выпадках юрыдычную асобу ліквідуюць. Тое ж самае тычыцца і продажу кніг у інтэрнэце. Маркетплэйсы за сумнеўныя кнігі таксама атрымліваюць папярэджанні.

Як кнігі становяцца «экстрэмістамі»?

Аказваецца, у кожнай абласной пракуратуры ёсць камісія, што правярае кнігі на «правільнасць». Калі факты з кнігі гэтай камісіі падаюцца сумнеўнымі або супярэчнымі афіцыйнай палітыцы ці ідэалогіі, матэрыялы наконт яе адпраўляюць у суд. І толькі яго вырак робіць літаратуру «экстрэмісцкай».

Матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі ў Беларусі, залучаюцца ў так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ёсць і больш нефармальныя віды забаронаў. Кнігу, напрыклад, могуць цішком забараніць распаўсюджваць праз дзяржаўныя кнігарні, могуць і націснуць на прыватныя, каб тыя прыбралі непажаданую літаратуру з паліцаў. Такая гісторыя нярэдка адбываецца пасля зваротаў «куды трэба» ад праўладных актывістаў накшталт Вольгі Бондаравай, якая часта знаходзіць у кнігах «прапаганду ЛГТБ+» або «нацызм».

Цяпер у рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў налічваецца некалькі дзясяткаў кніг і твораў. Спіс рэгулярна абнаўляе Мінінфарм. Так, напрыклад, пад забарону (на падставе выраку суда Жыткавіцкага раёну) трапіла фактычна ўся творчасць класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Парадаксальна, але помнік паэту пры гэтым стаіць у цэнтры Менску, а ў 2023 годзе ў краіне адзначалася 215-годдзе творцы.

Пад забаронаю цяпер і гістарычны раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, які прысвечаны паўстанню Кастуся Каліноўскага і максімальна вярэдзіць улады. Дарэчы, выявілася, што ўнесці кнігу ў «чорны спіс» прапанаваў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, які ўслаўляе душыцеля паўстання 1863 года Мураўёва-вешальніка. На думку Гігіна, гістарычны раман не спрыяе «фармаванню пэўнай гістарычнай памяці» ў беларускіх школьнікаў.

Таксама забаронены раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», «Айчына: гісторыя» Уладзіміра Арлова, паводле якой гісторыю Беларусі вывучала не адно пакаленне беларускіх дзяцей. Па-за законам зборнікі Ларысы Геніюш, Уладзіміра Някляева, Наталлі Арсенневай, Лідзіі Арабей… Са школьных бібліятэк зніклі кнігі і творы Алексіевіч, Разанава, Марціновіча і яшчэ некалькіх дзясяткаў пісьменнікаў, бо ў школьныя бібліятэкі прыйшоў спіс аўтараў, кнігі якіх трэба зняць з карыстання.

Большасць забароненых пісьменнікаў – сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў, зліквідаванага ўладамі яшчэ ў 2021 годзе. Пры гэтым праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі працягвае працаваць.

Што пагражае за распаўсюд твораў «пісьменнікаў-экстрэмістаў»?

«Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі […] цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь (ад 400 да 1200 рублёў – заўв. рэд.) […] або грамадскія працы, або адміністратыўны арышт», – прапісана ў артыкуле 19.11 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.

Што тычыцца асабістых бібліятэк, то калі хтосьці з сілавікоў пабачыць «забароненую» кнігу, напрыклад, падчас ператрусу, то могуць прыпісаць распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10