Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што санкцыі ЕЗ супраць Расеі былі працягнутыя на паўгода. Пры гэтым давялося ісці на саступкі Вугоршчыне, якая патрабавала вывесці з-пад абмежаванняў дзевяць асобаў.
«ЕЗ узмацняе ціск на Расею», – напісала старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен у сваім акаўнце ў сацсетцы X.com.
Падоўжаныя на шэсць месяцаў еўрапейскія санкцыі датычаць амаль 2400 фізічных і юрыдычных асобаў. Таксама працягнутыя забарона на паездкі і замарожванне актываў.
Абмежаванні, уведзеныя за вайну супраць Украіны, кожныя паўгода маюць быць ухваленыя ўсімі чальцамі Еўразвязу. Гэтым разам Вугоршчына пагражала накласці вета, калі з санкцыйных спісаў не выкрасляць дзевяць асобаў, у тым ліку бізнесоўца Міхаіла Фрыдмана. У выніку, як піша «Reuters», з Будапэштам удалося «згандлявацца» на тры асобы. З-пад санкцыяў вывелі міністра спорту Расеі Міхаіла Дзегцярова; уладальніка кампаніі «Акрон», што вырабляе ўгнаенні, Вячаслава Кантара; і сястру бізнесоўца Алішэра Усманава Гульбахор Ісмаілаву.
Яшчэ аднаго прадпрымальніка, Уладзіміра Рашэўскага, выкраслілі з увагі на «слабое юрыдычнае абгрунтаванне».
Таксама з пераліку прыбралі трох асобаў, якія памерлі.
Абмежаванні супраць Расеі цяпер дзеюць да 15 верасня.
Сцяпан Кубік belsat.eu