Аналітыка

Жывым добра казаць, што «ковід перамаглі». Што было са смяротнасцю ў Беларусі ў разгар пандэміі – і што цяпер?

Лекар падчас пандэміі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лекар падчас пандэміі. Чарнаўцы, Украіна. 4 траўня 2020 года. Фота: Mstyslav Chernov / Wikimedia, CC BY-SA 4.0
podpis źródła zdjęcia

Паводле падлікаў «Кіберпартызанаў», у 2020–22 гадах у Беларусі было каля 90 тысяч «лішніх» смерцяў, выкліканых пандэміяй каронавірусу. Гэта куды больш за 7118 смерцяў ад ковіду, якія прызнала Мінздароўя. Але пасля 2022 года хвароба не знікла. Колькі яшчэ памрэ?

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: aa.com.tr

Кіберпартызаны: Надмерная смяротнасць ад ковіду ў Беларусі – больш за 90 тысяч чалавек

навіны

«Кіберапартызаны» атрымалі доступ да беларускіх базаў звестак пра памерлых да 2024 года і падлічылі надмерную смяротнасць падчас пандэміі COVID-19: за 2020, 2021 і 2022 гады ў Беларусі памерла сумарна на 90 тысяч чалавек больш за «даковідныя» гады. Гэтая лічба не супярэчыць ранейшым замежным даследаванням і звесткам BELPOL, але моцна разыходзіцца з паведамленнямі Міністэрства аховы здароўя Беларусі.


Дзясяткі тысяч жыццяў можна было ўратаваць


Лекар Станіслаў Салавей, намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы, адказны за пытанні аховы здароўя, казаў «Белсату», што хлусня Мінздароўя пра ковід была даказаная яшчэ ў 2020 годзе. Усе ведалі, што лічбы Мінздароўя непраўдзівыя. Усе ведалі, што смерці ад ковіду не пазначаюць правільнымі кодамі. Але цяпер вядомыя маштабы наступстваў: 

,,

«Можа быць, не ўсе 90 тысяч загінулі менавіта ад ковіду, але гэта смерці, якія з ім на 100 % павязаныя, – падкрэслівае Салавей. – Нічога іншага ў краіне ў такіх маштабах не адбывалася. Гэта ўсё ўплыў ковіду».


Ён кажа: цяпер вядома, колькі каштавала ковід-дысідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі і поўнае падпарадкаванне ягоным загадам Міністэрства аховы здароўя, якое цягнула з увядзеннем масачнага рэжыму і скасавала той пасля скаргаў Лукашэнкі.


Пандэмія не магла прайсці праз Беларусь зусім без смерцяў. Ды Салавей заклікае параўнаць смяротнасць у Беларусі з суседняй Польшчай і ўявіць, як маглі б змагацца з ковідам у Беларусі. Або з Літвой, або з Нямеччынай. Калі б не бяздзеянне Мінздароўя і дзеянні Лукашэнкі, у Беларусі маглі б памерці не 90 тысяч, а 30 тысяч чалавек, лічыць лекар. 


Салавей адзначае, што цяпер крытыкуюць рэакцыю на пандэмію ў самых розных краінах – можа, некаторыя захады былі неабавязковымі ці залішнімі. Але ж каранціны, закрыццё межаў, масачны рэжым, закрыццё межаў, доступ да якаснага лекавання ратавалі мноства жыццяў. Адсутнасць каранцінных захадаў не ратавала. Як і не ратавала тое, што ў Беларусі шпіталізавалі людзей, якія не маюць сімптомаў, але кантактавалі з інфікаванымі, і на гэтых людзей гублялі рэсурсы. А падчас гэтага праводзіць канцэрты і мітынгі, запэўніваць з тэлеэкранаў, што «ўсё добра». Цана такіх рашэнняў можа дасягаць 60 тысяч смерцяў, якіх можна было пазбегнуць.


Лукашэнка тым часам раз за разам вяртаецца да тэмы пандэміі – як і вяртаецца да тэмы выбараў-2020 і пратэстаў. Навошта нагадваць, калі здавалася б, у ягоных інтарэсах, каб людзі пра гэта забылі? Салавей адказвае: улады Беларусі ведаюць, што гэтага ім ніколі не даруюць, не «перагорнуць старонку», і спрабуюць пераканаць саміх сябе, што «нічога не было», «мы ўсё зрабілі правільна». Ды якраз стаўленне дзяржавы да пандэміі і да жыццяў людзей абурыла беларусаў перад выбарамі-2020. І людзі не забылі, што «дзяржаве на іх напляваць», рэзюмуе лекар.


Складваецца адназначная карціна вынікаў пандэміі – і гэтую карціну нельга забываць


Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці Беларусі Лідзія Тарасенка ў каментары «Белсату» тлумачыць, што паказнік надмернай смяротнасці, які агучылі «Кіберпартызаны», гэта хай і ўскосны, але найлепшы паказнік. Дакладную колькасць памерлых ад COVID-19 не даведацца, бо статыстыку падраблялі на самым пачатковым узроўні, а лекары не маглі зрабіць нейкую чароўную пазнаку «паставілі дыягназ інфаркт, але напраўду гэта быў ковід». 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі лекар падчас пандэміі каронавірусу. Фота: Pavlo Gonchar/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Беларусь страціла ад ковіду ці не столькі ж людзей, колькі Расея ад нападу на Украіну. «BELPOL» здабыў цікавыя дакументы

Аналітыка

Тарасенка адзначае, што лічбы «Кіберпартызанаў» добра супадаюць з замежнымі даследаваннямі надмернай смяротнасці. Розныя групы людзей рознымі метадамі ў розных даследаваннях спрабавалі падлічыць сапраўдную смяротнасць ад ковіду – атрымалі прыблізна тое самае. Напрыклад, гэты аналіз, апублікаваны ў кастрычніку 2021 года амерыканскім Інстытутам паказнікаў і ацэнкі здароўя, ці гэтае даследаванне вялікай групы навукоўцаў, апублікаванае ў часопісе «Lancet» у красавіку 2022-га не супярэчаць таму, што апублікавалі «Кіберпартызаны». Тыя даследаванні рабілі незаангажаваныя людзі, якія аналізавалі не толькі Беларусь і маглі зусім не цікавіцца палітычнымі падзеямі ў Беларусі. І гэта не супярэчыць таму, што паказалі сацыялагічныя даследаванні «Народнага апытання». Усё складваецца ў адну карціну.


«Вельмі важна пра гэта казаць, вельмі важна прадстаўляць гэтыя лічбы, – кажа Тарасенка. – Менавіта ў колькасным выглядзе паказваць хаця б „на пальцах“ лічбы, графікі. Таму што з часам усё больш пачынае ўсплываць наратыў „вось мы перамаглі ковід“. Вельмі добра казаць тым, хто выжыў, а ў мёртвых мы не спытаем». 

,,

«І вельмі важна разумець, што адбылося на самой справе, бо ў наступную эпідэмію вы можаце аказацца не настолькі шчаслівым. Вось асабіста вы! І пра тое, што яны выжылі, будуць казаць іншыя людзі».


А ці гатовыя да наступнай пандэміі, да непазбежнай «хваробы Ікс»? Тарасенка сумна жартуе: Міністэрства аховы здароўя Беларусі дакладна лепш гатовае, бо «раней хлусіла і чырванела, а цяпер будзе хлусіць і не чырванець».

Ніякіх аб’ектыўных паказнікаў таго, што Беларусь лепш падрыхтаваная да наступнай пандэміі, няма, канстатуе Тарасенка. Не відаць, каб эпідэміялагічная служба стала больш гатовай ці каб Мінздароўя вывучыла нейкія ўрокі і «зрабіла нешта акрамя каменнага твару». Калі хтосьці бачыць адваротнае, каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці просіць расказаць ёй аб гэтым.


І нават вытворчасць беларускай вакцыны ад ковіду так і не змаглі наладзіць, хоць на гэта выдалі больш за 30 млн долараў, пераабсталявалі пад гэта адзін з паверхаў заводу вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў і збудавалі каркас новага корпусу. І добра, што не пачалі выпускаць, лічыць Тарасенка.


Што цяпер у Беларусі з ковідам – і ці варта вакцынавацца?


На шчасце, каронавірус змяніўся. У некаторых краінах Еўропы надмерная смяротнасць ужо сышла ў адмоўныя значэнні – то бок, паміраюць дзесьці нават менш, чым у «даковідныя» гады. 


Лідзія Тарасенка даводзіць: хоць ковід ужо не настолькі небяспечны, як два-тры гады таму, вакцынавацца па-ранейшаму трэба.


Як расказваюць медыкі з Беларусі, пацыентаў з ковідам цяпер няшмат: менш, чым з грыпам. Захворванне праходзіць лягчэй, шпіталізацыя патрэбна радзей. Звычайна яна патрэбная людзям сталага веку з іншымі захворваннямі – таму менавіта такім людзям вакцынацыя рэкамендованая ў першую чаргу.


Ковід цяпер вымагае ці не такіх жа падыходаў да лекавання, як грып і іншыя вірусныя захворванні, працягвае Тарасенка. Але і ад грыпу, і ад ковіду можна памерці.


Ад грыпу ў Беларусі даступныя добрыя вакцыны – і Тарасенка заклікае імі карыстацца. І з вакцынамі ад ковіду ёсць добрая навіна. Суразмоўца перадае каментар інфекцыяніста: у Беларусі з нядаўняга часу стала даступная новая вакцына ад ковіду, расейская «Конвасэл» – першая ў свеце зарэгістраваная субадзінкавая рэкамбінантная вакцына ад COVID-19. Паводле расейскіх даследаванняў, яна мае эфектыўнасць у прадухіленні хваробы ў 85,2 %, забяспечвае стоадсоткавую сераканверсію (выпрацоўку антыцелаў) да 42-га дня па вакцынацыі і падтрыманне ўзроўню антыцелаў да 350-га дня. Сур’ёзных пабочных эфектаў не было выяўлена. Ніводзін чалавек з пяці тысяч удзельнікаў даследавання не памёр. Інфекцыяніст мяркуе, што гэтая вакцына можа стаць адной з найбольш эфектыўных з улікам пастаянных мутацыяў вірусу SARS CoV-2.


Што да вакцынацыі агулам, Тарасенка настойвае:

,,

«Хвароба не ўносіць жыцці дзясяткамі тысяч на год, але гэта не значыць, што яна стала зусім бяспечнай, зусім вам не нашкодзіць. Вось канкрэтна вам можа не пашанцаваць – і вы можаце памерці. Я разумею, што беларусы мусяць пакутаваць, але вакцына – гэта выдатная магчымасць паменшыць шанцы на пакуты. Навошта хварэць, навошта пакутаваць, калі можна зрабіць прышчэпку і не хварэць?»


Тарасенка згадвае, што мноства людзей мае негатыўнае стаўленне да вакцынаў. Некаторыя нават вераць, што вакцыны нібыта выклікаюць аўтызм (гэта даўні міф – і гэта няпраўда). Зрабіўшы вакцыну, чалавек практычна нічым не рызыкуе: сур’ёзныя пабочныя рэакцыі – адзінкавыя выпадкі на мільёны вакцынаваных. Гэта значна меншыя рызыкі за рызыкі смерці ад ковіду ці грыпу. І нават калі чалавек не баіцца смерці, правесці зіму здаровым прыемней.


Алесь Наваборскі, Юлія Цяльпук belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10