Аляксандр Лукашэнка цяпер у Расеі з афіцыйным візітам. Гэтак супала (ці не супала), што ў гэты ж дзень у Маскву прыляцеў прадстаўнік адміністрацыі Доналда Трампа Стыў Ўіткаф – абмеркаваць тэму замірэння ў вайне. Паглядзелі, чым вызначыўся візіт Лукашэнкі, а таксама паразважалі над тым, навошта цяпер кіраўнік Беларусі спатрэбіўся ў Маскве.
Той самы момант
Сапраўды, візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву здарыўся ў вельмі прыдатны момант – прынамсі для самога Лукашэнкі. Ва ўмовах непрызнання ягонай легітымнасці з боку шмат якіх дзяржаваў Захаду пастаяць побач з перамовамі аб Украіне – дарагога варта.
Хаця крыху пазней сам Лукашэнка ў размове з расейскімі медыямі паведаміў, што не будзе сустракацца з прадстаўніком Белага дому.
На думку некаторых аналітыкаў, візіт Лукашэнкі з нейкіх прычынаў быў патрэбны Уладзіміру Пуціну менавіта сёння. Гэтак, украінскі палітычны аглядальнік Ігар Тышкевіч звярнуў увагу, што запрашэнне Лукашэнку наведаць Маскву з’явілася ў момант, калі амерыканцы дасягнулі дамоўленасцяў пра 30-дзённае замірэнне з украінскім бокам і калі стала вядома, што Стыў Ўіткаф ляціць у Маскву.
Важна адзначыць, што Лукашэнка робіць свой афіцыйны візіт, яшчэ не ўступіўшы на прэзідэнцкую пасаду ў новым тэрміне. На гэта звяртае ўвагу палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.
,,«Каларытна, што спрабуюць падаць гэта ў Маскве як першы візіт Лукашэнкі пасля імітацыі выбараў, прытым што насамрэч Лукашэнка нават інаўгурацыі не прайшоў і ёсць, хутчэй, прэзідэнтам, які адыходзіць, а не новым нават паводле ягонай логікі», – адзначае суразмоўца «Белсату».
Дзе з’явіўся, там і прыгадзіўся
Першыя пацвярджэнні таго, што Лукашэнка – фігура на шахматным полі расейскага кіраўніка, не прымусілі сябе доўга чакаць. Адмысловы прадстаўнік Доналда Трампа ў справе Блізкага Усходу Стыў Ўіткаф, прыляцеўшы на сустрэчу з расейскім бокам, каб прэзентаваць прапановы пра такое важнае для Расеі пытанне, як замірэнне ў вайне з Украінаю, быў вымушаны чакаць, пакуль Уладзімір Пуцін сустракаецца са сваім беларускім сябрам. У Крамлі паведамілі, што сустрэча з ім адбудзецца толькі ўвечары. У дыпламатыі гэта можа трактавацца як магчымасць паказаць, хто гаспадар сітуацыі.
,,«Для Пуціна гэта тыповы стыль – бясконца спазняцца, і паказаць, каб амерыканцы чакалі, пакуль ён бавіць час з Лукашэнкам – гэта вельмі ў стылі Пуціна. Але для Пуціна таксама ў такі турбулентны час важна, каб Лукашэнка з ім выступаў на адной хвалі, калі трэба, то ў ААН прагаласаваў як трэба», – адзначае Вадзім Мажэйка.
Адметна, што яшчэ да сустрэчы з Уладзімірам Пуціным расейскія журналісты ўжо традыцыйна атакавалі Аляксандра Лукашэнку мноствам пытанняў. Таму, калі яшчэ перамовы не пачаліся, кіраўнік Беларусі паспеў зрабіць шэраг заяваў на розныя тэмы, у тым ліку пра заканчэнне вайны з Украінаю.
Гэтыя заявы асабліва цікавыя з таго гледзішча, што часта іх успрымаюць так, быццам Лукашэнка прагаворвае тое, што беспасярэдне не заўсёды гатовы прамаўляць Пуцін.

Размінка перад журналістамі
Адметна, што ў сваіх заявах перад журналістамі Аляксандр Лукашэнка часта ўжываў займеннік «мы» адказваючы на пытанне пра перамовы паміж амерыканскім і расейскім бокам ды маючы на ўвазе пад ім Расею і Беларусь.
Гэтак, каментуючы замірэнне паміж Украінай і Расеяй і расейскую пазіцыю ў перамовах, ён заявіў, што «амерыканцы нас ужо не падмануць». На думку Лукашэнкі, ініцыятывы Вашынгтону – не «хітрык».
,,«Увесь час хітрыкі і хітрыкі. То падманулі, ці яшчэ што. Час ужо нам галавою думаць. Там жа гара пытанняў, акрамя 30-дзённага перыяду. Гэта трэба ў цэлым, пакетам узважваць і разумець адпаведнае рашэнне. Не, гэта не хітрыкі і не будзе хітрыкамі», – сказаў Лукашэнка.
На думку кіраўніка Беларусі, Расея мае моцныя пазіцыі на фронце, што дае ёй перавагу ў перамовах. Ён падкрэсліў, што цяпер Масква не спяшаецца ісці на саступкі: «Калі яны гэтыя козыры прыберагуць і не пачнуць выйграваць у гэтай картачнай гульні, тады дамовімся».
Падчас размовы з журналістамі Лукашэнка таксама пракаментаваў паездку Пуціна на фронт, у Курскую вобласць, 12 сакавіка, назваўшы яе сігналам рыхтавання да далейшага наступу:
«Калі прыехаў, значыць, заўтра, умоўна кажучы, трэба цалкам вызваляць усю тэрыторыю. Ну, некалькі дзён – і яна будзе вызваленая».
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што ў амерыканскага боку няма ніякага плану ў вайне ва Украіне:
«Дарэчы, абсалютна дакладна магу сказаць, што ў амерыканцаў няма ніякага плану ў канфлікце ва Украіне. Няма. Абсалютна. Яны што робяць? Яны зандуюць глебу: а што гэтыя хочуць? Што гэтыя? На гэтых [украінцаў] націснем, можна націснуць. На гэтых не націснеш. Ну што, на Расею націснеш?»

Афіцыйная сустрэча
Афіцыйныя перамовы праходзілі ў пашыраным фармаце ў рэжыме абеду, на якім былі і філе судака, і ялавічныя шчочкі, і рол з агурка і камчацкім крабам.
За зачыненымі дзвярыма ў фармаце тэт-а-тэт, як паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі, Лукашэнка і Пуцін размаўлялі крыху больш за гадзіну.
Вынікі афіцыйнай сустрэчы былі значна больш прэсныя, як абед: Пуцін назваў стасункі Расеі і Беларусі «братэрскімі ў прамым сэнсе слова» і намякнуў, што яны маглі б быць прыкладам і для іншых краінаў. А Лукашэнка заявіў, што на выбарах, якія прайшлі ў краіне 26 студзеня, фактычна ішла гаворка пра тое, ці з Расеяй Беларусь, і беларускі народ, маўляў, «прадэманстраваў, што Расея – сябар.
«Беларусь і Расея працягнуць паступальна нарошчваць двухбаковую гандлёва-эканамічную і інвестыцыйную супрацу, у тым ліку ўзаемадзеянне ў сферах прамысловай кааперацыі і інфраструктурнага будаўніцтва», – было адзначана ў супольнай заяве.
У выніках сённяшніх перамоваў Лукашэнка і Пуцін падпісалі пратакол пра змяненне дамовы 1998 года, што дазваляе грамадзянам абедзвюх краінаў браць удзел у выбарах і вылучацца ў мясцовыя органы ўлады. Былі заключаныя пагадненні аб супрацы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці і аб роўных правах спажыўцоў. Акрамя таго, уступіла ў моц Дамова аб бяспецы ў межах Саюзнай дзяржавы, што прадугледжвае размяшчэнне расейскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі, магчымасць ужыванн ядравай зброі ды ўзаемныя гарантыі абароны суверэнітэту і межаў.

Прэс-канферэнцыя
Падчас прэс-канферэнцыі побач з дзяжурнымі словамі прагучалі некалькі важных заяваў.
Гэтак, журналісты задалі вельмі важнае пытанне пра гатовасць Украіны да спынення агню, але фактычна ў ім было завуаляванае пытанне, ці гатовая да такога спынення Расея.
Пуцін заявіў, што Расея гатовая падтрымаць ідэю спынення баявых дзеянняў, але пры ўмове, што гэта прывядзе да доўгатэрміновага міру і ліквідацыі першапрычынаў канфлікту. У той жа час ён задаў пытанне, што рабіць з украінскімі войскамі, якія ўварваліся ў Курскую вобласць – ці будуць яны здавацца ў палон, ці іх выпусцяць (паводле Пуціна, яны там у бязвыхадным становішчы). Таксама Пуцін выказаў хваляванне тым, што замірэнне выкарыстае Украіна для мабілізацыі, паставак зброі і рыхтавання новых падраздзяленняў. А таксама выказаў неразуменне, як будзе ажыццяўляцца кантроль за выкананнем замірэння на лініі фронту на 2000 кіламетраў.
Лукашэнка, у сваю чаргу, падкрэсліў, што згодзен з пазіцыяй Пуціна, дадаўшы: ЗША і Расея вызначаюць лёс Еўропы.
,,«Калі расейцы, Расея дамовіцца з ЗША – «труба» Еўропе і Украіне, разам узятым. У перамоўным працэсе Расеі і ЗША, у іх руках сёння – лёс гэтай Еўропы, якая павяла сябе і вядзе дасюль недальнабачна», – сказаў Лукашэнка.
У сваю чаргу Пуцін ператварыў гэта ў жарт, адзначыўшы, што калі Расея і ЗША дамовяцца ў вобласці энергетыкі, то «газавая труба Еўропе можа быць забяспечаная», што пойдзе на ёй на карысць, бо будзе атрымліваць танны газ.
Нарэшце не абышлося і без канфузу: журналістка з беларускага ОНТ задала пытанне, ці будуць улічаныя інтарэсы Беларусі падчас перамоўнага працэсу па завяршэнні вайны ва Украіне. Пуціну давялося нават перапытаць у журналісткі, што яна мае на ўвазе, бо пытанне гучала для яго незразумела. Тым не менш пасля ён адказаў, што беларускія інтарэсы «ўлічваюцца заўсёды» ва «ўзаемаадносінах з кім бы то ні было».
«Лукашэнка паспяшаўся сказаць, што «я на перамовы не рвуся». Хоць раней шмат разоў нагадваў пра неабходнасць удзелу Беларусі ў будучых мірных пагадненнях па выніках вайны ва Украіне. І гэтая сітуацыя вельмі добра ілюструе месца, якое Расея адводзіць Беларусі. То бок месца краіны, якую палітыка Лукашэнкі прывяла да страты міжнароднай суб’ектнасці», – напісаў з гэтай нагоды аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Каб наўпрост не адмаўляць амерыканцам
Мы спыталі ў палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, што ўвогуле мог абазначаць прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву ў той момант, калі Расея стаіць перад значна больш важным заданнем: адказам на прапанову ЗША наконт замірэння ў вайне ва Украіне.
«Тое, што мы бачылі ў Маскве сёння, – і прэс-канферэнцыя Пуціна і Лукашэнкі, і заявы Лукашэнкі, і заявы Ушакова [памочнік Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што мэта Крамля – доўгатрывалае мірнае ўрэгуляванне, крокі, якія «імітуюць мірныя дзеянні», нікому не патрэбныя. – Заўв. «Белсату»] – гэта тое, што на мове КДБ называюць актыўным мерапрыемствам. То бок комплекс захадаў, назавём гэта так, каб стварыць адпаведны фон. Было зразумела, што вось так наўпрост адказаць амерыканцам яны [расейскі бок] не могуць, таму яны пастанавілі зрабіць гэта элегантна», – кажа Аляксандр Фрыдман.
А менавіта так «элегантна» на думку суразмоўцы «Белсату», яны выказалі шэраг непрымальных умоваў як для Украіны, гэтак і для Еўропы. Што ж датычыць ЗША, то тут, мяркуе Фрыдман, «пытанне пакуль адкрытае»: бо невядома яшчэ, на што гатовы Доналд Трамп.
,,«А ў Лукашэнкі была другасная роля, ён там падыгрываў. Ягоныя сённяшнія заявы, асабліва да сустрэчы, сведчаць пра тое, што яму прыкладна сказалі, у якім кірунку трэба дзеяць, а астатнім ён займаўся экспромтам. Лукашэнка – чалавек спрактыкаваны, ён ведае, што можна, а што нельга казаць у Маскве. Відавочна, ён адыгрываў фонавую ролю ў гэтай гісторыі», – кажа аналітык.
На думку Фрыдмана, візіт Лукашэнкі і Ўіткафа не падладжваліся наўмысна. Але раз ужо так супала, то візіту Лукашэнкі пастанавілі не адмяняць, хаця лёгка гэта маглі зрабіць. Праўда, тады б сітуацыя выглядала так, што «перад амерыканцамі кінулі ўсе справы». «А як жа Пуцін можа так сябе паводзіць перад амерыканцамі?» – пытаецца суразмоўца. Таму было пастаноўлена, каб Лукашэнка прыязджаў, а расейцы яго выкарыстаюць, каб ён зрабіў неабходныя заявы.
У любым выпадку, мяркуе эксперт, Беларусь як галоўны саюзнік Расеі адыгрывае важную ролю. Бо «сітуацыя цяпер неадназначная, перамовы толькі пачынаюцца, і што будзе далей, ніхто не ведае». Таму з дапамогаю Беларусі можна ладзіць розныя правакацыі: напрыклад, з аднаго боку, Пуцін будзе казаць пра спыненне баявых дзеянняў, а адначасова скіруе нейкую расейскую групоўку на тэрыторыю Беларусі ці сцягнуць беларускія войскі да мяжы, каб справакаваць Украіну, а потым абвінаваціць яе ў парушэнні дамоўленасцяў.
Што ж да падпісаных дакументаў, то, на думку суразмоўцы, яны нічога не вырашалі, іх можна было падпісаць як раней, так і пазней. Пры гэтым Аляксандр Фрыдман падкрэсліў: ён не думае, што Расея разглядае Беларусь як суцяшальны прыз. Бо пытанне Беларусі для яе ўжо вырашанае ў 2022 годзе: калі Лукашэнка падтрымаў вайну, яна аказалася ўцягнутая ў расейскую арбіту, беларуская эканоміка апынулася інтэграванай у расейскую ваенную эканоміку. Яны лічаць, што Беларусь ужо пад поўным кантролем, а што датычыць фармальных атрыбутаў незалежнасці, то гэта ўжо пытанне другаснае.
У гэтым святле Лукашэнка можа лічыць, што дакрануўся сёння да вялікай палітыкі, тым не менш мы бачым, кажа Фрыдман, што ён «прадэманстраваў сваю ролю – чалавека, цалкам залежнага ад Расеі, які зрабіў Беларусь залежнай ад Расеі», падсумоўвае ён.
Раман Шавель belsat.eu